Гісторыі

Смаленская катастрофа: як 15 гадоў таму польская трагедыя ледзь не змяніла Беларусі

Фрагменты польскага Ту-154, што разбіўся каля Смаленску
Фрагменты польскага Ту-154, што разбіўся каля Смаленску. Фота: Wikipedia
podpis źródła zdjęcia

10 красавіка спаўняецца 15 гадоў з моманту авіякатастрофы ў Смаленску, якая забрала жыцці 96 чалавек, у тым ліку прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага. Што адбывалася ў Беларусі падчас трагедыі, «Белсату» апавёў Вітальд Юраш, на той момант часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў нашай краіне.

Вітальд Юраш у 2005–2009 гадах быў першым сакратаром амбасады Польшчы ў Маскве, а пасля смаленскай катастрофы 10 красавіка 2010-га і да лютага 2011-га – часовым павераным Польшчы ў Беларусі. 19 сакавіка 2010 года Вітальд Юраш скіроўваўся ў Беларусь, дзе павінен быў заняць пасаду намесніка амбасадара і начальніка палітычнага аддзелу польскай амбасады ў Беларусі.

Адным з першых ягоных заданняў у Менску была дапамога ў арганізацыі праезду польскіх дэлегацыяў праз Беларусь у Смаленск для ўдзелу ў захадах з нагоды 70-годдзя трагедыі ў Катыні. Там на пастанову Іосіфа Сталіна ўвесну 1940 года былі расстраляныя каля 22 тысяч грамадзянаў Польшчы, падзеленай між нацысцкаю Нямеччынай і СССР. У бальшыні сваёй гэта былі палонныя вайскоўцы, у тым ліку нарадзінцы Беларусі.

У Катынь самалётам скіравалася дэлегацыя на чале з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім і ягонаю жонкаю Марыяй. Аднак каля Смаленску здарылася авіякатастрофа, у якой загінулі 96 чалавек (88 прадстаўнікоў дэлегацыі і васьмёра чальцоў экіпажу). Спрэчкі аб прычынах катастрофы трываюць дасюль.

Вітальд Юраш пасля завяршэння дыпламатычнай працы ў 2012 годзе стаўся журналістам, цяпер працуе на партале «Onet», дзе вядзе падкаст «Raport międzynarodowy». Ён аўтар шэрагу кніг, у тым ліку пра сваю працу ў Беларусі «Дэман з-за мяжы» («Demon zza miedzy»).

Вітальд Юраш у эфіры праграмы «Тыдзень». Скрыншот: Белсат
Вітальд Юраш у эфіры праграмы «Тыдзень». Скрыншот: Белсат

Ці праўда, што самалёт з польскаю дэлегацыяй, які скіроўваўся ў Смаленск, мог прызямліцца ў Менску?

– Так, Менск быў запасным аэрапортам. Заўсёды ў распісцы пералёту маюцца запасныя аэрапорты. І паколькі Менск быў пазначаны ў плане пералёту, мне патэлефанавалі з інфармацыяй, што неабходна падрыхтавацца – магчыма, самалёт праз кепскае надвор'е будзе перакіраваны ў Менск. Я пачаў рыхтавацца, каб ехаць у лётнішча. А потым, даслоўна цягам 2–3 хвілінаў пасля катастрофы, я даведаўся, што адбылася гэтая трагедыя.

– Вы памятаеце момант, калі даведаліся пра катастрофу?

– Так, я надзяваў гарнітур, калі хацеў звязацца з амбасадай у Маскве і даведацца, ці будзе дакладна самалёт перакіраваны ў Менск. А ў адказ цішыня. Тады я выйшаў на нашага тагачаснага загадчыка палітычнага аддзелу ў Маскве [Пётра Марціняка. – Заўвага рэд.], які да гэтага некалькі месяцаў быў маім шэфам. Я яму задаў пытанне:

Гэты самалёт у выніку прылятае да нас у Менск ці не?

Дык там катастрофа!

Там што, аркестр забыліся ці ганаровая варта патронаў не ўзяла? (Слова «катастрофа» я тады зразумеў як нейкую блытаніну, беспарадак.)

Ды не, усё – катастрофа. Ён разбіўся.

Як разбіўся?..

У той жа момант мая жонка падышла з гальштукам да мяне. Паколькі я ўсё паўтараў «Якая катастрофа? Як разбіўся?..», яна раней усвядоміла тое, чаго мой розум яшчэ не хацеў прымаць. У яе ў вачах быў такі шок і гора, што я толькі тады зразумеў, пра што гаворка.

,,

Але поўнае ўсведамленне таго, што адбылося, прыйшло толькі на наступны дзень пасля катастрофы, калі ў Менску арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас Імшы казаў пропаведзь. У яго была вельмі пранізлівая і кранальная казань. Толькі тады ў мяне праступілі слёзы. А да таго моманту я быў настолькі засяроджаны на працы, што не было часу нават па-чалавечы падумаць, што нешта страшнае здарылася.


– Што было пасля таго, як вы даведаліся пра катастрофу? Напэўна, вы пачалі рыхтавацца да магчымага прылёту новай польскай дэлегацыі на месца катастрофы?

– Спачатку нам нічога не сказалі, але мы гэта разумелі. Я выйшаў на МЗС, бо ў мяне яшчэ не было ніякіх кантактаў з адміністрацыяй [Аляксандра] Лукашэнкі. Наш вайсковы аташэ звязаўся з Міністэрствам абароны Беларусі. У нас быў прадстаўнік паліцыі, які выйшаў на МУС. Мы паведамілі, што, хутчэй за ўсё, чакаем дэлегацыі, самалёты з Польшчы, і што мы будзем вельмі ўдзячныя беларускаму боку, каб яны нам дапамагалі. Я памятаю, як патэлефанаваў аднаму з беларускіх чыноўнікаў, намесніку міністра замежных справаў. Папрасіў прабачэння, што так рана непакою, і сказаў, што ў нас разбіўся каля Смаленску самалёт з прэзідэнтам. І, паводле маёй інфармацыі, там усе загінулі. Ён адказаў: «Вы пра што?» Разбіўся, сказаў я, і папрасіў пра дапамогу. Чыноўнік быў у шоку, але сказаў: «Так, так, вы не турбуйцеся».

Вайсковы аташэ патэлефанаваў намесніку начальніка Генштабу Узброеных сілаў РБ і сказаў, што, калі мы прасілі, дык у адказ прагучала: «Вы ўсё будзеце атрымліваць. Літаральна пару хвілінаў – і ў вас усё будзе».

Прыйшоў наш генерал Станецкі і сказаў, што ў МУС адказалі, што ўсё, у чым мы маем патрэбу, адразу будзе. Праз некаторы час ля амбасады [у Менску] адразу ж з'явіліся нейкія машыны. І тады я памятаю, былі нават тыя крайслеры міліцэйскія, што ездзілі пры Лукашэнку. У амбасаду ўвайшоў афіцэр і сказаў: «У чым толькі будзеце мець патрэбу, усё будзе». Так і было.

– То бок рэжым у Беларусі ўсебакова дапамагаў польскаму боку падчас гэтай трагедыі?

– У трагедыі людзі павялі сябе па-чалавечы, у адрозненне ад расейцаў. Тыя нават у той жа дзень і ў тую ж хвілю пачалі сваю гульню. Рэжым у Беларусі рабіў усё, каб нам дапамагчы, разам з тым, што прапускалі людзей праз тэрыторыю Беларусі, у якіх не было візаў, а ў адным выпадку ў чалавека не было і замежнага пашпарта, яго проста прапусцілі паводле звычайнага пашпарта. Было асабістае даручэнне Лукашэнкі, каб нам дапамагаць. І мне здаецца, што мы страцілі шанец, трэба было дэманстратыўна падзякаваць. Я гэта рабіў, але Варшава неяк не хацела. Я не хачу сказаць, што гэта магло змяніць сутнасць справы, але атмасферу дык дакладна. Проста Лукашэнка і ягоныя людзі вельмі стараліся. Гэта адзін момант.

А другі момант, гэта калі я заўважыў кіроўцаў амбасады, якія пазней фатаграфавалі абломкі самалёта. Пры гэтым у іх былі прафесійныя фотаапараты. І ясна было, што недавер рэжыму ў Менску да Масквы даволі моцны. Гэта не адмяняе таго, што той рэжым быў бліжэйшы да Масквы, як да Захаду, і змяніць гэтага магчымасці ніколі не было. Але ўсё ж гэта сведчыць, што не так, як шмат хто думаў ці казаў, што няма чаго мець справы з Менскам. Цяпер беларуская незалежнасць – гэта 10 % альбо 20 % рэальнай незалежнасці, калісьці было больш. Не ведаю, ці былі гэта 50 % або 60 %, але дакладна больш, як цяпер. Мне здавалася, трэба захоўваць тое, што ёсць, бо альтэрнатываю можа быць менавіта тое, што незалежнасці будзе менш. У Польшчы думалі, альтэрнатываю можа быць поспех апазіцыі. Карацей, я быў у меншыні, а мае погляды лічыліся памылковымі. Праз гэта мы, дарэчы, сёння размаўляем, бо мае погляды скончылі маю кар'еру ў польскай дыпламатыі.

– Чаму польская дэлегацыя, што скіравалася наведаць месца катастрофы каля Смаленску, пастанавіла ляцець у Віцебск?

– Гэта найбліжэйшы аэрапорт ад Смаленску [адлегласць паміж Віцебскам і Смаленскам па трасе – 132 км. – Заўвага рэд.].

– Але чаму з Варшавы ў Віцебск вылецелі два самалёты: у адным быў брат загінулага Леха Качыньскага Ярослаў, а ў другім – прэм'ер-міністр Дональд Туск?

– Бо, на жаль, яны ўжо тады канфліктавалі.

– Як вы дабіраліся да Віцебску, каб паспець сустрэць там польскую дэлегацыю?

– Мы ехалі з хуткасцю пад 170 км/г. Памятаю, адзін з калегаў палітычнага аддзелу ехаў аўтам «Renault laguna» ў не вельмі добрым стане. І рухавік у яго перагрэўся. У мяне потым была праблема, як яму аддаць грошы на рамонт машыны, бо ён ехаў паводле службовых справаў.

Беларусы нясуць кветкі і знічы да амбасады Польшчы ў Менску 10 красавіка 2010 года. Фота: Юлія Дарашкевіч / Наша Ніва
Беларусы нясуць кветкі і знічы да амбасады Польшчы ў Менску 10 красавіка 2010 года. Фота: Юлія Дарашкевіч / Наша Ніва

– Хто ахоўваў польскага прэм'ер-міністра Дональда Туска з моманту ягонага прылёту ў Беларусь?

– Лукашэнка даў Дональду Туску сваю ахову. Наколькі я памятаю, яны прыляцелі верталётам з Менску або некалькімі верталётамі. Я проста пазнаў аднаго чалавека са службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Я ягоны твар бачыў у тэлебачанні, і яны казалі, што яны – асабістая ахова прэзідэнта Беларусі, што на ягонае даручэнне будуць ахоўваць Дональда Туска.

– А як вы думаеце, чаму такія захады бяспекі, а потым калідор з аховы ўздоўж усяго руху польскай дэлегацыі з Віцебску да мяжы з Расеяй?

– У мяне было такое ўражанне, што беларускі бок паводзіўся так, быццам падазраваў расейцаў, што яны нешта там нарабілі. Гэта значыць, яны нібы хацелі перастрахавацца. Тут яшчэ гэты момант з фотаздымкамі. Яны думалі, што гэта цалкам магчыма, што гэта не выпадковасць. Я хачу падкрэсліць: гэтая авіякатастрофа – вынік нядбайнасці і польскага бязладдзя. І так я думаю цяпер. Тады я не думаў па-іншаму, але не выключаў іншых магчымасцяў. І сапраўды гэтак жа, на мой погляд, паводзіліся ўлады Беларусі.

– Як вы думаеце, ці ёсць фотаздымкі месца катастрофы, зробленыя на замову ўладаў Беларусі, і ці маглі іх перадаць польскаму боку?

,,

– Яны ёсць. Але іх дакладна не перадалі. Але гэта ўжо, на жаль, нічога не можа змяніць. Гэтая катастрофа – гэта як забойства Кенэдзі. Яна будзе прычынай унутранага канфлікту ўжо назаўжды.


Труны з целамі Леха Качыньскага і ягонай жонкі Марыі выносяць з месца катастрофы. Фота: fakt.pl
Труны з целамі Леха Качыньскага і ягонай жонкі Марыі выносяць з месца катастрофы. Фота: fakt.pl

– Што вы ўбачылі на месцы катастрофы?

– Я першы раз у жыцці бачыў столькі мёртвых людзей. Я памятаю пах, і ён быў дзіўны. З аднаго боку, як на запраўцы, пах паліва, але з другога – быццам салодкі. І вось гэтага я не разумеў, адкуль ён такі. Потым мне патлумачылі, што такі пах звычайны для месцаў вялікіх катастрофаў, бо гэта пах крыві.

Але пры нагодзе магу сказаць, што, на жаль, расейскі бок спрабаваў падбухторыць адных палякаў супраць іншых. І гэта былі вельмі цынічныя паводзіны. Але яно было магчымым, бо ўжо да таго быў моцны канфлікт між палякамі. Калі б гэтага канфлікту не было, дык яны б нічога такога зрабіць не маглі.

– Назад польская дэлегацыя зноў вярталася праз Беларусь?

– У аэрапорце быў момант, калі [Аляксандр] Косінец [у 2008–2014 гадах – старшыня Віцебскага аблвыканкаму, у 2014–2016 гадах кіраваў адміністрацыяй Лукашэнкі, з 2017-га – памочнік Лукашэнкі. – Заўвага рэд.] падышоў перадаць спачуванні ад імя Лукашэнкі і зноў падкрэсліваў, што і ў будучыні яны ва ўсім будуць дапамагаць, што б нам ні спатрэбілася.

Кіраўнік МНС РФ Сяргей Шайгу і прэм'ер-міністр Уладзімір Пуцін на месцы катастрофы самалёта з польскаю дэлегацыяй каля Смаленску. Фота: Урад Расейскай Федэрацыі
Кіраўнік МНС РФ Сяргей Шайгу і прэм'ер-міністр Уладзімір Пуцін на месцы катастрофы самалёта з польскаю дэлегацыяй каля Смаленску. Фота: Урад Расейскай Федэрацыі

– Ці было ў вас адчуванне, што ў атмасферы гэтай трагедыі беларуска-польскія дачыненні могуць змяніцца?

– Тут два моманты. Рэжым Лукашэнкі – гэта была, ёсць і будзе дыктатура. Тады пытанне было, ці будзе гэта мяккі аўтарытарызм і нейкая незалежнасць, ці жорсткі і статус паўкалоніі Расеі. Цяпер ужо ўсё зразумела, Лукашэнка перайшоў пункт незвароту. Тады, як мне бачылася, варта было спрабаваць неяк наладжваць дачыненні. Я публічна дзякаваў Лукашэнку за дапамогу.

Але, калі прасіў Варшаву, каб даслалі нейкі ліст, што мы вельмі ўдзячныя за нададзеную дапамогу, дык пачуў у адказ, што гэта немагчыма, бо гэты рэжым не дэмакратычны і гэтак далей, што, дарэчы, праўда. Але мне здавалася, улічваючы ўсё тое, што Менск рабіў, трэба было, нягледзячы на сістэму, сёе-тое зрабіць. На жаль, гэтага не было зроблена. Я проста па-іншаму разумею сутнасць замежнай палітыкі: маленькія зрухі, а не вялікія пераломы.

– Гэты прынцып вы ад бацькі засвоілі, прафесійнага дыпламата Вітальда Юраша?

– Так, ён быў у пяці камандзіроўках, быў амбасадарам 21 год. Але не толькі ад яго, і ад сябра сям'і – апостальскага нунцыя арцыбіскупа Мар’яна Олеся, ён быў вельмі добрым сябрам бацькі па Лацінскай Амерыцы, а потым і Іраку. Ён сапраўды гэтак жа тлумачыў мне сутнасць замежнай палітыкі, і як трэба весці справы з вельмі непрыемнымі людзьмі, з якімі ўсё адно трэба дамаўляцца, нават калі не хочацца з імі мець справы.

Матэрыялы пра канфлікт Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў 2010 годзе. Калаж: Белсат
Матэрыялы пра канфлікт Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў 2010 годзе. Калаж: Белсат

2010-ы – год вялікіх надзеяў

У 2010 годзе Расея ў гэты час змушала Беларусь да продажу амаль за бесцань нафтаперапрацоўчых заводаў і «Белтрансгазу». У якасці рычагоў ціску, як звычайна, расейцы выкарыстоўвалі цэны на энерганосьбіты, якія пасля стварэння з 1 студзеня 2010-га Мытнага саюзу мелі паступаць у Беларусь на ільготных умовах. У выніку канфлікт паміж Лукашэнкам і Пуціным выйшаў у медыі, калі 16 сакавіка іхная сустрэча не адбылася ў Берасці. «Беларускі прэзідэнт сышоў ад Пуціна» пісалі «Ведомости». Для Пуціна, які на той час памяняўся з Дзмітрыем Мядзведзевым прэзідэнцкім крэслам і заняў пасаду прэм'ер-міністра РФ, гэта сталася сапраўдным прыніжэннем, а Лукашэнка палічыў за лепшае злётаць у Каракас да Уга Чавэса і дамовіцца пра пастаўкі ў Беларусь венесуэльскай нафты.

Акрамя Расеі, цяжка развіваліся дачыненні і на заходнім кірунку – з Польшчай, якія працягвалі пагаршацца пасля справакаванага ўладамі Лукашэнкі расколу Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) у 2005 годзе. Абвастрэнне здарылася ў пачатку 2010-га, калі сілавікі занялі Польскі дом у Івянцы, а таксама была арыштаваная лідарка непрызнанага рэжымам Лукашэнкі СПБ Анджэліка Борыс і некалькі актывістаў. Міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі казаў тады: «Захаванне правоў меншасцяў – гэта важная ўмова збліжэння з Еўразвязам. Але выбар тут за Беларуссю. Ёй ніхто не забароніць, калі яна хоча самаізалявацца».

У выніку 8 лютага амбасадар Беларусі ў Польшчы Віктар Гайсёнак быў выкліканы ў МЗС Польшчы, а амбасадар Польшчы ў Беларусі Гэнрык Літвін быў адкліканы «для кансультацыяў». У звязку з гэтым прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі скіраваў «свайму беларускаму калегу» ліст, у якім прасіў Лукашэнку «асабіста ўмяшацца і ўрэгуляваць сітуацыю польскай меншасці ў Беларусі». Але Лех Качыньскі, які скіроўваўся разам з урадаваю дэлегацыяй у Катынь, загінуў каля Смаленску 10 красавіка.

У той дзень беларускі бок усебакова дапамагаў польскім дэлегацыям, што скіроўваліся ў Смаленск праз Віцебск, а пазней і выканальніку абавязкаў прэзідэнта Браніславу Камароўскаму, а таксама сваякам загінулых. Але ў Беларусі, у адрозненне ад суседзяў, у дзень трагедыі, якая выпала на вялікія выходныя і Радаўніцу, не была абвешчаная жалоба, а незалежныя медыі звярнулі ўвагу, што замест паказу фільму «Катынь» на канале « Россия» 10 красавіка ў Беларусі ўключылі шоу «Танцы з зоркамі». Аднак, пасля рэкамендацыі Лукашэнкі абмежаваць паказ забаўляльных праграмаў, у дзень пахавання пары Качыньскіх у эфіры БТ усё ж з'явіўся фільм «Катынь» Анджэя Вайды. І, што сталася сапраўднаю падзеяй, у перакладзе на беларускую мову. Паказу папярэднічала дыскусія, дзе на ўсю краіну заявілі, што ў Катыні НКВД расстраляў і некалькі тысяч беларусаў, якія служылі ў польскім войску. 23 красавіка паказ фільму паўтарылі.

У той жа час сотні людзей скіраваліся да амбасадаў і консульстваў Польшчы ў Берасці, Горадні і Менску, а ў каталіцкім кафедральным саборы сталіцы з'явіўся партрэт загінулага польскага прэзідэнта Леха Качыньскага. Адразу ж пасля катастрофы прайшла памінальная служба па ахвярах смаленскай катастрофы, якую адслужыў Тадэвуш Кандрусевіч у прысутнасці намесніка міністра МЗС Беларусі Валерыя Варанецкага. А 18 красавіка Аляксандр Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем наведаў памінальную службу на беларускай мове ў архікафедральным саборы Панны Марыі, дзе яго вітаў кардынал Казімір Свёнтак.

20 красавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў на Нацыянальным сходзе з крытыкаю кіраўніцтва Расеі, якое імкнулася выціснуць беларускія прадпрыемствы са свайго рынку і ізаляваць ад транзітных маршрутаў праз яе тэрыторыю: «Кіраўніцтва Расеі зыходзіць з таго, што нібыта "Беларусь нікуды не дзенецца". Дзенемся! У цэнтры Еўропы краіна пуставаць не будзе. Нікому нахіляць нас не дазволім. У зямлянкі пойдзем, як 65–70 гадоў таму, але мы выжывем».

І тады Лукашэнка падзякаваў за дапамогу «МВФ, Еўропе і Захаду». Гэтак, 15 гадоў таму смаленская катастрофа ледзь не змяніла Беларусі.

Барыс Булат / ЮК belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10