Шуфлядка

Дэгустацыя хлеба фашысцкіх канцлагераў і 10 удараў па падушцы за Сталіна. Як Беларусь рыхтуюць да 9 мая

Дзеці ў вайсковай форме і з чырвона-зялёнымі шарамі на мерапрыемстве з нагоды святкавання 9 траўня ў Крычаве. Фота: krichevlive.by
Дзеці ў вайсковай форме і з чырвона-зялёнымі шарамі на мерапрыемстве з нагоды святкавання 9 траўня ў Крычаве. Фота: krichevlive.by
podpis źródła zdjęcia

Калі ў свеце 9 мая даўно стала днём памяці і разважанняў, то ў Беларусі гэты дзень па-ранейшаму ўпарта адзначаюць у стылі «Шашлык, парад ваеннай тэхнікі і танк у падарунак дзіцяці». У 2025 годзе ўлады краіны паабяцалі адзначыць 80-годдзе Перамогі на самым высокім узроўні. І на гэты раз яны не хлусілі і ўключылі поўны газ і ўяўленне на 120%.

«Белсат» нырнуў у самыя глыбінкі Беларусі, каб паглядзець, як ідэалагічныя масавікі-забаўнікі прапаноўвалі ўшанаваць памяць загінулых у Другой сусветнай вайне.


Дэгустацыя «блакаднага хлеба» і « хлеба фашысцкіх канцлагераў»


Чыноўнікаў з усёй Беларусі 12 красавіка звезлі на канцэрт-рэквіем «Кожны трэці», над якім дзень і ноч працаваў непераўзыдзены прапагандысцкі дуэт нявесткі Аляксандра Лукашэнкі Ганны Сялук і Ганны Благавай з міліцэйскага аркестра, якія атрымалі свае ўзнагароды на нядаўняй «Песні года Беларусі».


Канцэрт піярылі не горш Капакабаны з выступам Лэдзі Гагі, але ён запомніўся хіба што дэгустацыяй хлеба, якая рушыла пасля. Напрыклад, гасцям канцэрта прапаноўвалі прадэгуставаць «блакадны хлеб» і «хлеб фашысцкіх канцлагераў» з дадаткам шпалернай мукі, апілак і бурачнага жому. На заметку гаспадыньцы: 50 рэцэптаў сабралі гарадзенскія школьнікі, якія выдалі цэлую кнігу з імі.Б

Гасцям канцэрта «Кожны трэці» у Менску прапаноўвалі прадэгуставаць» «блакадны хлеб» і «хлеб фашысцкіх канцлагераў». Скрыншот з відэа: Беларусь за МКАДам у Telegram
Гасцям канцэрта «Кожны трэці» у Менску прапаноўвалі прадэгуставаць» «блакадны хлеб» і «хлеб фашысцкіх канцлагераў». Скрыншот з відэа: Беларусь за МКАДам у Telegram

Пастраляць у гонар міру за палову сярэдняга заробку


У комплексе, названым у гонар аднаго з самых жорсткіх дыктатараў у свеце, кожны год праходзяць традыцыйныя святкаванні Дня Перамогі «для дзясяткаў тысяч жыхароў і гасцей» краіны. За 30 рублёў наведнікаў запрашаюць паглядзець на розную атрыбутыку вайны, а за даплату можна і пастраляць. Напрыклад, пусціць тры кулямётных чэргі за 1700 рублёў (кошты арыенціровачныя) або пастраляць з гарматы з паразай нямецкага танка (кошт аднаго стрэлу – каля 1200 рублёў).


Пры гэтым на сайце ўказана, што ўсе наведнікі, якія набылі квіток на мерапрыемства, атрымаюць код да гульні «Свет танкаў». А каб прастымуляваць хоць нейкую зацікаўленасць, сярод пакупнікоў квіткоў праз сайт разыграюць 30 сертыфікатаў на «пакатушкі» на танку.


Для тых, каму Лініі Сталіна не хапіла, на палігоне пад Барысавым прайшлі спаборніцтвы вайсковай тэхнікі прадстаўнікоў розных атрадаў беларускай арміі, якія «ужо сталі традыцыйнымі». Але сёе-тое сёлета змянілася: тут упершыню пракаціліся танкі з «прадстаўнікамі спецаперацыі».

Рэканструкцыя «Берлінскай аперацыі» на «Лініі Сталіна». 12 красавіка 2025 года. Фота: stalin-line.by
Рэканструкцыя «Берлінскай аперацыі» на «Лініі Сталіна». 12 красавіка 2025 года. Фота: stalin-line.by

Паслухаць дыхавіцу Сярогі і схадзіць на кабарэ


18 красавіка ў Палацы культуры Менскага трактарнага заводу адбыўся «Грамафон Перамогі. Уцёсаў». Галоўным героем гэтага канцэрту стаў былы рэпер (а цяпер – паліттэхнолаг) Сярога, які змяніў свой бумер на трактар МТЗ і стаў выконваць песні з рэпертуару Леаніда Уцёсава «у суправаджэнні Узорна-паказальнага аркестра Узброеных Сіл». Сярозе ўжо не прывыкаць ні да здымкаў з ваенным аркестрам, ні да «Рускага лато», ні да выступленняў на «ТрактарШоу» – пасля пераезду з Украіны ў Беларусь і хвалебных од Лукашэнку ў 2020 годзе ён зарабляе, як умее.

,,

«Калі вы не можаце патрапіць на прыём у адміністрацыю гораду – прыходзьце на мой канцэрт, і вы знойдзеце любога чыноўніка ў першых шэрагах», – хваліцца сваёй цяперашняй аўдыторыяй Сярога.


Мерапрыемства да Дня Перамогі было настолькі маштабным, што справаздачаў пра яго правядзенне на прасторах інтэрнэту нават не знайшлося. Затое высветлілася, што адпачынак Сярога праводзіць у швейцарскім Лугана, а трубы аркестра Узброеных сіл яму патрэбныя, каб зручна правозіць нешта праз мытню (якую ён, дарэчы, праходзіць без чаргі).

Сярога змяніў амплуа рэпера на паліттэхнолага, а бумер – на трактар. Фота: seryoga music / Instagram.com
Сярога змяніў амплуа рэпера на паліттэхнолага, а бумер – на трактар. Фота: seryoga music / Instagram.com

А для тых, у каго яшчэ застаўся порах у парахаўніцах, менскі клуб «Мулен Руж» падрыхтаваў да Дня Перамогі аднайменны шоу-балет. Ветэранам зніжкі на ўваходзе (але гэта не дакладна).

Крыніца: instagram.com / moulin_rouge.minsk
Крыніца: instagram.com / moulin_rouge.minsk

Рэйхстаг у цэнтры Горадні


4 мая Палац культуры тэкстыльшчыкаў на плошчы Савецкай у Горадні пераабсталявалі ў «Рэйхстаг», каб 20 хвілін «штурмаваць» яго і ў выніку ўсталяваць туды чырвоны сцяг з сярпом і молатам. Мясцовы канал паведаміў, што паглядзець на гэта прыйшлі «тысячы гледачоў» і яшчэ «20 000 убачылі пастаноўку ў жывым эфіры». «Унутры будынку разгарнуліся не бутафорскія дзеянні, усё было максімальна рэалістычна: і «выбухі», і «стрэлы». Арганізатары былі здзіўленыя і захопленыя, што змаглі знайсці ідэальна прыдатны будынак для рэканструкцыі ў цэнтры гораду», – гаварылася ў сюжэце.


Старшыня Гарадзенскага гарвыканкаму Андрэй Хмель, стоячы пасярод руін, падзякаваў «губернатару» за гэты «велізарны падарунак гораду».

4 мая Палац культуры тэкстыльшчыкаў на плошчы Савецкай у Горадні пераабсталявалі ў «Рэйхстаг». Фота: grodno plus / telegram
4 мая Палац культуры тэкстыльшчыкаў на плошчы Савецкай у Горадні пераабсталявалі ў «Рэйхстаг». Фота: grodno plus / telegram

Усё лепшае – дзецям. Роля вайскоўцаў і ўдоў, выкопванне ям і вахты ля помніка


Калі прыгледзецца, становіцца не па сабе ад упартасці, з якой ідэолагі хочуць навучыць вайне дзяцей. Хоць для дзяцей ужо адкрылі «ваенна-патрыятычнага клубы» у школе, перапісалі падручнікі па гісторыі і праводзяць ваенна-патрыятычныя ўрокі, да 9 мая ўсё гэта дайшло да свайго апафеозу.


Яшчэ ў сакавіку выхаванцаў дзіцячага садка ў Наваградку выпацкалі сажай, надзелі на іх бабуліны хустачкі і папрасілі ўзяць з сабой цацкі, каб ушанаваць Дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі. Выхаваўцы пры гэтым з журботным выглядам трымалі свечку над дзецьмі.

Выхаванцы дзіцячага садка ў Наваградку прыйшлі ўшанаваць ахвяры Хатынскай трагедыі. Фота: novogrudok.brsm / instagram.com
Выхаванцы дзіцячага садка ў Наваградку прыйшлі ўшанаваць ахвяры Хатынскай трагедыі. Фота: novogrudok.brsm / instagram.com

Ашмянскі БРСМ і зусім валодае невычэрпным энтузіязмам, мяркуючы па яго сацыяльных старонках. Нядаўна вучняў школы ў Жупранах у рамках акцыі да 9 мая адправілі «Сцежкай памяці» – да помніка Дзмітрыю Гарбунову ў суседняй вёсцы (знайшлося ўсяго сямёра жадаючых). Днём раней пяць вучняў гэтай жа школы пасадзілі не вельмі жыццяздольны саджанец у рамках акцыі «Алея памяці», потым пісалі «дыктоўку перамогі».

Школьнікі пісалі «дыктоўку перамогі» пад дыктоўку ашмянскага БРСМ. Фота: brsm_oshmiany / telegram
Школьнікі пісалі «дыктоўку перамогі» пад дыктоўку ашмянскага БРСМ. Фота: brsm_oshmiany / telegram

Але ўсё гэта кветачкі ў параўнанні з тым, што перажываюць школьнікі Гомельскай вобласці, бо пра мясцовых ідэолагаў-ударнікаў даўно складаюцца легенды. Напрыклад, выхаванцаў ваенна-патрыятычных класаў і клубаў у Гомлі, кадэцкага вучылішча і ліцэю МНС увесь год навучалі маршыраваць, каб 9 мая тыя паказалі сваё майстэрства на парадзе ў Менску.

Гомельскіх школьнікаў паставілі несці вахту 80 дзён. Фота: newsgomel.by
Гомельскіх школьнікаў паставілі несці вахту 80 дзён. Фота: newsgomel.by

Пры гэтым гомельскія і гарадзенскія школьнікі і так штодня праходзяць «вахты памяці»: маршыруюць вакол вайсковых пахаванняў і помнікаў. Кожныя 15 хвілін – новая змена, на якую заступаюць па сем чалавек.


Тым часам у школе № 42 Гомля прайшла цікавая акцыя пад назвай «Мелодыя Перамогі», якая заключалася ў «пасадцы шарападобных туй». Праўда, дзеці ці то падышлі да задання занадта адказна, ці то шмат думалі пра дырэктара школы, але ў выніку выкапалі пагрозліва вялікую яму.

Акцыя «Мелодыя перамогі» у школе № 42 Гомля, якая складалася ў «пасадцы шарападобных туй». Фота: https://school42gomel.by/
Акцыя «Мелодыя перамогі» у школе № 42 Гомля, якая складалася ў «пасадцы шарападобных туй». Фота: https://school42gomel.by/

Пасля гэтага шчаслівых дзяцей у рамках акцыі «Караблік надзеі» яшчэ і звадзілі ў музей «Дзецям – ахвярам вайны», каб паглядзець, як выжывалі дзеці ў канцлагерах.

Пасля гэтага шчаслівых дзяцей у рамках акцыі «Караблік надзеі» яшчэ і звадзілі ў музей «Дзецям – ахвярам вайны». Фота: gomel-region.gov.by
Пасля гэтага шчаслівых дзяцей у рамках акцыі «Караблік надзеі» яшчэ і звадзілі ў музей «Дзецям – ахвярам вайны». Фота: gomel-region.gov.by

Тым часам зусім маленькім дзецям з «Бальшавіцкага санаторнага дзіцячага садка Гомельскага раёну» (што б гэта ні было), распавялі, што такое салдаты. Але нешта пайшло не так, і дзеці зрабілі цікавую выснову: «Пашанцавала ж яму [таце]! Ён бачыў сапраўдных салдат!»- сказала адна з дзяўчынак.


Дзецям гэтага «санаторнага дзіцячага садка» у Гомельскай вобласці наогул не пазайздросціш: крыху раней іх ужо пераапраналі ў вайсковую форму ў гонар «36-й гадавіны вываду абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў з Дэмакратычнай Рэспублікі Афганістан».

Дзяцей «санаторнага дзіцячага садка» у пасёлку Бальшавік Гомельскай вобласці пераапранулі ў вайсковую форму ў гонар вываду савецкіх войскаў з Афганістану. Фота: instagram.com/bolshevikselisp
Дзяцей «санаторнага дзіцячага садка» у пасёлку Бальшавік Гомельскай вобласці пераапранулі ў вайсковую форму ў гонар вываду савецкіх войскаў з Афганістану. Фота: instagram.com/bolshevikselisp

Старэйшым школьнікам таксама дасталася ад ідэолагаў. Напрыклад, вучні 8А класа пасёлка Бальшавік прынялі ўдзел у фестывалі-конкурсе «Вянок славы» і прынеслі вянок да свежапафарбаванага помніка героям, які яшчэ нядаўна ззяў лялечна-ружовым колерам.


Зрэшты, шмат што становіцца зразумелым, калі паглядзець, як экскурсавод мясцовага музею ласкава гладзіць аўтамат «Папаша», запрашаючы, хто жадае, на экскурсію да Дня Перамогі.

Экскурсавод музею г/п Бальшавік дэманструе аўтамат «Папаша», запрашаючы тых, хто жадае, на экскурсію да Дня Перамогі. Фота: bolshevik school / telegram
Экскурсавод музею г/п Бальшавік дэманструе аўтамат «Папаша», запрашаючы тых, хто жадае, на экскурсію да Дня Перамогі. Фота: bolshevik school / telegram

Тым часам у Крычаве прайшоў конкурс «Франтавая канцэртная брыгада» з намінацыямі накшталт «Дзякуй дзеду за Перамогу» і «Канцэрт – фронту». Для ўдзелу ў ім дзяцей пераапраналі ў зялёную вайсковую форму, а дзяўчынкі гралі ўдоў у чорных хустачках.

Конкурс «Франтавая канцэртная брыгада» у Крычаве. Фота: krichevlive.by
Конкурс «Франтавая канцэртная брыгада» у Крычаве. Фота: krichevlive.by

І на дэсерт – новы мурал у Гомельскай вобласці, на якім чалавек у вайсковай форме з лапатай вядзе дзяўчынку за руку на фоне лесу. Такі «арт-аб'ект на лясную тэматыку» ад Міністэрства лясной гаспадаркі зʼявіўся ў Валожыне, Кобрыне і Магілёве і на самай справе «папулярызуе лясныя прафесіі і беражлівыя адносіны да лесу», а не тое, што вы падумалі.

Новыя «арт-аб'екты на лясную тэматыку» ад Міністэрства лясной гаспадаркі зʼявіліся ў Гомельскай вобласці. Фота: mogilevnews.by
Новыя «арт-аб'екты на лясную тэматыку» ад Міністэрства лясной гаспадаркі зʼявіліся ў Гомельскай вобласці. Фота: mogilevnews.by

Фізкультхвілінка. 10 разоў ударыць нагамі па падушцы ў гонар «10 сталінскіх удараў»


Бліжэй да мая градус энтузіязму ідэолагаў напаляўся і імем перамогі сталі менаваць усё, аж да спартыўных мерапрыемстваў. Так, з 16 па 19 красавіка ў Беларусі прайшлі «Рэспубліканскія спаборніцтвы па веславанні на байдарках і каноэ памяці абаронцаў Берасцейскай крэпасці». У абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па веславанні сказалі, што гэты «турнір ужо з традыцыямі і ў яго закладзены глыбінны сэнс: не толькі паспаборнічаць, але і ўшанаваць памяць абаронцаў». Як звязаныя абаронцы крэпасці і веславанне, не ўдакладняецца.


У мемарыяльным комплексе «Баграціён» у Гомельскай вобласці прайшоў маштабны аўтамотапрабег, які арганізаваў МУС, на якім гасцей частавалі... вадой і хлебам.


А ля Кургана Славы ў Гомлі 5 мая зладзіў свой «Марш памяці» АМАП. Спачатку яны калонай у асяроддзі вайсковай тэхнікі, супрацоўнікаў-ветэранаў і дзяцей з вайскова-патрыятычнага клубу «Сокал» ішлі па горадзе, а потым паклалі кветкі да бюстаў Канстанціна Барысенкі і Эдуарда Сярогіна. Не адыходзячы ад помніка, усміхаліся і ўзнагароджвалі адзін другога пакецікамі з надпісам ZIKO.

У Гомельскай вобласці прайшоў аўтамотапрабег, які арганізаваў МУС, на якім гасцей частавалі вадой і хлебам. Фота: krichevlive.by
У Гомельскай вобласці прайшоў аўтамотапрабег, які арганізаваў МУС, на якім гасцей частавалі вадой і хлебам. Фота: krichevlive.by

Але далей за ўсіх у любові да спорту пайшлі ідэолагі Упраўлення спорту і турызму Менскага аблвыканкаму. Чыноўнікі зрабілі штодзённы чэлендж у гонар 80-годдзя Перамогі, дзе кожны дзень трэба было выконваць фізічныя практыкаванні, каб ушанаваць памяць герояў.


Напрыклад, першае практыкаванне называлася «22 крокі на месцы» і адсылала да даты нападу Германіі на СССР, у другім практыкаванні трэба пратрымацца 10 секунд у позе «крэселка» у памяць пра першыя 10 дзён абароны Берасцейскай крэпасці. На трэці дзень гэтага неверагоднага чэленджа падпісчыкам старонкі прапанавалі пратрымацца 125 секунд, стоячы на адной назе з кнігай на галаве і рукамі ў бакі ў памяць пра «125 грамы хлеба – мінімальнай норме выдачы ў самыя цяжкія дні» у блакадным Ленінградзе.


Кожнае з гэтых выпрабаванняў у першую чаргу прымушае падумаць пра псіхічны стан ідэолагаў Упраўлення спорту і турызму Менскага аблвыканкаму. Вось некаторыя практыкаванні: 10 разоў ударыць нагамі па падушцы ці чаму-небудзь мяккаму ў гонар «10 сталінскіх удараў», зрабіць 27 паўтораў на прэс у гонар 27 мільёнаў загінулых у СССР, 20 разоў скокнуць у гонар контрнаступлення пад Масквой, 10 разоў паўтарыць практыкаванне «Кошык» у гонар узняцця сцяга над Рэйхстагам, пахадзіць у паўпрысядзе ў гонар партызанскіх атрадаў і зрабіць практыкаванне «Лодачка» у памяць пра героя, якога аблілі вадой на марозе ў канцлагеры і пакаралі смерцю ў 1941 годзе.


Песні пад баян для ветэрана, які ляжыць і не чуе


Мясцовыя ўлады здаўна ўспамінаюць ветэранаў раз-другі ў год і прыходзяць да іх з гваздзікамі, макаронамі і фотаапаратам, які пасля пацвердзіць асабліва важны візіт для мясцовай газеты. Цяпер мала што памянялася: мяркуючы па фота, старшыні выканкамаў у сініх касцюмах сабе не змяняюць і раз на год нясуць нешматлікім ветэранам, якія засталіся, пакет з таннымі макаронамі і печывам.

Крычаўскія чыноўнікі пазіруюць для мясцовай газеты падчас святкавання мерапрыемстваў з нагоды 80-годдзя Перамогі. Фота: krichevlive.by
Крычаўскія чыноўнікі пазіруюць для мясцовай газеты падчас святкавання мерапрыемстваў з нагоды 80-годдзя Перамогі. Фота: krichevlive.by

Сёлета вылучыўся хіба што старшыня Менскага райвыканкаму Уладзімір Юргевіч з дэлегацыяй чыноўнікаў і вайскоўцаў, які вельмі нестандартна павіншаваў 103-гадовага ветэрана з Заслаўя Івана Сурвілу. Па словах сваякоў ветэрана, ён апошнія некалькі гадоў не бачыць і не чуе, а з 2023 года не ўстае з ложка. Да надыходзячага 9 мая дэлегацыя зладзіла яму «па-сапраўднаму кранальную і цёплую сустрэчу» – праспявалі песню пад баян.


«На жаль, сіл, каб як раней паціснуць руку гасцям, у Івана Антонавіча ўжо няма. Але песню «Дзень Перамогі», якую для дарагога ветэрана выконвалі пад баян супрацоўнікі дзіцячай школы мастацтваў, ён даспяваў да канца з усімі прысутнымі!», – сцвярджалася ў справаздачы пра візіт.

Старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч віншуе ветэрана з Заслаўя Івана Сурвілу. Фота: pristalica.by
Старшыня Мінскага райвыканкама Уладзімір Юргевіч віншуе ветэрана з Заслаўя Івана Сурвілу. Фота: pristalica.by

Пасля шквалу абураных каментароў у TikTokу мясцовы старшыня пакрыўдзіўся на тых, хто сказаў «цяпер зразумела, куды сыходзяць нашы грошы – на паказуху». Відэа з ветэранам выдалілі, а свежыя фота замянілі на старыя, дзе ветэран выглядае больш бадзёрым.


Манумент перамогі з пенапласту і іншая самадзейнасць


У Навасельскім цэнтры культуры і вольнага часу паставілі манумент – «паменшаную копію» манументу Перамогі ў Менску.


«Чатыры метры велічы, адлітыя ў пенапласце і фарбе, сталі новым пунктам прыцягнення для ўсіх, хто памятае, хто шануе і не забывае», – апісала гэта раённая газета «Пристоличье».

Прыпынак у вёсцы Какава пад Менскам, які назвалі «музеем пад адкрытым небам». Фота: pristalica.by
Прыпынак у вёсцы Какава пад Менскам, які назвалі «музеем пад адкрытым небам». Фота: pristalica.by

А дзесьці там непадалёк стаіць прыпынак, які зрабілі «музеем пад адкрытым небам», у мілітары-стылі.


«Гэты праект – наш уклад у захаванне памяці. І мы радыя, што нават звычайны прыпынак можа стаць часткай гісторыі», – мяркуюць арганізатары.


Тэса Анейда / ІР belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10