Першы чэрвеньскі тыдзень у Беларусі пройдзе пад знакам пераменлівага надвор'я: залевы будуць змяняцца прасветамі, а навальніцы і халодны вецер стануць частымі гасцямі.
Як паведамляе сіноптык Дзмітрый Рабаў, з 2 да 7 чэрвеня да нас будуць цягнуцца вільготныя атмасферныя франты з Атлантыкі і Балканаў – яны і прывядуць з сабой дажджы.
У пачатку тыдня ў большасці рэгіёнаў краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Начамі слупкі тэрмометраў будуць паказваць +9…+15 °C, удзень тэмпература будзе вагацца ад 15 °C на паўночным усходзе да 25 °C на паўднёвым захадзе Беларусі. У аўторак будзе крыху халадней – ад 15 да 21 °C.
Серада абяцае быць адносна спакойнай і без ападкаў, але і тут тэмпература крыху знізіцца: уначы +7…+12 °C, удзень +18…+24 °C.
А вось бліжэй да канца тыдня вільготнае надвор’е зноў возьме верх. Чакаюцца дажджы, месцамі з навальніцамі і ранішнім туманам. У начныя гадзіны – ад 11 да 16 °C, удзень у чацвер +15…+21 °C, у пятніцу – ад 14 да 18 °C.
У выходныя давядзецца пакарыстацца парасонамі: месцамі зноў пройдуць дажджы. Вецер заходні, паўночна-заходні, умераны, а ранкам магчымыя туманы. Уначы +10…+15 °C, удзень у суботу +16…+19 °C, у нядзелю – да 22 °C.
Днямі ў Рэспубліканскім гідраметцэнтры Міністэрства прыроды адзначылі, што ў найбліжэйшыя дні дажджы могуць павялічыць плошчы пераўвільготненых сельскагаспадарчых угоддзяў у Беларусі. Спецыялісты адзначаюць, што ападкі папаўняюць запасы вільгаці ў глебе, асабліва моцна гэта заўважна на паўночным усходзе краіны.
Раман Шавель belsat.eu