Да 30 красавіка наёмныя работнікі ў Польшчы могуць падаць або скарэктаваць свае падатковыя дэкларацыі онлайн, каб атрымаць вяртанне падаткаў. «Белсат» простаю моваю апавядае, як і навошта запаўняць падатковыя дэкларацыі (спойлер – гэта нескладана і ў вашых жа інтарэсах).
Што такое PIT і дзе яго знайсці?
PIT (Personal Income Tax) – гэта падатак на даходы фізічных асобаў у Польшчы, але найчасцей пад ім маюць на ўвазе форму падатковай дэкларацыі для такога даходу.
Формы для падатковых дэкларацыяў можна знайсці ў асабістым кабінеце падаткаплатніка. Але для гэтага вам трэба падключыць сістэму аддаленай аўтэнтыфікацыі – «profil zaufany». Падключыць яе трэба адзін раз – аддалена праз банк (вось пакрокавая інструкцыя) або ў найбліжэйшай падатковай управе (калі не ўдалося зрабіць гэтага аддалена), а пасля – толькі ўводзіць звесткі.
Чым адрозніваецца PIT-11, PIT-36 і PIT-37?
У адрозненне ад Беларусі, у Польшчы для розных крыніцаў даходу могуць спатрэбіцца розныя дэкларацыі PIT. Самыя распаўсюджаныя падатковыя дэкларацыі для фізічных асобаў – PIT-11, PIT-36 і PIT-37, а таксама PIT-28 для прадпрымальнікаў.
PIT-11 робіць ваш працадаўца: ён адлюстроўваецца ў вашым кабінеце і прыходзіць у паштовую скрыню на паперы. У ім паказаны агульны даход за мінулы год у канкрэтнай працы (калі іх некалькі, то ад кожнай будзе асобная дэкларацыя).
А вось PIT-37 вы разлічваеце самастойна на аснове PIT-11, у выпадку, калі вам трэба ўнесці змены: указаць дадатковыя даходы або няўлічаныя ў сістэме ільготы.
Калі вы маеце нерэгулярныя падпрацоўкі, то трэба ведаць і пра PIT-36: гэтая дэкларацыя падаецца якраз на выпадак незарэгістраванай дзейнасці (гэта значыць, такой, пры якой не трэба адкрываць ІП). Калі ліміт вашых заробкаў у такой дзейнасці не перавышае 3499,5 злотага за месяц, вы можаце распісаць усе свае дадатковыя даходы за месяц у PIT-36. З сумы да 30 тысячаў злотых за год у такой дзейнасці падатак плаціць не трэба, плюс яна не сумуецца з астатнімі даходамі.

Навошта ўсё гэта? У Беларусі нічога не трэба падаваць – усё само працавала
У Польшчы падатковая сістэма збудаваная інакш, тут вы плаціце падаткі авансам. Гэта значыць, з кожнага вашага заробку бяруцца сумы, якія потым пойдуць на пагашэнне падатку за год. А падатковыя стаўкі залежаць ад агульнага гадавога даходу, таму праз год можа апынуцца, што вы пераплацілі (тады вам вернуць пераплаты) або недаплацілі (тады вы даплоціце).
Таксама падатковая не валодае звесткамі пра ўсе вашыя падатковыя ільготы за мінулы год, акрамя дададзеных у сістэму раней (напрыклад, ільготы на дзяцей).
Некаторыя ільготы трэба адзін раз наладзіць: напрыклад, каб ахвяраваць кожны год да 1,5 % сваіх падаткаў на выбраную вамі, а не падатковаю, дабрачынную арганізацыю.
Яшчэ адзін важны момант: у Польшчы можна падаваць дэкларацыю як супольна з сужэнцам, так і асобна, і ад гэтага таксама могуць вельмі моцна залежаць вашыя падаткі. Напрыклад, выгадна падавацца супольна, калі ў вас істотная розніца ў даходах: у аднаго гадавы даход большы за 120 тысячаў злотых у год, а ў другога – меншы. Тады даходы сумуюцца, і з сумы да 240 тысячаў не трэба будзе плаціць павышанага падатку 32 %.
Калі ж вы нідзе не працуеце, то і дэклараваць вам няма чаго. Калі вы працуеце ў звычайным найме, не атрымлівалі ў мінулым годзе ніякіх буйных падарункаў або іншага даходу, якія трэба дэклараваць, можаце таксама нічога не рабіць – вашая дэкларацыя таксама аўтаматычна адправіцца ў падатковую.
Калі вам меней за 26 гадоў і ваш даход за год не перавысіў 85 528 злотых, вы таксама можаце не падаваць гадавой дэкларацыі (гэты даход не абкладаецца падаткам). Выключэнне – калі вашыя дадатковыя даходы ад прадпрымальніцкай дзейнасці, «umowa o dzieło» або ад аўтарскіх правоў склалі больш за 30 тысячаў злотых за год.
Ува ўсіх астатніх выпадках раім трохі паглыбіцца ў працэс – гэта нескладана, на сайце ўсё інтуітыўна зразумела.
Якія ільготы могуць быць?
Калі вам менш за 26 гадоў, вы пенсіянер або падавалі дакументы пра сваіх дзяцей працадаўцы, адпаведныя ільготы ўжо будуць унесеныя ў сістэму. У астатніх выпадках лепш пашукаць прыдатныя ільготы, якіх нямала. Напрыклад, ёсць для донараў крыві, на аплату інтэрнэту, перанавучанне, уцяпленне дому і г. д.

Як і куды падаць дэкларацыю?
Падаваць PIT-37 трэба штогод з 15 лютага да 30 красавіка. Убачыць і змяніць пры неабходнасці сваю дэкларацыю можна на сайце польскай падатковай службы, або праз правераныя іншыя сэрвісы, як «Twój e-PIT».
Калі карэктаваць нічога не трэба, трэба зайсці ў сістэму і націснуць «Адправіць» PIT-37. Чым хутчэй адправіць дэкларацыю, тым хутчэй вам вернуць пераплачаны падатак (калі вы пераплацілі).
Я не адправіў дэкларацыю своечасова: што цяпер?
Калі самастойна не адправіць дэкларацыю, ваш PIT-37 адправіцца сам, але без уліку індывідуальных ільготаў або іншых вашых даходаў.
Калі вы нешта забыліся пазначыць ці паказалі няправільна, можна адкарэктаваць сваю дэкларацыю цягам 5 гадоў ад канца каляндарнага года, за які падавалася тая дэкларацыя. Але калі вы памыліліся ў шкоду падатковай, лепш выправіць не пазней за шэсць месяцаў з даты падачы PIT'у. Каб зрабіць змену, трэба паўторна запоўніць PIT, указаўшы «korekta» з пункце 10.
А вось калі ў вас былі іншыя даходы, якія трэба было пазначыць у PIT-36 або іншых дэкларацыях, усё больш складана. Гадавы даход памерам не больш за 30 тысячаў злотых не абкладаецца падаходным падаткам, але яго трэба задэклараваць.
Калі ж вам трэба было заплаціць падатак, але вы не падалі дэкларацыю, гэта можна зрабіць пазней. Але тады прыйдзецца выплаціць пеню (яе можна разлічыць з дапамогаю калькулятара або падатковая налічыць сама), а яшчэ юрысты раяць напісаць у падатковую ліст з выбачэннем за пратэрмінаванне («czynny żal»). У такім выпадку вам, хутчэй за ўсё, не налічаць штрафу.
Тэса Анейда / IР belsat.eu