навіны

Вонкавы гандаль таварамі і далей выцягвае з Беларусі валюту

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: jcomp / Freepik
podpis źródła zdjęcia

Дэфіцыт вонкавага гандлю таварамі перавысіў $ 3,6 млрд, паводле звестак Белстату за студзень – кастрычнік. За гэты ж час летась імпарт быў большым за экспарт на $ 2,3 млрд. Вонкавы гандаль цяпер – ледзь не адзіная крыніца валюты для Беларусі, і гэтая крыніца працягвае перасыхаць.

У студзені – кастрычніку сёлета Беларусь прадала за мяжою тавараў на $ 34 млрд, а купіла імпартнага на $ 37,6 млрд. Звесткі Белстату сведчаць, што імпарт рос хутчэй за экспарт (7,1 % супраць 3,6 %).


Такім чынам, за дзесяць месяцаў краіна нагандлявала ў буйны мінус, дэфіцыт склаў $ 3,6 млрд.


Статыстычнае ведамства хавае падрабязную інфармацыю з разбіўкаю на тавары і краіны, таму невядома, з кім і чым гандлюе Беларусь. Маюцца толькі звесткі пра супрацу з краінамі СНД і астатнім светам.


Дзяржавы былога Савецкага Саюзу (тут амаль усё прыпадае на Расею) купілі беларускага на $ 24,2 млрд, што на 7,3 % болей год да года. Але ж імпарт з гэтых краінаў вырас ажно на 10,9 % да $ 21,8 млрд.


Гандаль з «далёкай дугою» ўважаць як паспяховы нельга: беларускі экспарт туды скараціўся на 4,4 % да $ 9,8 млрд, а вось імпарт адтуль павялічыўся на 2,3 % да $ 15,8 млрд.


Звычайна вонкавы гандаль Беларусі ратуюць паслугі, экспарт якіх больш ці менш кампенсуе страты ад гандлю таварамі. Адпаведную статыстыку Нацбанк апублікуе крыху пазней.


Сёлета агульны вонкавы гандаль краіны кідае з мінуса ў плюс. Калі дэфіцыт будзе павялічвацца штомесяц, у Беларусі могуць узнікнуць праблемы з валютаю. Звычайна ў такіх выпадках дзяржавы прыцягваюць крэдыты і інвестыцыі, а ў нас такая крыніца засталася толькі на ўсходзе.


«Калі дэфіцыт будзе хранічна расці, могуць папрасіць падтрымання ў Расеі, улічваючы, што там, наадварот, актыўна расце дадатнае гандлёвае сальда. І гэта прывядзе да яшчэ большай залежнасці ад суседняй краіны. Яшчэ і палітычныя патрабаванні могуць высунуць», – папярэджвала раней эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10