навіны

У Беларусі пазакрываюць прыватныя дамы догляду старых? Толькі шэсць атрымалі ліцэнзію на працу

Жанчына пенсійнага ўзросту
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына пенсійнага ўзросту. Барсэлюш, Партугалія. Фота: Liane Ferreira / Pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Улады пачалі змагацца з прыватнымі пансіянатамі для пажылых людзей яшчэ ў 2024 годзе, тлумачылі гэта санітарным станам установаў. Пры гэтым дзяржаўныя пансіянаты яшчэ горшыя за прыватнікаў.

Жыхары Дому міласэрнасці ў Кобрынскім раёне, Беларусь. Фота: dmkobrin.by

«Чалавек без грошай гніе жыўцом у дзяржаўных інтэрнатах». Чаму закрыліся прыватныя дамы догляду старых

навіны

Міністарка працы Беларусі Наталля Паўлючэнка расказала ў інтэрв’ю дзяржаўнай газеце «Рэспубліка», што ў Беларусі толькі шэсць прыватных пансіянатаў для старых атрымалі ліцэнзіі на працу, бо выканалі патрабаванні ў эпідэміялагічнай і пажарнай бяспецы, а таксама прапанавалі «якасныя паслугі». Паводле яе, «добрасумленныя гульцы» сталіся «памочнікамі дзяржавы», але былі выяўленыя «нядобрасумленныя прыклады».


Ліцэнзаванне для недзяржаўных установаў для пажылых увялі з 1 кастрычніка 2024 года. Гэта здарылася пасля рэйдаў у прыватныя дамы догляду старых, у выніку якіх з 35 былі закрытыя 11. Цяпер з 24, што засталіся, толькі траціна атрымала права працаваць.


Паводле Мінпрацы, у час рэйдаў выявілі парушэнні пажарнай бяспекі і неналежныя санітарныя ўмовы, у адным з пансіянатаў у Менскім раёне выявілі каросту ў 11 чалавек з 25.


Работнік аднаго з прыватных пансіянатаў тлумачыў «Deutsche Welle», што галоўная цяжкасць – не ў санітарным стане і не ў якасці паслугаў. Найцяжэй прайсці правяранне пажарнай бяспекі, бо дамам догляду старых выстаўляюць патрабаванні як аб’ектам падвышанай пажарнай небяспекі. А звычайна такія ўстановы месцяцца ў простых прыватных дамах.


Былая работніца аднаго з прыватных дамоў догляду старых расказвала «Белсату», што дзяржаўныя пансіянаты яшчэ горшыя за прыватнікаў. Няхай дзякуючы датацыям у іх ёсць магчымасць выконваць самыя неймаверныя патрабаванні МНС і санстанцыяў, але туды наймаюць несумленных сядзелак. Паводле суразмоўцы, у дзяржаўных «дамах састарэлых» сядзелкі часта прыходзяць на працу п'яныя, а людзі там «гніюць жыўцом», бо не атрымліваюць догляду. 


Яшчэ адна жанчына, якая працуе сядзелкаю шмат гадоў, падкрэслівала, што змена месца для некаторых жыхароў інтэрнатаў можа быць раўназначнай смяротнаму прысуду: напрыклад, людзі з дэменцыяй вельмі цяжка пераносяць змену абстаноўкі і звыклага ўкладу, гэта можа звесці ўсе дасягнутыя ў лячэнні поспехі на нішто.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10