У Лос-Анджэлесе адбылася 67-ая цырымонія ўручэння музычнай прэміі «Грэмі». Найбольш узнагародаў атрымаў рэпер Кендрык Ламар.
Трэк «Not Like Us» прынёс рэперу перамогу ў намінацыях «Запіс года», «Песня года», «Найлепшае рэп-выкананне», «Найлепшая рэп-песня» і «Найлепшае музычнае відэа».
«Грэмі» за найлепшы альбом упершыню атрымала Бэёнсэ з пласцінкай «Cowboy Carter», якую таксама прызналі найлепшым альбомам у жанры кантры. Апроч таго, спявачка разам з Майлі Сайрус перамагла ў намінацыі «Найлепшы кантры-дуэт».
Сабрына Карпэнтэр здабыла дзве статуэткі – за найлепшае сольнае поп-выкананне з песняй «Espresso» і за найлепшы вакальны поп-альбом «Short n' Sweet». Апроч таго, песня «Espresso» прызнаная найлепшым рэміксам.
Найлепшым новым артыстам прызнаная Чэпэл Роўн, а найлепшым аўтарам песень – Эймі Элен. Прыз на найлепшае поп-выкананне дуэтам ці гуртом атрымалі Лэдзі Гага і Брунаў Марз за кампазіцыю «Die With A Smile».
Найлепшым танцавальным альбомам прызналі кружэлку «Brat» Charli XCX. А ейную песню «Von Dutch» прызналі найлепшым танцавальным поп-запісам.
Узнагароду ў намінацыі «Найлепшае рок-выкананне» атрымалі «The Beatles» – за кампазіцыю «Now and Then» з вакалам Джона Ленана. А найлепшым рок-альбомам прызнаны «Hackney Diamonds» ад «The Rolling Stones». Спявачка St. Vincent атрымала «Грэмі» за найлепшы альтэрнатыўны альбом – «All Born Screaming».
Найлепшы рэп-альбом – «Doechii» ад «Alligator Bites Never Heal», а статуэтка за найлепшае R&B выкананне – у Мані Лонг за кампазіцыю «Made For Me (Live On BET)».
Шакіра атрымала «Грэмі» за найлепшы лацінаамерыканскі поп-альбом – «Las Mujeres Ya No Lloran».
Поўны спіс пераможцаў і намінантаў ёсць на сайце арганізатараў прэміі.
Якуб Хруст belsat.eu