Лукашэнка прызначыў новых міністраў і адразу распарадзіўся: трэба выцягнуць з заняпаду экспарт айчынных тавараў. Рэанімаваць замежны гандаль загадалі новаму віцэ-прэм'еру Віктару Каранкевічу.
«Экспарт мусіць быць не меншы за $ 6 мільярдаў – з 5,5 % мы павінны выйсці на ўзровень мінулага года», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Заданне ў Каранкевіча – з зорачкаю: паказнікі таваразвароту ў Беларусі павольна паўзуць уніз. Толькі ў студзені, у гадавым вымярэнні, продаж айчыннай прадукцыі за мяжу зменшыўся на $ 322 мільёны, сведчыць Нацыянальны статыстычны камітэт.
Аляксандр Кныровіч, бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» адзначае: «Гэта вельмі шмат для такіх паказнікаў за адзін месяц. Чаму гэта адбылося? У першую чаргу таму, што запавольваецца эканоміка ў Расеі. Па-другое, беларускія тавары прайграюць канкурэнцыю на расейскім рынку – пра гэта казаў сам Лукашэнка. Ну і па-трэцяе: санкцыйныя ўмовы, якія сталі больш жорсткімі».
Цяпер пад заходнімі санкцыямі – экспартныя пазіцыі, што раней складалі значную частку ўсяго айчыннага гандлю. Частку прадукцыі цяпер прадаюць у краіны Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу, але цалкам пераарыентаваць экспарт на альтэрнатыўныя рынкі ўрад не здолеў. Разварот на «дальнюю дугу» патрабаваў не толькі новых кантрактаў, але адаптацыі лагістычных ланцужкоў.
Пакуль жа Беларусь купляе больш, як прадае. У студзені разрыў паміж экспартам і імпартам дасягнуў амаль паўмільярда долараў, а за год адмоўнае сальда вырасла ў 4 разы. Гэты дысбаланс стварае дадатковы ціск на валютны рынак і курс беларускага рубля.
«Гэта вельмі небяспечна. Сітуацыя вельмі падобная да становішча ў 2008 годзе. Тады ў нас было адмоўнае сальда, якое нарастала, і тады яно прывяло да неабходнасці дэвальвацыі больш як на 20 %», – каментуе Аляксандр Кныровіч.
Растуць і аб’ёмы нераспраданых тавараў на складах беларускіх прадпрыемстваў. У пачатку лютага Нацыянальны статыстычна камітэт ацаніў гэтыя запасы на Br 9 мільярдаў. Аднак змяншаць тэмпы вытворчасці, прынамсі пакуль, урад не плануе.
Кацярына Гардзеева, «Белсат»