Як стала вядома журналістам «Бюро», на дакументы сабе і сваім сваякам тытунёвы магнат Аляксей Алексін мог патраціць каля $ 390 тысячаў.
У «Бюро» даведаліся, што «залатыя» пашпарты Вануату атрымалі як мінімум трое вядомых беларусаў: так званы гаманец Лукашэнкі Аляксей Алексін і ягоны малодшы сын Віталь Алексін разам з жонкаю Надзеяй Алексінай, у дзявоцтве Зайцавай.
Інфармацыя зрабілася вядомай, бо ў распараджэнні рэдакцыі «Бюро» трапілі звесткі замежных грамадзянаў, якія атрымалі дакументы Вануату. З выцеку вынікае, што Алексіны займелі «залатыя» пашпарты яшчэ ў 2022 годзе.
Рэспубліка Вануату размяшчаецца на 83 астравах у Ціхім акіяне і да 2022-га была знаная даступным грамадзянствам і афшорнымі паслугамі. Архіпелаг спецыялізаваўся на продажы так званых залатых пашпартоў. Цана пытання – $ 130 тысячаў. Выдаваўся ён за рэкордна кароткія тэрміны – ад 1 да 4 месяцаў – і дазваляў рабіць бязвізавыя паездкі ў 130 краінаў свету, у тым ліку і ЕЗ.
Аднак усімі бонусамі «залатых» пашпартоў Алексіны, падобна, скарыстацца так і не здолеюць. Бо акурат у 2022 годзе Рада Еўропы прыпыніў бязвізавы рэжым для «грамадзянаў Вануату» праз гэтую сумнеўную і лёгкадаступную схему набыцця пашпарта. У снежні 2024-га ЕЗ канчаткова адмяніў бязвізавы рэжым з Вануату.

Як паведамляюць, журналіст «Бюро» патэлефанаваў Аляксею Алексіну, каб даведацца, навошта яму і ягоным сваякам спатрэбіліся пашпарты Вануату. Але той адказаў, што не чуе пытання, і слухаўку больш не здымаў. На афіцыйны запыт з гэтай жа нагоды Алексін таксама пакуль не адказаў.
А вось ягоны сын Віталь пракаментаваў «Бюро», што не ведае нічога пра пашпарт Вануату:
«У мяне толькі беларускі пашпарт, сіненькі», – заявіў Віталь Алексін і скончыў на гэтым размову.
Нагадаем, доўгі час тытунёвы рынак Беларусі быў падзелены між трыма гульцамі: дзяржавай у выглядзе ГТФ «Нёман», бізнесоўцамі Паўлам Тапузідысам і Аляксеем Алексіным.
Выданне «Наша Ніва» са спасылкаю на «людзей з галіны, якія валодаюць фактураю», паведаміла, што тытунёвыя фабрыкі Аляксея Алексіна і Паўла Тапузідыса практычна не атрымалі квотаў на выраб цыгарэтаў ды іх продаж на беларускім рынку ў 2025 годзе. Паводле крыніцаў выдання, гэтыя квоты для іх «амаль роўныя нулю», бо з напаўненнем унутранага рынку справіцца і Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман».
Рэгулюе тытунёвы рынак у Беларусі «Белдзяржхарчпрам», што выдае квоты тытунёвым фабрыкам. Прычым квотаў вылучалася заўсёды нашмат больш, як неабходна беларускаму рынку. Вядома таксама, што беларускія тытунёвыя вырабы паступаюць на Захад, у Расею ў выглядзе кантрабанды, што прыносіць вялікія прыбыткі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Надзея Вольная belsat.eu