На дыялекталагічнай канферэнцыі, якую ладзіць Інстытут украінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, забаранілі выкарыстанне беларускай мовы як адной з працоўных – побач з расейскай. «Белсат» разбіраўся, чаму так адбылося.
Інстытут украінскай мовы Нацыянальнай акадэміі навук Украіны абвясціў правядзенне міжнароднай навуковай канферэнцыі «Дыялекты ў сінхраніі і дыяхраніі», што адбудзецца 9–10 кастрычніка 2025 года ў Кіеве.
Аднак у афіцыйным паведамленні арганізатараў выразна пазначана: працоўнымі мовамі канферэнцыі будуць украінская, іншыя славянскія (акрамя расейскай і беларускай) і англійская. Такім чынам, беларуская мова афіцыйна выключаная з пераліку моваў, на якіх удзельнікі могуць рэпрэзентаваць свае даследаванні.
Тэмы канферэнцыі ахопліваюць шырокі спектр дыялекталагічных напрамкаў – ад метадалогіі і новай эмпірычнай базы да дыялектнай лексікаграфіі і лінгвагеаграфіі. Усе гэтыя кірункі традыцыйна важныя і для беларускага мовазнаўства, аднак самі беларускамоўныя даследнікі не маюць магчымасці паўдзельнічаць у падзеі на сваёй роднай мове.
«Белсат» датэлефанаваўся да арганізатараў канферэнцыі і паспрабаваў высветліць, чаму так адбылося.
На пытанне журналіста пра тое, чаму беларуская мова трапіла ў лік забароненых на канферэнцыі, сакратарка аргкамітэту Людміла Калеснік адказала, што такую пастанову выдаў прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук.
,,«Вы разумееце, у нас ёсць пастанова прэзідыуму нашай акадэміі пра тое, што мы наогул не маем права супрацоўнічаць з установамі расейскімі і беларускімі», – адказала прадстаўніца аргкамітэту і дадала, што «яны [акадэмія] ужо абавязаныя такія ўмовы выстаўляць».
Падчас размовы спадарыня Калеснік не змагла спаслацца на дакладны дакумент, які вызначае такую забарону, папрасіўшы даслаць асобны ліст для ўдакладнення.
Імаверна, гаворка вядзецца пра пастанову прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук Украіны № 22 ад 24 студзеня 2024 года пад назваю «Аб недапушчальнасці ўдзелу ў рыхтаванні выдавецкай прадукцыі з навукоўцамі, афіляванымі з установамі Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь».
У гэтым дакуменце падкрэсліваецца неабходнасць спынення любой супрацы з навукоўцамі, звязанымі з расейскімі ці беларускімі навуковымі ўстановамі, а таксама з выданнямі і выдаўцамі гэтых краінаў. Забараняецца, у прыватнасці, суаўтарства, рэцэнзаванне, уваходжанне ў склад рэдакцыйных калегіяў, навуковых, рэдакцыйных і назіральных радаў. Таксама працаўнікі НАН Украіны мусяць спыніць усе супольныя публікацыі з прадстаўнікамі ўстановаў Расеі і Беларусі.
На пытанне, ці распаўсюджваецца забарона толькі на беларускія навуковыя арганізацыі і ці могуць браць удзел у канферэнцыі навукоўцы як прыватныя асобы, Людміла Калеснік удакладніла, што ў апошняй канферэнцыі, якую праводзіла Нацыянальная акадэмія навук Украіны, навукоўцы з Беларусі бралі ўдзел, але пазіцыянавалі сябе як незалежныя даследнікі.
,,«А цяпер мы не можам друкаваць беларускіх навукоўцаў. Магчыма, калі мы аформім як незалежных даследнікаў… Вы ведаеце, я б з радасцю хацела вам дапамагчы, каб вы ўзялі ў нас удзел. Але гэты момант нам яшчэ трэба будзе высветліць з нашай дырэкцыяй. Проста каб у нас не было юрыдычных праблемаў. На жаль», – адказала прадстаўніца аргкамітэту.
На пытанне, ці вядома прадстаўнікам Нацыянальнай акадэміі навук Украіны пра тое, што ў Беларусі беларускую мову душыць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, суразмоўца адказала станоўча.
,,«Так, мы таксама гэта ўсё разумеем, мы таксама гэта ведаем. Мы ж супрацоўнічалі з беларускімі навукоўцамі… Мы гэта ўсё як людзі разумеем. Але проста ёсць жа гэтыя дакументы, таму мы так трошкі імі абмежаваныя», – сказала прадстаўніца аргкамітэту канферэнцыі.
«Белсат» даслаў ліст у Нацыянальную акадэмію навук Украіны на адрас арганізатараў канферэнцыі, каб удакладніць, на падставе якіх дакументаў беларуская мова выключаецца з пераліку моваў канферэнцыі. Як толькі прыйдзе адказ, мы абавязкова пра гэта паведамім.
Раман Шавель belsat.eu