навіны

Вялікдзень без нармальнай бульбы на стале? Што ў Беларусі адбываецца з цэнамі на гародніну?

Бульба ў краме. Фота: unsplash.com
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: unsplash.com
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі працягваецца крызіс з папулярным караняплодам. Больш за тое, нягледзячы на шматлікія інспекцыі ўладаў у крамах, з паліцаў знікаюць капуста і цыбуля. Спецыяльнай пастановай урад падвысіў адпускныя цэны, каб беларускім вытворцам было выгадна прадаваць свой тавар на радзіме. Ці дапаможа гэта развязаць праблему?

Рабочы ўсталёўвае сцяг ЕЗ на будынку Запарожскай гарадской рады ў Запарожжы, Украіна, 16 красавіка 2025 года. Фота: Dmytro Smolienko/Ukrinform/NurPhoto via Getty Images

«Ядравыя рэактары», машыны і мэбля. Як змяніўся гандаль Беларусі з ЕЗ пасля пачатку вайны

Аналітыка

«У мяне пытанне, чаму ва ўсіх крамах знікла капуста, ёсць толькі пекінская 6,49»; «Агуркі, памідоры, а капусты звычайнай белакачаннай няма – во пекінская» – такіх ролікаў шмат у беларускім ТыкТоку ўжо некалькі тыдняў. Не дапамагаюць і захады ўладаў – прынамсі пакуль.

На святочны стол беларусаў гародніна паспее – у неабходнай колькасці і за адэкватныя цэны. Гэтак запэўнівае Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ).

«Урадам прынятыя аператыўныя меры дзеля развязання сітуацыі, якая паўстала з-за дыспарытэту цэнаў з суседнімі краінамі. Гэтаксама Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання і гарвыканкамам пацверджана, што ў стабілізацыйных фондах ёсць дастатковыя запасы бульбы і іншай гародніны для забеспячэння ўнутранага рынку», – каментуе сітуацыю Дар'я Палазкова з МАРГ.

Згодна з пастановай Савету Міністраў максімальныя адпускныя цэны на гародніну ў сярэднім павысяцца на 30 %. А гэта значыць, што айчынным вытворцам будзе больш выгадна прадаваць сваю гародніну айчынным крамам – і ў іх нарэшце з'явіцца беларуская бульба. Сёння цэны на бульбу праз онлайн-дастаўку вагаюцца ад 1,11 рубля да 3,99 рубля, у залежнасці ад крамы і тыпу прадукту.

Анастасія Лузгіна, экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC, кажа: «Гэтае падвышэнне – наколькі яно стабілізуе сітуацыю? У нейкай ступені магчыма, бо цэны ўсё роўна вырастуць. Але зноў-такі, аптымальным застаецца ўсё ж такі рынкавае рэгуляванне, а не вось гэтае адміністратыўнае».

Паводле экспертаў, праблемы з гароднінай у беларускіх крамах паўсталі таму, што летась у Беларусі быў неўраджай, і таму цяпер, пакуль яшчэ не пачаўся сезон, у крамах прадавалася пераважна імпартная і таму больш дарагая гародніна.

«Беларусь не самадастатковая ў гэтых прадуктах, а залежная ад імпарту. Раней была Украіна, Польшча, адкуль сельскагаспадарчая прадукцыя ішла ў Беларусь, цяпер засталася толькі Расея», – тлумачыць эканаміст Алесь Чайчыц.

Паводле ж МАРГ, адной з прычынаў росту цэнаў у Беларусі ў першым квартале была высокая інфляцыя ў Расеі. Сярод іншых прычынаў росту цэнаў у Беларусі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю называе: падаражэнне тавараў у свеце, змену пастаўнікоў, сезонны рост цэнаў на некаторыя прадукты і тое самае паслабленне рэгулявання цэнаў, якое мусіць дазволіць вярнуць гародніну на айчынны рынак.

«Беларусь застаецца ў доўгатэрміновым кволым крызісе, звязаным з фундаментальнымі прычынамі: у Беларусі састарэлая эканоміка з дзяржаўным сектарам неэфектыўным, закрытая ад сваіх галоўных партнёраў, якія маглі быць і рынкамі збыту, і крыніцамі інвестыцыяў», – кажа эканаміст Алесь Чайчыц.

З пачатку года спажывецкія цэны ў Беларусі выраслі амаль на 2,8 %, а за год – на 5,9 %. Што праўда, гэта стан на сакавік, і гэтыя лічбы не паказваюць росту цэнаў пасля адмены іх рэгулявання.

Аліна Скрабунова belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10