У Шальчынінкайскім раёне Літвы, недалёка ад мяжы з Беларуссю, літоўскія памежнікі перахапілі беспілотнік, які перавозіў буйную партыю кантрабандных цыгарэт.
Як паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, апарат прызямлілі вечарам у чацвер у ваколіцах вёскі Сакаліне, піша «Delfi».
Заўважылі дрон, які пралятаў з боку мяжы ўглыб краіны, літоўскія памежнікі з дапамогай спецыяльнага абсталявання прымусілі яго сесці. Падчас пошуку яны знайшлі дрон у лесе ўсяго за 400 метраў ад мяжы.
Да апарата быў прымацаваны вялікі пакунак, які ўтрымліваў шэсць каробак цыгарэт з беларускімі акцызамі – усяго 3 тысячы пачак. Паводле падлікаў, агульны кошт грузу з улікам падаткаў складае каля 14 460 еўра.
Звычайна кантрабандысты выкарыстоўваюць дроны меншай грузапад'ёмнасці, здольныя перавозіць толькі да 400 пачак. Таму гэты выпадак стаў рэдкім выключэннем: «супердрон», як яго назвалі літоўскія памежнікі, мог перамяшчаць значна больш. Паведамляецца, што гэта сельскагаспадарчае абсталяванне, якое пераабсталявалі пад кантрабанду.
У сувязі з інцыдэнтам было распачатае дасудовае расследаванне па факце незаконнага абароту тавараў, абкладаемых акцызамі. Па гэтым артыкуле пагражае штраф або пазбаўленне волі на тэрмін да чатырох гадоў.
Раман Шавель belsat.eu