навіны

Кітай запусціў інтэрнэт 10G

Жанчына праходзіць каля крамы «China Unicom», дзе прадстаўленыя паслугі 5G і акцыі брэнду «HONOR», якія падкрэсліваюць дасягненні Кітаю ў галіне мабільных тэхналогіяў. Чунцін (Chongqing), Кітай. 26 кастрычніка 2024 года. Фота: Cheng Xin / Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Cheng Xin / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Кітай абвесціў пра запуск першага інтэрнэту 10G. Кампанія «Huawei» разам з аператарам «China Unicom» стварыла шырокапалосную кабельную сетку ў акрузе Сюнань правінцыі Хэбэй. Гэты рэгіён побач з Пекінам разглядаецца як адзін з ключавых тэхналагічных хабаў Кітаю. Назва новага інтэрнэту – 10G – уносіць блытаніну.

«Важна адзначыць што сетка 10G – гэта не мабільны інтэрнэт. Бо мы прывыклі, што ёсць 2G, 3G, 4G, 5G, і звычайна гэта класіфікацыя ідзе з пункту гледжання мабільнага інтэрнэту. Гэта наземны кабельны інтэрнэт, які дазваляе мець хуткасць доступу 10 гігабіт на секунду», – падкрэслівае эксперт у лічбавай бяспецы Мікалай Кванталіяні.


Хуткасць сапраўды ўражвае. Да прыкладу, заладоўванне фільму ў фармаце 4K памерам каля 20 гігабайтаў зойме менш за 20 секундаў. Разлічаная новая тэхналогія на падтрыманне праектаў з высокаю затратаю рэсурсаў, гаворыцца на сайце мясцовых уладаў акругі Сюнань:

,,

«У побыце становяцца даступнымі відэа ў фармаце 8К, маштабныя онлайн-гульні і 3D-кантэнт. У адукацыі – стабільнае і высакаякаснае онлайн-навучанне. У прамысловасці – дакладны кантроль і маніторынг абсталявання ў рэальным часе. На платформах жывой трансляцыі – хуткая перадача відэа высокай якасці і эфект поўнага заглыблення для гледачоў».


Але Кітай не адзіная і не першая краіна, што дасягнула такой хуткасці перадачы інфармацыі. Да прыкладу, у Японіі дастаўцы тэлекамунікацыйных паслугаў прапаноўвалі абанентам 10 гігабіт на секунду яшчэ ў 2020-м, а ў Паўднёвай Карэі – у 2018-м, што праўда, нятанна. У нашай краіне, паводле выдання ibmedia.by, для карпаратыўных кліентаў максімальная хуткасць сёння – гэта адзін гігабіт за секунду, а для фізічных асобаў – удвая павольней, 400–600 мегабіт за секунду. Ці трэба Беларусі больш?

,,

«Мае быць эканамічная мэтазгоднасць і тэхнічныя задачы, якія б вырашала краіна, дзеля таго каб гэтая інфраструктура была б карыснай і выгаднай эканамічна для краіны. IT-бізнес спрабуе хутчэй рэлакавацца з краіны, чым вярнуцца ў краіну, што можа ўплываць на тое, што найхутчэй такія хуткасці могуць не акупляцца за кошт інвестыцыяў», – кажа Мікалай Кванталіяні.


Ды і Кітай сёння гэтым праектам не падымаецца на новую прыступку прагрэсу, адзначае прадстаўнік даследніцкага цэнтру «MD Academicum» Яраслаў Кот:


«Не толькі ж хуткасць інтэрнэту павінна ўлічвацца. Яшчэ і хто мае доступ да такога інтэрнэту, як распаўсюджаны ў краіне. Гэта больш такі палітычны піяр, і перш за ўсё, калі мы гаворым пра Кітай, мы не можам ведаць, ці ўсё так, як яны распавядаюць, трэба заўсёды глядзець, што там адпавядае рэчаіснасці». 

 

Што да негатыўных наступстваў такіх праектаў, то ўсё залежыць ад таго, якая краіна валодае тэхналогіяй, кажа адмыслоўца. І на што ў першую чаргу выкарыстае гэты рэсурс – на адукацыю, медыцыну, узбраенне ці прапаганду. 



Ірына Дарафейчук belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10