навіны

«Наша Ніва»: Алексін і Тапузідыс страцілі тытунёвы рынак Беларусі, іхнае месца можа заняць Баскаў

Цыгарэта
Цыгарэта. Фота: Fried Dough / Flickr, PDM 1.0
podpis źródła zdjęcia

Доўгі час тытунёвы рынак Беларусі быў падзелены між трыма гульцамі: дзяржавай у выглядзе ГТФ «Нёман», бізнесоўцамі Паўлам Тапузідысам і Аляксеем Алексіным. Паводле крыніцаў «Нашай Нівы», апошнія два амаль не атрымалі квотаў на выраб цыгарэтаў у 2025 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Пара ад вэйпу. Фота: Alex Hancook / Flickr, CC BY-NC 2.0

У Беларусі напісалі «антывэйперскі» законапраект. Чаму змагаюцца з электроннымі, а не «звычайнымі» цыгарэтамі?

Аналітыка

Выданне «Наша Ніва» са спасылкаю на «людзей з галіны, якія валодаюць фактураю», паведаміла, што тытунёвыя фабрыкі Аляксея Алексіна і Паўла Тапузідыса практычна не атрымалі квотаў на выраб цыгарэтаў і іх продаж на беларускім рынку ў 2025 годзе. Паводле крыніцаў выдання, гэтыя квоты для іх «амаль роўныя нулю», бо з напаўненнем унутранага рынку справіцца і Гарадзенская тытунёвая фабрыка «Нёман».


Рэгуляваннем тытунёвага рынку ў Беларусі займаецца Белдзяржхарчпрам, што выдае квоты тытунёвым фабрыкам. Прычым квотаў выдзялялася заўсёды нашмат больш, чым неабходна беларускаму рынку. Вядома таксама, што беларускія тытунёвыя вырабы паступаюць на Захад, у Расею ў выглядзе кантрабанды, што прыносіць вялікія прыбыткі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.


Тапузідыс, нагадвае «Наша Ніва», раней зарабляў на аўтсорсінгу вытворчасці цыгарэтаў паводле эксклюзіўных кантрактаў з «British American Tobacco» і «Japan Tobacco International​», а таксама прадаваў пару ўласных марак на ўнутраным рынку.


ГТФ «Нёман» напаўняла ўнутраны рынак таннымі цыгарэтамі, але сама іх не прадавала. Рэалізацыю ўзяў на сябе Алексін, які заставіў краіну «Табакеркамі»: тытунёвыя шапікі сталіся адной з найбуйнейшых гандлёвых сетак Беларусі. З цягам часу Алексін займеў прыватны тытунёвы завод.


Пасля выбараў-2020 і заходніх санкцыяў экспарт цыгарэтаў на Захад скараціўся, таксама як скарацілася колькасць кантрабандных шляхоў. Распачалося змаганне за ўнутраны рынак. «Наша Ніва» піша: «за кошт шырэйшых сувязяў і большых магчымасцяў Алексін літаральна за паўтара года загнаў Тапузідыса ў андэграўнд, пазбавіўшы яго магчымасці прадаваць сваю прадукцыю хаця б дзе-небудзь, апроч уласнай сеткі распаўсюду ў "Кароне"». Ды прайгралі ў выніку і Алексін, і Тапузідыс.


«Самую сітуацыю нашыя суразмоўцы разглядаюць як настойлівае запрашэнне абодвух да абмеркавання продажу заводаў, – піша «Наша Ніва». – Чым даўжэй фабрыкі Алексіна і Тапузідыса будуць стаяць без справы, тым вышэйшымі будуць іх абавязанні адносна актываў, тым меншай будзе канчатковая цана. Адпаведна, чым раней пагодзішся, тым больш захаваеш, а спадзяешся перачакаць – яшчэ застанешся вінен».


Суразмоўцы выдання выказваюць здагадку, што атрымаць фабрыкі могуць людзі з атачэння Дзмітрыя Баскава, якога называюць «самым уплывовым чалавекам краіны, не лічачы Лукашэнак».


Баскаў – чалец Савету Рэспублікі і сябра «камісіі ў вяртанні», былы старшыня Федэрацыі хакею, былы галоўны трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі і былы дырэктар хакейнага «Дынама». Баскаў трапіў пад санкцыі Злучаных Штатаў, быў дыскваліфікаваны з усіх хакейных падзеяў Міжнароднай федэрацыяй хакею, з нядаўняга часу перастаў быць чальцом выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту. Нейкім чынам Баскаў звязаны са схемамі махляра Дзмітрыя Саксонава. Баскава падазраюць ва ўдзеле ў забойстве Рамана Бандарэнкі.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10