Беларускі Памежны камітэт падлічыў, колькі турыстаў з еўрапейскіх краінаў прыехала ў Беларусь, карыстаючыся ўведзеным бязвізам.
Згодна са звесткамі, што прыводзіць беларускае памежнае ведамства, з 15 красавіка 2022 года нашую краіну наведалі 1 004 198 прадстаўнікоў еўрапейскіх краінаў.
Найбольшая колькасць турыстаў прыбыла да нас з Літвы – 576 942 асобы, з Латвіі – 314 934 і з Польшчы – менш за ўсё – 100 977.
З 19 ліпеня 2024 года ў Беларусь заехалі 11 345 іншаземцаў з 35 краінаў, што ў спісе «пашыранага бязвізу». Ведамства адзначае, што найчасцей бязвіз выкарыстоўваюць турысты з Нямеччыны, Эстоніі, Італіі, Францыі і Вялікай Брытаніі.
За мінулы тыдзень, адзначае Памежны камітэт, у бязвізавым парадку ў Беларусь заехалі 4828 грамадзянаў з 38 еўрапейскіх дзяржаваў.
Нагадаем, што ў красавіку 2022 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, згодна з якім для грамадзянаў Польшчы, Літвы і Латвіі быў уведзены бязвізавы ўезд на тэрыторыю Беларусі. З 17 ліпеня 2024 года гэты парадак пашырыўся на грамадзянаў яшчэ 35 краінаў Еўропы.
У той жа час урады Польшчы, Літвы і Латвіі не аднойчы заклікалі сваіх грамадзянаў устрымацца ад паездак у нашу краіну ў сувязі з высокай рызыкаю затрыманняў і ціску. І такія заявы мелі пад сабою падставы, бо падобныя выпадкі здараліся не аднойчы.
Так, вядома, што ў Беларусі станам на канец кастрычніка арыштаваныя 26 жыхароў Латвіі.
Раман Шавель belsat.eu