Беларусь ператварылася ў «ваенны цэх расейскай вайсковай машыны». Пра гэта падчас свайго выступу ў Радзе Еўропы заявіла лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская.
Паводле яе, 287 беларускіх прадпрыемстваў сёння ўдзельнічаюць у вытворчасці ўзбраення для расейскай арміі.
«Беларусь стала не толькі стартавай пляцоўкай для поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, але і ваенным цэхам расейскай вайсковай машыны», – адзначыла Святлана Ціханоўская.
Яе выступ адбыўся на сустрэчы з амбасадарамі і дыпламатамі больш як 50 краінаў. Лідарка дэмакратычных сілаў заклікала еўрапейскія краіны прыняць адмысловую дэкларацыю ў падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, каб краіна не ператварылася ў «суцяшальны прыз для Пуціна».
Ціханоўская таксама падкрэсліла неабходнасць патрабаваць поўнага вываду расейскіх войскаў з Беларусі, уключна з ядравай зброяй.
«Толькі гэта гарантавала б стабільны і працяглы мір у рэгіёне. Украіна заслугоўвае рэальных гарантыяў бяспекі, і адной з іх можа быць свабодная Беларусь, без расейскай прысутнасці», – заявіла яна.
Надзея Вольная belsat.eu