Праз больш як 15 месяцаў амаль бесперапынных баявых дзеянняў у Газе дыпламаты, якія ўдзельнічалі ў перамовах пра спыненне агню паміж Ізраілем і «Хамасам», падпісалі пагадненне.
Дэлегацыі Ізраілю і групоўкі «Хамас» дамовіліся ў Досе пра замірэнне. Пра гэта паведамілі ў Офісе прэм’ер-міністра Ізраілю Бэньяміна Нэтаньягу. Прадстаўнікі ЗША і Катару таксама паставілі подпісы пад пагадненнем аб спыненні агню ў сектары Газа і вызваленні ізраільскіх закладнікаў.
Нагадаем, яшчэ ў панядзелак афіцыйны прадстаўнік «Хамасу» заявіў, што ўгода магчымая ў найбліжэйшыя дні. У аўторак ізраільскі чыноўнік паведаміў, што Ізраіль гатовы падпісаць дамову і чакае адказу ад «Хамасу».
Прадстаўнікі «Хамасу», якія вялі перамовы ў Катары, для падпісання пагаднення павінны былі атрымаць згоду ад астатніх вайсковых камандзіраў групоўкі ў Газе. Сярод гэтых камандзіраў быў Мухамэд Сінўар (брат Ях'і Сінўара, які ўзначальваў групу да сваёй гібелі ад рук ізраільцянаў у верасні). У звязку з неабходнасцю трымаць месцазнаходжанне Мухамэда Сінўара ў сакрэце, з ім цяжка было звязацца, што прывяло да затрымак.
Цяпер слова за ўрадам Ізраілю, які павінен ухваліць пагадненне, удакладнілі ў Офісе Нэтаньягу, аднак кабінет збярэцца не раней за вечар суботы.
Ужо вядзецца рыхтаванне да прыёму вызваленых закладнікаў, дадалі ў Офісе прэм’ер-міністра.
«Тым, хто выступае супраць угоды, трэба даць 24 гадзіны на падачу петыцыі ў Вярхоўны суд, а пасля паседжання ў пятніцу ўдзень у іх не застанецца дастаткова часу, бо шмат хто з іх рэлігійны і выконвае шабат», – перадае «Times of Israel» тлумачэнне прэс-службы Нэтаньягу.
Раней ультраправая партыя «Рэлігійны сіянізм», якая ўваходзіць у ізраільскую кіроўную кааліцыю, выступіла супраць поўнамаштабнага пагаднення аб спыненні агню. Партыя патрабуе аднавіць баявыя дзеянні ў Газе пасля таго, як завершыцца першы этап пагаднення, разлічаны на 42 дні.
Што прадугледжваюць умовы пагаднення?
Умовы пагаднення ўключаюць трохэтапнае спыненне агню: Ізраіль будзе выводзіць войскі з Газы, а «Хамас» будзе вызваляць закладнікаў у абмен на палонных палестынцаў.
Ізраільскія афіцыйныя асобы спадзяюцца на вызваленне хаця б часткі з прыкладна 100 закладнікаў, захопленых «Хамасам» у Газе пасля нападу на поўдзень Ізраілю ў кастрычніку 2023 года. Ізраільскія ўлады мяркуюць, што 35 закладнікаў з пазасталых загінулі.
Лідары «Хамасу» імкнуцца закончыць ваенныя дзеянні Ізраілю, арганізаваць паступленне матэрыялаў для аднаўлення інфраструктуры і дабіцца вызвалення палестынцаў.
На першым этапе, які працягнецца блізу шасці тыдняў, «Хамас» згодны перадаць 33 закладнікаў, большасць з якіх, як мяркуе Ізраіль, жывыя. Пра гэта паведаміў ізраільскі чыноўнік, які пажадаў застацца ананімным. Ізраіль гатовы вызваліць у абмен сотні палестынскіх зняволеных, сказаў чыноўнік, але колькасць залежыць ад таго, колькі закладнікаў усё яшчэ жывыя.
Чаму гэтае пагадненне ўсё ж сталася магчымым?
Некаторыя афіцыйныя асобы мяркуюць, што на Ізраіль і «Хамас» мела ўплыў змена адміністрацыі ў ЗША, прызначаная на 20 студзеня. Гэта паскорыла працэс прыняцця пастановаў праз некалькіх месяцаў зацяжных перамоваў.
Абраны прэзідэнт ЗША Доналд Трамп папярэдзіў, што калі да моманту ягонага ўступлення на пасаду закладнікі не будуць вызваленыя, то «расплата будзе жорсткай».
Стыў Ўіткаф, пасланнік Трампа на Блізкім Усходзе, таксама наведаў Катар і Ізраіль.
Перамовы паскорыліся яшчэ і пасля таго, як Ізраіль дасягнуў асобнага пагаднення аб спыненні агню з ліванскай групоўкай «Хізбула», што пачала абстрэльваць Ізраіль ракетамі адразу пасля нападу «Хамасу» ў кастрычніку 2023 года. Пасля эскалацыі канфлікту з Ізраілем «Хізбула» пагадзілася на спыненне агню ў лістападзе, што спрыяла ізаляцыі «Хамасу».
Надзея Вольная belsat.eu