Грузінская апазіцыя сабралася на акцыю пратэсту ля парламента і плануе разгарнуць «фронт супраціву» па ўсёй краіне. Пра гэта паведаміў адзін з лідараў партыі «Адзінства – нацыянальны рух» Георгій Вашадзэ 4 лістапада.
На мітынгу ён агучыў асноўныя ідэі апазіцыйных партый.
«Мы патрабуем прызначэння новых выбараў. Мы не прызнаем выбары і не прызнаем легітымнасць парламента. Мы пачалі рух супраціву і разгортваем фронт супраціву спачатку ў Тбілісі, а затым па ўсёй Грузіі. Кожны наступны пратэст будзе ўсё больш вострым і арыентаваным на больш канкрэтныя мэты.
Мы працягваем збіраць доказы і цалкам рыхтуем дакументацыю для міжнароднага расследавання, каб усе злачынцы панеслі пакаранне», – сказаў Георгій Вашадзэ ля парламента ў Тбілісі, перадае «Эхо Кавказа».
Ён падкрэсліў, што пратэсты будуць штодзённымі і не скончацца да канчатковай перамогі. Верагодна, апазіцыя хоча блакіраваць асноўныя транспартныя патокі Тбілісі.
Апазіцыя ўжо збіралася на мітынг 28 кастрычніка з патрабаваннем новых парламенцкіх выбараў. Паводле вынікаў галасавання, якія агучыў ЦВК Грузіі, перамагла кіроўная партыя «Грузінская мара», якая хоча захавання стасункаў з Расеяй і супраць антырасейскіх санкцый. Апазіцыя сцвярджае, што вынікі выбараў несапраўдныя і не адлюстроўваюць волю большасці.
Арсен Рудэнка belsat.eu