Што не так з візітам беларускага дыктатара ў Кітай і што засталося за прыгожымі кадрамі з ганароваю вартаю ды чырвоным дываном?
Заяц у абдымках цмока
Лукашэнку замарынавалі па-пекінску. Прапаганда цешыцца: ён 15-ы раз наведаў Кітай. Візіт вымучаны, анансаваны даўно, яго доўга не маглі зрэалізаваць. Радасць ад паездкі псуе факт: перад чаканаю размоваю са старшынём КНР Лукашэнку доўга прымушалі чакаць. Амбасадар Снапкоў наагул казаў, што Лукашэнка прыляцеў на сямейны абед. Таварыш Сі ў апошні дзень усё ж прыняў Лукашэнку. Абмяняліся рытуальнымі заявамі. І ўсё. Што хавалася за каменным тварам Сі? Падрабязней – Наста Ільіна.
Якія праблемы ў дачыненнях Менску з Пекінам? Госць праграмы «ПраСвет» – палітолаг, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч.
Рост напружанасці ў Балтыйскім моры.
І Расея, і краіны NATO адначасова праводзяць там свае вучэнні. Крэмль заяўляе, што гэткія захады Паўночнаатлантычнага альянсу сведчаць пра рыхтаванне да вайсковага супрацьстаяння. У Вільні ж зняпраўджваюць чуткі пра тое, што рэгіён могуць пакінуць войскі ЗША, а таксама не бачаць нейкай пагрозы ад будучых расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025». Віталь Бабін.
Рубрыка Змітра Міцкевіча «Лінія фронту»
Дэлегацыя Міністэрства абароны Лукашэнкі на чале з Віктарам Хрэніным – з візітам у Пакістане. Дэлегацыя складаецца з сямёх чалавек, у яе ўвайшоў і камандуючы паветранымі сіламі і войскамі паветранай абароны рэжыму Андрэй Лук’яновіч.
У межах трохдзённага візіту ўжо правялі шэраг сустрэчаў. Гэтак, з міністрам абароны Пакістану Хаўаджам Мухамадам Асіфам Хрэнін абмяркоўваў пытанні ўзаемадзеяння беларускіх вытворцаў аўтамабільнай тэхнікі, а таксама ўсталяванне авіязлучэння паміж Менскам і Ісламабадам.
Таксама ўчора Хрэнін сустракаўся з прэм’ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам, які не так даўно асабіста наведваў Беларусь. Прапаганда рэжыму Лукашэнкі асаблівых дэталяў сустрэчы не разгалошвала, а вось пакістанскія медыі паведамілі, што асноўнымі тэмамі абмеркавання была супраца ў сектары інфармацыйных тэхналогіяў і вайсковай прамысловасці.
Куды вядзе «Павуціна»?
Зяленскі выкарыстаў казырныя карты. Крэмль не паспявае падняць галавы, як ізноў чарговая атака. Украіна не спыняецца. Куды прыляціць чарговы ўдар? Керчанскі мост, самалёты і нават база звестак – расейская авіяцыя пад пагрозаю знішчэння.