Меркаваннi

Шкода ці трызненне? Пісталет, ілюзіі і санкцыі

Прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пратэстуюць супраць заходніх санкцыяў каля будынку амбасады ЗША. Менск, Беларусь, 1 траўня 2021 года. Фота: Stringer/Anadolu Agency via Getty Images
Прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі пратэстуюць супраць заходніх санкцыяў каля будынку амбасады ЗША. Менск, Беларусь, 1 траўня 2021 года. Фота: Stringer/Anadolu Agency via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

«Санкцыі працуюць не на шкоду рэжыму, а супраць звычайных беларусаў і знішчаюць будучыню Беларусі...». Калі я чую ці чытаю такое, у мяне пачынае торгацца левае павека і пальцы правай рукі здзяйсняюць міжвольныя рухі ў пошуках пісталета. Нервуюся я, і моцна.

Ці ўплываюць санкцыі на эканоміку Беларусі? Безумоўна!

Калій, які раней з камфортам падарожнічаў у розныя часткі з такой блізкай, роднай Клайпеды, цяпер пераадольвае горы і пустэльні, каб дабрацца да выключна (практычна) азіяцкіх пакупнікоў. І, вядома, такі доўгі і цярністы шлях з'ядае ўсялякі прыбытак, абнуляе плацяжы ў бюджэт.

«Нафтаначка» нашая, якая раней таксама дужа зарабляла на перапрацоўванні недарагой расейскай нафты і продажы гатовых прадуктаў на Захад (і ва Украіну), у існых варунках таксама перабіваецца з хлеба на ваду.

Пакапаўшыся ў статыстыцы, можна знайсці яшчэ некаторую колькасць адпаведных прыкладаў і ацаніць недаатрыманы ВУП краіны... Вельмі ўмоўна – мільярдаў 10 долараў за мінулыя тры-чатыры гады. Парадак коштаў будзе прыкладна такі, да дакладных жа лічбаў прапаную не прыдзірацца.

У каго забралі гэтыя мільярды? Асабіста ў Лукашэнкі? Не, вядома! Ён жыве, «пад сабою не адчуваючы краіны», на поўным дзяржаўным забеспячэнні, і яму ад гэтых санкцыяў (як і базе сённяшняй улады – сілавікам) ні холадна ні горача. Тады, можа быць, у «звычайных» беларусаў? Гэта было б вельмі адважнае сцверджанне. Асабліва на фоне росту даходаў насельніцтва на 14,6 % за мінулыя чатыры гады. Гэтыя грошы не трапілі ў бюджэт і на балансы дзяржаўных прадпрыемстваў (што ў нашай сітуацыі адно і тое ж – гэта адна дзяржаўная скарбонка, мяркуючы з таго, з якою лёгкасцю кідаюць бюджэтныя грошы ў бок дзяржаўных прадпрыемстваў у выпадку неабходнасці).

Ці нанёс такі недабор удар па МУС, КДБ, СК, КДК, ДФР, судах і пракурорах? Вельмі і вельмі ўскосны. Выдаткі на ўтрыманне сілавога апарата складаюць каля $ 1 млрд штогод, так што ККДз такіх удараў па бюджэце – 6–7 %, як у першых паравых рухавікоў.

,,

Значна больш пара ідзе ў свісток, у стварэнне «санкцыйнага туману».


Але ці можна сцвярджаць, што гэтых грошай недалічыліся, напрыклад, бюджэтнікі? Адказ той жа – не. Рэч у тым, што дзяржава падымае прыбыткі гэтых самых бюджэтнікаў (і звязаныя з імі выплаты) толькі ў выпадку, калі далей ужо ніяк. Менавіта гэта адбылося ў пачатку бягучага года – выраслі і мінімалка, і дзіцячыя дапамогі, і пенсіі, але ёсць адно «але»! Зусім не ад «гаспадаравай шчодрасці». Проста разагнаныя (з прычыны нястачы працоўных рук) заробкі, найперш у камерцыйным сектары эканомікі, стварылі прыкметны воку дыспарытэт. Пенсіі, паводле мэтавага стану ў 40 % ад сярэдняга заробку, былі на ўзроўні 36 %, а заробкі самага беднага бюджэтнага сектару – адукацыі – не даганялі сярэдняга, а наадварот, павялічвалі адставанне.

Таму не было б у нас ніякага асаблівага росквіту, развіцця, «рыўка» ад таго, што гэты ўмоўны дзясятак мільярдаў долараў апынуўся ў руках цяперашняй «адміністрацыі». З вельмі вялікаю доляй імавернасці гэтыя грошы былі б скіраваныя на чарговыя стратныя суперпраекты кшталту Беларускай АЭС, цэментнай і дрэваапрацоўчай галінаў, БНБК, МАЗу і Светлагорскага ЦКК. Усіх тых вялікіх і малых прадпрыемстваў, якія гадамі ўпэўнена знішчаюць грошы звычайных беларусаў, працуючы са стратамі.

Нязгодным з тэзісам прапаную прывесці прыклад паспяховых дзяржаўных і калядзяржаўных інвестыцыяў у рынкавым сектары (манаполіі не лічацца). Я падзяляю пачуцці беларусаў, якія не маюць магчымасці бюджэтна злётаць у адпачынак з Менску, або прастойваюць дзясяткі гадзінаў на межах, або раптам не выявілі звыклых тавараў на паліцах беларускіх крамаў.

Можна пагаварыць пра тое, «ці па справе». «Белавіі» забаранілі палёты ў Еўропу пасля хвацкага пірацкага захопу боінга (пасля ліста «Хамасу» са Швейцарыі, ад якога ў «Хамасе» адхрысціліся). Прыкра. Але з пункту гледжання эканомікі і дасанкцыйная «Белавія» зарабляла прыкладна 5 % ад абароту, прапаноўваючы квіткі ў еўрапейскія сталіцы ў два-тры разы даражэй за аэрапорт Менск-3 – горад Вільню.

,,

Санкцыі – дрэнна, яны сапраўды наносяць шкоду. Але іх уплыў – гэта камарыны ўкус, лёгкае пашчыпванне ў параўнанні са штогадовым спальваннем мільярдаў долараў у трубе дзяржаўнай часткі эканомікі.


Калі б Беларусь не спрабавала вярнуцца «назад у БССР», а самыя беларусы не дазвалялі выкідваць штогод мільярдаў уласных грошай пад выглядам «эфектыўных дзяржаўных інвестыцыяў», то, магчыма, мы мелі б сёння ўзровень развіцця Літвы. А гэта значыць (пры беларускіх коштах) плюс 70 млрд штогод або 210–280 млрд за санкцыйныя 3-4 гады.

Эканамічныя ілюзіі Лукашэнкі разоў у 20 страшнейшыя за любыя санкцыі. І калі ўжо спрабаваць вызначыць, што або хто стаіць на шляху «будучыні Беларусі», то акажацца, што рэч зусім не ў санкцыях – урэшце, у перыяд 2012–2020 гадоў не было ніякіх санкцыяў (практычна), пры гэтым рост ВУП у Беларусі быў крыху вышэйшы за нуль (гэта я для тых, у каго дрэнна з памяццю).

P.S. Нашае шчасце ў тым, што ў краіне палова эканомікі прыватная. Пра яе неяк не гавораць у тэлебачанні, не пішуць у «СБ», пра яе не памятаюць дзяржаўныя публічныя эканамісты, але менавіта на прыватны сектар прыпадае 52 % інвестыцыяў, і яны жывуць паводле зусім іншых законаў, і на санкцыі не скардзяцца. Проста працуюць штодня. І калі мы гаворым або думаем пра шчаслівую эканамічную «будучыню Беларусі», надзея менавіта на іх, а не на... Дадайце самастойна, а то ў мяне зноў рука па пісталет пацягнулася.

belsat.eu / МВ

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш

апошнія

Item 1 of 10