Аб’яднанне былых беларускіх сілавікоў «BELPOL» вывучыла структуру крымінальных справаў, якія ў 2023 годзе заводзіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі. Галоўная выснова – ведамства ў значнай ступені спыніла сваю профільную дзейнасць і цяпер заводзіць пераважна «палітычныя» справы.
Паводле «BELPOL», інфармацыя пра справы, якія вядзе КДБ, заўсёды мела закрыты характар, менавіта таму былыя сілавікі захацелі зліквідаваць гэтую белую пляму.
Інфармацыю атрымалі пасля таго, як 26 красавіка 2024 года сайт КДБ узламалі «Кіберпартызаны».
З атрыманых звестак вынікае, што больш за 43 % адкрытых КДБ у 2023 годзе крымінальных справаў, а таксама 32,1 % (132 справы з 411) тых, што цягам года былі ў вядзенні, былі палітычна матываванымі.
Самыя папулярныя «палітычныя» артыкулы Крымінальнага кодэксу, паводле якіх КДБ пачынае справы:
- арт. 356 («Здрада дзяржаве»): 31 справа;
- арт. 289 («Акт тэрарызму»): 21 справа;
- арт. 361-3 («Удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях, вярбоўка ці падрыхтоўка асобаў да такога ўдзелу»): 17 справаў;
- арт. 361-2 («Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці»): 12 справаў.
Што датычыць справаў «за здраду дзяржаве, шпіянаж і агентурную дзейнасць», то падставай для іх завядзення пераважна былі выпадкі перадачы фігурантамі інфармацыі беларускім незалежным медыям ці дапамога Украіне ў барацьбе з расейскай агрэсіяй, зазначаюць былыя сілавікі.
Апрача таго, паводле «BELPOL», у 2023 годзе ўсе органы крымінальнага пераследу завялі 150 справаў паводле арт. 367 КК («Паклёп у дачыненні прэзідэнта»), 1263 справы – паводле арт. 368 КК («Знявага прэзідэнта»).
Арганізацыя былых сілавікоў адзначае, што КДБ «пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года істотна змяніў прыярытэты сваёй дзейнасці» ў бок «незаконнага крымінальнага пераследу грамадзянаў паводле палітычных матываў» і што на падставе матэрыялаў КДБ або пры яго спрыянні «палітычныя» справы адкрываў і Следчы камітэт.
Раней КДБ заводзіў асноўную частку крымінальных справаў у дачыненні асобаў, якія здзейснілі службовыя і эканамічныя злачынствы, а таксама асобаў, датычных да незаконнага абароту наркотыкаў, зброі і выбуховых рэчываў, зазначае «BELPOL». Палітычна матываваныя крымінальныя справы, за выключэннем асобных перыядаў (прэзідэнцкія выбары 2006 і 2010 гадоў, справа «Белага легіёну») не мелі масавага характару. Крымінальныя справы «шпіёнскай накіраванасці» адкрываліся ў адзінкавых выпадках.
,,«У апошнія ж гады ёсць выразная тэндэнцыя да прыярытэтнасці для КДБ незаконнага пераследу грамадзянаў паводле палітычным матываў», – сцвярджае «BELPOL».
Пры гэтым у 2023 годзе КДБ не адкрываў справаў паводле артыкулаў, якімі займаўся раней:
- арт. 210 («Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі»);
- арт. 228 («Кантрабанда»);
- арт. 235 («Легалізацыя («адмыванне») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам»);
- арт. 424 («Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі»);
- арт. 425 («Бяздзейнасць службовай асобы»);
- арт. 427 («Службовы падлог»);
- арт. 428 («Службовая халатнасць»);
- шэраг артыкулаў пра злачынствы супраць парадку выканання воінскага абавязку (арт. 455 ды інш.).
Рэдкімі былі справы паводле арт. 295 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»): тры выпадкі; арт. 328 («Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў»): тры выпадкі; арт. 426 («Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў»): адзін выпадак.
Марыя Міхалевіч belsat.eu