Аналітыка

Сэканд-хэнды вяртаюцца: улады адмянілі забарону на ўвоз, пакупнікі радыя

Крама сэканд-хэнд «МодаМакс». Бабруйск, Беларусь. 22 траўня 2016 года. Фота: bobr.by
Крама сэканд-хэнд «МодаМакс». Бабруйск, Беларусь. 22 траўня 2016 года. Фота: bobr.by
podpis źródła zdjęcia

Паўгода беларусы жылі з адчуваннем, што звыклыя сэканд-хэнды вось-вось знікнуць. Еўрапейскія санкцыі, нацыянальныя забароны, пустыя паліцы і рост цэнаў – усё сведчыла пра канец эпохі таннага адзення з Еўропы. Але напрыканцы сакавіка ўлады ціха скасавалі сваю ж забарону. Ці азначае гэта, што рынак выжыў? І хто перамог у адзежным супрацьстаянні паміж людзьмі і дзяржавай? Разбіраемся.

Пакупнікі ў флагманскай краме кампаніі «Apple». Т'янь-Цзінь, Кітай. 20 верасня 2024 года. Фота: VCG/VCG via Getty Images

Тавары «Made in China» хлынуць у Беларусь. Ці чакаць танных айфонаў і «Huawei»?

Аналітыка

Сэканд-хэнды ў Беларусі былі не проста гандлем – гэта цэлая культура. Тут апраналіся студэнты, шматдзетныя сем’і, трэндсэтары, якія не супраць «Gucci» за 15 рублёў.

«У сваім узросце я часам за месяц зарабляў больш, чым маці на мясцовай фабрыцы»,
дзяліўся з «Белсатам» сваім досведам малады рэсэлер (перапрадавец), які навучыўся абарочваць сэканд-хэнд у прыбытак нават у невялікім рэгіянальным горадзе.

У залаты час у краіне працавала да 1500 сэканд-хэндаў. Паводле афіцыйных звестак, каля 35 % усяго адзення, што прадавалася ў Беларусі, паходзіла з гэтага сегменту. Штогод ужыванай адзежы ў краіну імпартавалася на суму $ 60–80 млн, з якіх да $ 70 млн рэалізоўвалася на ўнутраным рынку, а рэшта ішла на рээкспарт.

Ад «золата бедных» да «ворага дзяржавы»



Аднак улады і дзяржаўныя прадпрыемствы бачылі ў сэканд-хэндах пагрозу для айчыннай лёгкай прамысловасці. Яшчэ ў 2022 годзе канцэрн «Беллёгпрам» адкрыта лабіяваў узмацненне кантролю над гэтым сегментам і нават падрыхтаваў праект указу «Аб асобных захадах для абароны ўнутранага рынку». З падачы чыноўнікаў праводзіліся правяранні: гэтак, Дзяржаўны мытны камітэт разам з «Беллёгпрамам» выявілі, што цэлы шэраг цяжкавікоў заходзіў у краіну пад выглядам сэканд-хэнду з заніжанай мытнай вартасцю. Гэта значыць, некаторыя імпарцёры выкарыстоўвалі льготны мытны тарыф для сэканд-хэнду (15 % ад мытнага кошту, але не менш за € 0,18 за кг), каб танней увозіць фактычна новыя рэчы.

Пазней у МЗС з’явіліся дзіўныя заявы пра небяспеку рэчаў сэканд-хэнд: маўляў, «яны апрацаваныя фармальдэгідам» і шкодныя для здароўя.

Паўгода таму сэканд-хэнды ў Беларусі ўвогуле апынуліся пад падвоеным ударам: спачатку Еўразвяз з 1 кастрычніка 2024 года забараніў везці адзенне сэканд-хэнд у Беларусь, і тавар з Еўропы (пераважна з Нямеччыны, Італіі, Нідэрландаў) перастаў трапляць у нашую краіну. Але гэта было толькі паўбяды.

Крама сэканд-хэнд «МодаМакс». Бабруйск, Беларусь. 22 траўня 2016 года. Фота: bobr.by
Крама сэканд-хэнд «МодаМакс». Бабруйск, Беларусь. 22 траўня 2016 года. Фота: bobr.by

У верасні 2024 года ўлады Беларусі ўвялі нацыянальную забарону на ўвоз рэчаў сэканд-хэнд з Літвы – самага зручнага і папулярнага шляху даставаў. Афіцыйная прычына – адказ на закрыццё літоўскіх памежных пераходаў.

Прадпрымальнікі і пакупнікі сустрэлі навіну з трывогай. Беларуская моладзь кінулася змятаць з плечак рэшткі даступных еўрапейскіх брэндаў, пакуль яны не зніклі.

Крамы пачалі закрывацца: нехта часова, распрадаўшы астаткі, а нехта і зусім згарнуў бізнес.

Найбуйнейшая ў краіне сетка «МодаМакс» трапіла пад ціск: дзяржаўнае тэлебачанне нават абвінаваціла яе ў падаткавых парушэннях і падтрыманні пратэстаў.

Улады тым часам пераконвалі купляць беларускае і запэўнівалі, што ўсё будзе добра, маўляў, «забарона ЕЗ створыць перадумовы для развіцця нацыянальнай вытворчасці і скароціць імпарт небяспечнай прадукцыі з Еўропы і ЗША».


«Людзі ўсё роўна ідуць»


Аднак беларускія бізнесоўцы не здаваліся: імкнуліся любымі шляхамі адаптавацца да новай рэчаіснасці, шукаючы шчылінаў у санкцыйнай блакадзе.

У выніку пачалі перанакіроўваюць даставы праз Казахстан, Турцыю і Расею. Тавар даражэў, але некаторыя крамы, часцей буйныя, усё роўна працягвалі працаваць.

«Раней я сам вазіў рэчы з Польшчы. Цяпер – толькі праз Менск і толькі праз перакупаў. Але выжываем. Людзі ўсё роўна ідуць, бо трэба апранацца»
, – распавядае гаспадар крамы сэканд-хэнд з Баранавічаў.

Былі і скептыкі. «Тое, што працуе цяпер, часта ўжо не сэканд, а сток з Кітаю. Раней рэчы былі з Еўропы – цяпер што патрапіць, яшчэ і даражэйшае за сэканд», – каментавала яшчэ напрыканцы кастрычніка 2024 года Надзея з Менску.

Як кажуць прадпрымальнікі, рост цэнаў сапраўды адштурхнуў у канцы мінулага года частку пакупнікоў, але толькі тых, хто перадусім шукаў у сэканд-хэндах таннасці. Аматары ж стылёвых брэндаў і якасці засталіся.

,,

«Я не заўважыў, каб асартымент стаў горшы. Адзінае – цана трохі падрасла», – гаворыць пастаянны кліент крамаў сэканд-хэнд Стась, які працягвае там закупляцца.


Паводле яго, ажыятажных распродажаў ужо сапраўды няма, але на рэчы па-ранейшаму можна паляваць і перапрадаваць з выгадай.


Чаму дзяржава адмяніла забарону на рэчы сэканд-хэнд з Літвы і што з гэтага выйшла?


І вось – нечаканы паварот. 25 сакавіка 2025 года, калі сэканд-хэнд выжыў дзякуючы даставам праз Казахстан і Турцыю, была прынятая пастанова Савету Міністраў № 174, якая скасоўвае забарону на імпарт адзення сэканд-хэнд з Літвы. Без фанфараў, без тэлевізійных рэпартажаў. Проста ціхенька прыбралі з пераліку код «6309 00 000 0 – адзенне і іншыя вырабы, што былі ва ўжыванні».

Фактычна гэтай пастановай афіцыйны Менск прызнаў, што сэканд-хэнд – не тая катэгорыя, якую надалей варта трымаць пад забаронай.

«Знялі забарону, бо самі зразумелі, што ўдарыла не па Вільні, а па сваіх»
, – рэагавалі на гэта беларусы ў Telegram-чатах.

Хутка з'явіліся першыя навіны: у Менску адкрыліся новыя крамы, напрыклад, стыльны «Restyle» ў «DiaMond city». Пакупнікам абяцаюць шырокі выбар брэндавых рэчаў – ад «Gucci» да «Adidas» – ад 10 рублёў. На ўваходзе стаяць чэргі. Людзі, якія засумавалі па якасці і таннасці, вяртаюцца.

Крама-сток «Restyle» ў гандлёва-забаўляльным цэнтры ​​«DiaMond city». Менск, Беларусь. 7 сакавіка 2025 года. Фота: slivki.by
Крама-сток «Restyle» ў гандлёва-забаўляльным цэнтры ​​«DiaMond city». Менск, Беларусь. 7 сакавіка 2025 года. Фота: slivki.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: fxquadro / Freepik

Гандлёвая вайна Трампа: у свеце чакаюць патанення паліва, а ў Беларусі яно даражэе

Аналітыка

Telegram-каналы, чаты і форумы поўняцца каментарамі. З дзяржаўных прапагандыстаў жартуюць, прыгадваючы іхныя словы пра «небяспечныя анучы з Еўропы»: «І як цяпер быць з вашым фармальдэгідам? Учора быў яд, сёння – ужо можна?»

Праўда, не абышлося без лыжкі дзёгцю. Крамы, што адкрыліся апошнім часам, часта працуюць у фармаце стокавых цэнтраў, гандлюючы не класічным сэканд-хэндам, а хутчэй адзеннем са зніжкамі ці нават таннымі азіяцкімі копіямі брэндаў.


Ці не рана радуемся і чаго чакаць далей?


За амаль паўгода санкцыяў беларускія фабрыкі не запоўнілі рынак модным і танным адзеннем. У выніку людзі пачалі шукаць іншыя шляхі: нехта выпісваў адзежу з Расеі, нехта – з Кітаю (паводле неафіцыйных звестак, летась адзначаўся рост нелегальнага ўвозу ў Беларусь танных стокавых рэчаў з КНР).

Таму адмена забароны – гэта фактычна прызнанне памылковасці ранейшай лініі.

З гэтай думкай пагаджаюцца і шматлікія каментатары ў сацсетках.

«Дакладна, што дзяржава пралічылася: пад абаронай "Беллёгпраму" вырашылі знішчыць тое, што было патрэбнае беларусам. Але рынак узяў сваё. Не дзякуючы, а насуперак. Той выпадак, калі народ усё ж перамог, бо "Levi’s" за 18 рублёў – гэта перамога»,
– жартуе беларус, задаволены новымі джынсамі з сэканд-хэнду.

І ўсё ж санкцыі ЕЗ застаюцца. Увезці адзенне наўпрост з Нямеччыны ўжо не ўдасца. Але ўлады Беларусі не перашкаджаюць абходным шляхам, і ў прадпрымальнікаў з’явілася новая прастора для схемаў лагістыкі і гандлю.

«Раней той тавар, што ўсё роўна трапляў да нас праз Казахстан ці Расею, мы мусілі яшчэ і ўвозіць абходнымі шляхамі. Цяпер хаця б можна не шукаць пятага вугла – будзем гнаць хоць праз Берасцейскую ці Гарадзенскую мытню»
, – каментуе прадпрымальнік з Горадні.

Крама-сток «Restyle» ў гандлёва-забаўляльным цэнтры ​​«DiaMond city». Менск, Беларусь. 7 сакавіка 2025 года. Фота: slivki.by
Крама-сток «Restyle» ў гандлёва-забаўляльным цэнтры ​​«DiaMond city». Менск, Беларусь. 7 сакавіка 2025 года. Фота: slivki.by

Нягледзячы на некаторы аптымізм, на поўнае вяртанне да ранейшых парадкаў прадпрымальнікі не разлічваюць.

«Пакуль беларускі рэжым застаецца саўдзельнікам палітыкі Расеі, малаімаверна, што санкцыі знімуць. Гэта азначае, што прамыя пастаўкі з заходніх краінаў закрытыя, і бізнес вымушаны будзе далей карыстацца складанымі і больш дарагімі маршрутамі цераз трэція дзяржавы. Лагістычныя выдаткі і мытныя рызыкі (напрыклад, у Казахстане могуць узнікаць пытанні да транзіту вялікіх аб’ёмаў адзення) будуць захоўвацца. Гэта, у сваю чаргу, можа трымаць цэны ў сэкандах на падвышаным узроўні ў параўнанні з дасанкцыйным часам»,
– разважае прадпрымальнік з Воршы.

З другога боку, паводле суразмоўцы, ёсць спадзяванні, што кантралёры знізяць ціск на прадпрымальнікаў гэтага сектару: тым больш, шмат якія з іх маюць статус ІП або ўвогуле працуюць паводле спрошчаных схемаў гандлю. Ёсць шанец, што будзе адменены і загад Міністэрства гандлю ад 2022 года, які ўзмацняў санітарныя патрабаванні да сэканд-хэндаў (хацелі абавязаць крамы сэканд-хэнд мець дарагое абсталяванне для дэзынфекцыі).

Эксперты ж прагназуюць, што ў найбліжэйшыя месяцы колькасць сэканд-хэндаў будзе паступова аднаўляцца. Тыя, хто замарозіў бізнес узімку, паспрабуюць ізноў прывезці тавар – магчыма, невялікімі партыямі, каб ацаніць попыт. Вялікія сеткі, мабыць, працягнуць экспансію. Напрыклад, «МегаХэнд» ужо анансаваў адкрыццё яшчэ некалькіх гандлёвых кропак у абласных цэнтрах. Гэта значыць, што галіна сэканд-хэндаў у Беларусі ажывае, хоць ужо і не ў такім фармаце, у якім існавала да 2024 года.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10