навіны

«На алеі зарабляюць больш, чым казіно». Кіраўнік БРЦ – пра рапсавае расследаванне

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузавы цягнік літоўскага перавозніка «LTG Cargo». Фота: LTG Cargo / intermodalnews.pl
podpis źródła zdjęcia

Беларускі расследавальніцкі цэнтр апублікаваў матэрыял пра пастаўкі з Беларусі ў ЕЗ алею, вырабленага з рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны. У каментары «Белсату» кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч раскрыў, што здзівіла яго падчас працы над расследаваннем: гэта сумы, якія беларуская кампанія зарабіла на продажы алею.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр прасачыў шлях рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь, дзе з яго робяць алей, і далейшыя пастаўкі гэтага алею ў ЕЗ.


Кіраўнік БРЦ Станіслаў Івашкевіч у размове з «Белсатам» адзначыў хуткую рэакцыю літоўскіх уладаў на гэтае расследаванне:

,,

«Мы ўжо пабачылі эфект сёння. Літоўскія ўлады арыштавалі некалькі вагонаў беларускай фірмы „Аграпрадукт“ і забаранілі не толькі імпарт рапсавага алею з Беларусі, але і транзіт».


Літоўскае выданне «15min.lt», якая брала ўдзел у расследаванні, удакладняе, што чыгуначны перавознік «LTG Cargo» распачаў унутранае правяранне і спыніў транспартаванне рапсавага алею з Беларусі. Акрамя таго, на мінулым тыдні ў Кяне былі затрыманыя 8 вагонаў з гэтай прадукцыяй, якія меліся даехаць да порту ў Клайпедзе. 


Адзначаецца таксама, што супраць «Аграпрадукту» санкцыяў няма, таму кампанія і не трапіла пад увагу ўладаў. Дагэтуль штомесяц транзітам літоўскай чыгункаю перавозілі каля 6 тысячаў тонаў рапсавага алею з Беларусі.

Рапс і рапсавы алей. Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vitbichi.by

Расследаванне: Беларусь прадае ў ЕЗ алей з рапсу з акупаваных тэрыторыяў Украіны

навіны

Дырэктар і сузаснавальнік «Аграпрадукту» – колішні дэпутат Берасцейскага абласнога савету Алег Цяслюк. Ён добра знаёмы з чыноўнікамі раённага і абласнога маштабу. У 2018 годзе ездзіў ва Украіну разам з былым кіраўніком Берасцейскага аблвыканкаму Канстанцінам Сумарам, які ў той час уваходзіў у назіральную раду кампаніі Аляксандра Машэнскага «Русское море». Машэнскага называюць «гаманцом» Лукашэнкі.


Івашкевіч у каментары «Белсату» прызнаў, што ніводнага факту продажу алею ў краінах ЕЗ даказаць не ўдалося, аднак, падобна, такія схемы існуюць:


«Калі мы пад прыкрыццём звярталіся да розных гульцоў у Латвіі і Літве, яны казалі, што ёсць спосабы для таго, каб прадаць, што практыкуецца продаж гэтага алею ўнутры ЕЗ, проста для гэтага трэба завозіць не праз тую краіну, дзе ты хочаш прадаць. То бок, каб прадаць у Літве, трэба завозіць праз Латвію».


У адзін з мінулых гадоў «Аграпрадукт» зарабіў 70 млн рублёў, і гэтая сума, як прызнаўся Івашкевіч, яго здзівіла:

,,

«Кампанія „Аграпрадукт“ афіцыйна зарабляе больш, чымся афіцыйна зарабляе „H Casino“ – фігурант нашага нядаўняга расследавання. Трэба адзначыць, што збожжа, якое вязуць з Херсоншчыны, паводле нашых ацэнак, на 30 % танней за рынкавы кошт. Мы даказалі як мінімум адзін кейс, калі яны куплялі гэтае збожжа ў рэпрэсаванага ўкраінскага фермера».


Гэты мужчына падчас уварвання расейскіх войскаў браў удзел у акцыях супраціву, апавёў кіраўнік БРЦ, напрыклад, бясплатна даваў малако людзям, якія пратэставалі супраць акупацыі. Спачатку расейцы пасадзілі фермера, а потым і ягонага сына.


«Калі ён выйшаў з турмы, ён перарэгістраваўся ў акупацыйнай адміністрацыі і пачаў прадаваць збожжа істотна ніжэй за рынкавы кошт», – сказаў Івашкевіч.


Ён не чакае, што рапсавае расследаванне прывядзе да новых санкцыяў, бо Захад вельмі асцярожна да гэтага ставіцца, баючыся справакаваць рост сусветных цэнаў на харчы. Таму часта гучаць заклікі скасаваць санкцыі супраць «Беларуськалію» праз тое, што кошт угнаенняў наўпрост уплывае на кошт харчоў.


Вітаўт Сіўчык, Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10