Доналд Трамп не выключыў магчымасці выхаду Злучаных Штатаў з блоку NATO і назваў умову, пры якой краіна застанецца ў альянсе.
Умовай, пры якой Злучаныя Штаты Амерыкі працягнуць сваё сяброўства ў альянсе, абраны прэзідэнт Доналд Трамп назваў выкананне фінансавых абавязальніцтваў іншых хаўруснікаў.
,,«Я не абавязаны захоўваць краіну ў альянсе… Калі яны будуць плаціць па сваіх рахунках, то канечне [застанемся]», – адзначыў Доналд Трамп у інтэрв’ю тэлеканалу NBC News.
Нагадаем, што яшчэ падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну, роўна як і падчас цяперашняй выбарчай кампаніі Доналд Трамп крытычна выказваўся пра краіны NATO, якія трацяць на абарону менш за 2% ВУП – гэта ўсталяваная норма.
Эксперты мяркуюць, што Трамп можа прапанаваць рэфармаванне NATO ў двухузроўневую структуру. У гэтым выпадку краіны, якія не выконваюць патрабаванне аб 2% на абарону, трапяць у «другі эшалон», і на іх не будзе распаўсюджвацца артыкул 5 аб калектыўнай абароне ў выпадку нападу.
Пры гэтым былы генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнберг яшчэ ў ліпені выказваў упэўненасць, што ЗША застануцца ў альянсе нават пры абранні Доналда Трампа на пасаду прэзідэнта.
Раман Шавель belsat.eu