Пракуратура Грузіі выклікала на допыт прэзідэнтку краіны Саламэ Зурабішвілі. Выклік звязаны з ейнымі заявамі пра фальсіфікацыю парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка.
Пракуратура паведамляе, што пачала расследаванне пасля адпаведнага звароту Цэнтральнай выбарчай камісіі паводле артыкулу 164 (3) КК Грузіі («Наўмысная фальсіфікацыя звязаных з выбарамі дакументаў: выбарчых спісаў, пратаколаў, бюлетэняў, рэгістрацыйных журналаў і кантрольных лістоў»).
«Згодна з інфармацыяй, якая распаўсюджваецца ў публічнай прасторы, Саламэ Зурабішвілі, як яна сцвярджае, павінна мець доказы магчымай фальсіфікацыі парламенцкіх выбараў 2024 года, таму, паводле закону, прэзідэнтку Грузіі выклікалі ў следчы орган», – заявіла пракуратура, паведамляе «NewsGeorgia».
Зурабішвілі з доказамі чакаюць у пракуратуры 31 кастрычніка.
Напярэдадні ЦВК Грузіі папрасіла пракуратуру разабрацца з кампаніяй заяваў наконт фальсіфікацыі выбараў. У Цэнтрвыбаркаме адзначылі, што сталіся «аб’ектам асаблівых нападак і неабгрунтаванай крытыкі».
,,«Прэзідэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, а таксама прадстаўнікі некаторых палітычных партый, якія бяруць удзел у выбарах, беспадстаўна нападаюць на ЦВК і неабгрунтаванымі абвінавачваннямі спрабуюць нашкодзіць рэпутацыі», – адзначылі ў камісіі.
У ЦВК адзначылі станоўчыя ацэнкі арганізацыі выбараў з боку БДІПЧ/АБСЕ і падкрэслілі, што аўдыт электронных сістэмаў галасавання праводзіла амерыканская кампанія і не выявіла ніякіх хібаў.
26 кастрычніка ў Грузіі адбыліся парламенцкія выбары. На іх, паводле ЦВК, кіроўная партыя «Грузінская мара» перамагла, атрымаўшы 53,93 % галасоў выбарнікаў. У адказ дзейная прэзідэнтка Зурабішвілі заявіла, што выбары былі сфальсіфікаваныя «Грузінскай марай», і заклікала людзей змагацца за свой голас. Услед за прэзідэнткаю вынікі выбараў адхілілі ўсе чатыры блокі апазіцыі, якія прайшлі па выніках выбараў у парламент.
Якуб Хруст belsat.eu