навіны

Беларускі порт у расейскім Прымор’і «стаў на якар» праз фінансы

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ria.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: ria.ru
podpis źródła zdjęcia

Амбіцыйны праект у будаўніцтве ўласнага беларускага марскога порту на Далёкім Усходзе Расеі прыпынены праз фінансавыя цяжкасці.

Губернатар Прыморскага краю Алег Кажамяка паведаміў, што будаўніцтва супольнага з Беларуссю і Кітаем порту ў Прымор’і адклалі праз надта высокія адсоткавыя стаўкі ў Расеі. Для афіцыйнага Менску гэты порт меў стратэгічнае значэнне як новы транзітны шлях у абыход санкцыяў, таму «замарожванне» праекту ставіць пад пытанне планы Беларусі атрымаць выхад да акіяну на ўмовах Саюзнай дзяржавы.


Ідэя будаваць уласны порт для Беларусі ў Прыморскім краі ўзнікла на пачатку 2024 года і была падтрыманая мясцовымі ўладамі. Пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой заявіў пра жаданне Менску мець свой порт у Прымор’і, і губернатар Кажамяка прапанаваў некалькі фарматаў – ад наўпроставага ўдзелу Беларусі да супольнага прадпрыемства 50/50 або нават 100 % беларускага порту.


Паводле Кажамякі, партнёрства з Кітаем выглядала перспектыўным, бо праект цікавы «ў межах развіцця Паўночнага марскога шляху».


Планавалася, што новы порт зробіцца ключавым транзітным вузлом для паставак беларускай прадукцыі ў краіны Азіі, найперш у Кітай. Разглядаліся магутнасці перавалкі да 10 млн тонаў угнаенняў на год, што фактычна адпавядае аб’ёмам беларускіх паставак калійных угнаенняў, якія раней ішлі праз літоўскую Клайпеду (да 12 млн тонаў на год).


У студзені 2024-га група беларускіх адмыслоўцаў наведвала Прымор’е для выбару месца пад будоўлю, а сам Кажамяка на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам анансаваў, што найлепшую лакацыю вызначаць яшчэ да канца 2024 года.

 Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: rosmorport.ru
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: rosmorport.ru

Беларускае кіраўніцтва ўспрымала партовы праект як стратэгічны. Ён актыўна абмяркоўваўся цягам 2024 года на высокім узроўні. Для гэтага Лукашэнка асабіста сустракаўся з губернатарам Прымор’я.


Аднак ужо ў сакавіку 2025 года высветлілася, што рэалізацыя праекту прыпыняецца. Пасля чарговай сустрэчы з Лукашэнкам губернатар Кажамяка прызнаў, што будаўніцтва порту ў Прымор’і пакуль адкладзенае з фінансавых прычынаў. Паводле яго, у сучасных умовах занадта высокая ключавая стаўка Цэнтрабанку РФ (21 % гадавых) істотна павялічвае кошт крэдытаў і інфраструктуры, робячы праект эканамічна цяжка пад’ёмным.


Чаму для Менску гэты порт быў такім важным


Беларусь, не маючы выхаду да мора, трапіла ў цяжкае становішча пасля таго, як традыцыйныя шляхі экспарту праз краіны Балтыі і Украіну закрыліся. Літоўскі порт Клайпеда з 2022 года перастаў прымаць беларускія грузы праз санкцыі ЕЗ, у тым ліку асноўны экспартны тавар – калійныя ўгнаенні. У адказ Менск пачаў тэрмінова пераарыентоўваць грузапатокі на расейскія парты ў Балтыцы і Чорным моры.


Аляксандр Лукашэнка нават дамагаўся ад Уладзіміра Пуціна будаўніцтва асобнага тэрміналу пад беларускі калій каля Санкт-Пецярбургу. Тады ж узнікла ідэя асвойваць для Беларусі новыя кірункі – на поўнач (Мурманск) і на ўсход (Далёкі Усход РФ).


Порт у Прымор’і якраз упісваўся ў гэтую стратэгію «павароту на Усход» – ён мусіў стацца транзітным вузлом на шляху ў Кітай і адначасова падлучыцца да арктычнага маршруту для далейшай дастаўкі грузаў.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10