Пётр І – адна са спрэчных фігураў расейскай гісторыі. На побытавым узроўні ён мае вобраз эксцэнтрычнага, але вельмі эфектыўнага і харызматычнага кіраўніка, які перарабіў Маскоўскае княства ў імперыю ды ўвёў Расею ў еўрапейскі кантэкст, прабіўшы «акно ў Еўропу». Пры гэтым замоўчваюцца тыя ахвяры, якія суправаджалі гэты шлях. У тым ліку і ў дачыненні суседніх народаў. Іх апраўданне ў выпадку Пятра І зрабілася адною з найважнейшых задачаў расейскай гістарычнай палітыкі на наступныя стагоддзі.
У былой Рэчы Паспалітай саюз з Расеяй напрыканцы XVII стагоддзя, нягледзячы на папярэднія войны, не лічыўся нечым дрэнным.
,,«Саюз з Пятром не ўспрымаўся як здрада. Чаму? Мне падаецца, таму, што ніхто не чакаў наступстваў пятроўскай палітыкі ў самой Маскоўскай дзяржаве… Расеі не баяліся. Меркавалася, што гэтая праблема вырашаная яшчэ ў час Яна ІІІ Сабескага. Гэта быў перыяд міру. Спярша было Андрусаўскае замірэнне, пазней быў Вечны мір, таму Расею, Маскву, не ўспрымалі як пагрозу», – адзначае прафесар Лешэк Заштаўт (Leszek Zasztowt).
,,«Ён усё калькуляваў, прадумваў кааліцыі. Ён заўсёды будаваў вялікія кааліцыі», – тлумачыць прафесар Гінтаўтас Сліесарунас (Gintautas Sliesoriūnas).
,,«Пётр перабудаваў не ментальнасць, а сэнс гэтай дзяржавы… Пётр усе рэформы, якія правёў, пачынаючы ад грамадзянскай: служылае дваранства, перапіс насельніцтва, стварэнне школ, заснаванне мануфактур – любая рэформа, якую возьмем, усё працавала на адно: мабілізаваць краіну на выкананне ваенных задачаў», – дадае прафесарка Святлана Куль-Сільверстава.
,,«Украінскае войска было вельмі нясвоечасова выведзенае. Украіна мела канфлікты па перыметры на межах: з Польшчай – з аднаго буку, з Масковіяй – з іншай, перыядычна ўзнікалі праблемы з крымскімі татарамі. І ў такім стане Украіне было цяжка. Дапамагло Масковіі і тое, што Украіна напярэдадні перасварылася з Польшчаю. Калі б трываў саюз паміж Польшчай і Беларуссю, ніякіх шанцаў у Расеі не было», – падсумоўвае гісторык Аляксандр Палій.
Чаму Пётр І – спрэчная постаць у гісторыі? Як яго ацэньваюць у Беларусі, Польшчы і Украіне? Як саюз Рэчы Паспалітай з Расеяй успрымалі сучаснікі і чаму гэта не выклікала непакою? Чым была пятроўская Расея для еўрапейцаў і чаму Пётр не пабудаваў Еўропу ў сваёй імперыі? Чым час Пятра І падобны з цяперашнім і пры чым тут Украіна і ГУБАЗіК? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Intermarium».
Вядоўца і аўтарка праграмы «Intermarium» – Наста Ільіна, гісторык, журналістка.
Госці праграмы «Intermarium»:
- Святлана Куль-Сільверстава, прафесарка, Політэхнічны ўніверсітэт;
- Лешэк Заштаўт, прафесар, Варшаўскі ўніверсітэт;
- Гінтаўтас Сліесарунас, прафесар, Літоўскі гістарычны інстытут;
- Аляксандр Палій, палітычны эксперт, гісторык.
Праграму «Intermarium» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, на нашай старонцы ў закладцы «Праграмы» або на YouTube-канале «БЕЛСАТ HISTORY».