Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала сем ініцыятыўных групаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. Апазіцыі сярод іх няма, але навошта Лукашэнку столькі спойлераў?
Да збору подпісаў за кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах 2025 года дапусцілі рэкордна мала ініцыятыўных групаў: толькі 7. На мінулых выбарах, у 2020 годзе, было 15 ініцыятыўных групаў, на пазамінулых, у 2015-м, – 8, а ў 2001 годзе – ажно 22. А ў 2010 годзе ў бюлетэні трапіла больш кандыдатаў, чым цяпер хаця б дапусцілі да збору подпісаў.
Упершыню на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі няма кандыдатаў, якія хаця б намінальна канкуруюць з Лукашэнкам.
Да апазіцыі раней адносілі Ганну Канапацкую – кандыдатку на выбарах-2020 і патэнцыйную кандыдатку на выбарах-2025, экс-дэпутатку Палаты прадстаўнікоў і экс-сябру Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Ды з партыі яна выйшла, у час выбараў-2020 крытыкавала не столькі Аляксандра Лукашэнку, колькі Святлану Ціханоўскую, а ў 2021 годзе брала ўдзел у праўладным «Усебеларускім сходзе» – і назвала яго «сходам пераможцаў».
Навошта наогул вылучаліся іншыя кандыдаты і навошта іхныя групы рэгістравалі?
Еўрапарламент ужо заявіў, што выбары ў Беларусі не могуць лічыцца справядлівымі і свабоднымі. Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна. Масавых пратэстаў не прадбачыцца на фоне няспынных масавых рэпрэсіяў. Навошта тады ўладам столькі спойлераў – ажно сем «кандыдатаў у кандыдаты», а не два-тры? І навошта ім самім гэтае вылучэнне?
Доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч у каментары «Белсату» падкрэслівае: не кандыдаты вылучыліся, а ім сказалі вылучацца. Яны ўдзельнічаюць у выбарах, бо такая функцыя ў кіраўнікоў праўладных партыяў або такая «сацыяльная нагрузка» для рэшты. Удзел у выбарах можа не толькі даць ім права працягваць палітычную кар’еру, але і падняцца на нейкія пасады ў выканаўчай вертыкалі.
Усе кандыдаты, якіх зарэгіструюць, будуць загадзя ўзгодненыя ўладамі, перакананы ён. Усе кандыдаты, кажа ён, будуць дэманстраваць палітычную разнастайнасць, працаваць з асобнымі мэтавымі групамі, прыцягваць агульную ўвагу да выбараў – але не канкураваць з Лукашэнкам.
,,«Улады Беларусі хочуць, каб у выбары ўцягваліся розныя сацыяльныя групы, каб яны бачылі сваё прадстаўніцтва ў гэтым працэсе. Таму фактычна для кожнага з кандыдатаў, якія цяпер зарэгістраваныя, гэтую групу можна акрэсліць», – лічыць Казакевіч.
Яшчэ падчас рэформы Канстытуцыі ў 2022 годзе, згадвае Казакевіч, улады пастанавілі пакінуць не адну партыю, а некалькі, каб «рабіць выбары больш цікавымі». На выбарах камуністы з Сяргеем Сыранковым маюць паказаць, што чуюць левых, Ліберальна-дэмакратычная партыя Алега Гайдукевіча можа спрабаваць рэпрэзентаваць сябе як абаронцу інтарэсаў дробнага і сярэдняга бізнесу, Вольга Чамаданава – кандыдатка для сілавікоў, а яшчэ і жанчына, і гэтак далей.
Чаму падавалася Канапацкая, Казакевіч не ведае. Уяўляе, што ёй маглі «даць знак, што такое пытанне разглядаецца», а для яе патэнцыйны ўдзел у выбарах – магчымасць прыцягнуць да сябе ўвагу, спадзявацца на далейшую палітычную кар’еру, мо вярнуць сабе дэпутацкі мандат або іншым чынам убудавацца ў дзейную сістэму. Для ўладаў жа Канапацкая – «зручны партнёр», каб «пагуляцца з апазіцыяй» і знайсці нейкі голас для незадаволеных уладай. Не было б цікава, не зарэгістравалі б ініцыятыўную групу. Без такога «сімвалічнага ўдзелу апазіцыі» атрымалася б зусім «герметычнае поле». Зарэгістравалі яе нягледзячы на тое, што яна, падобна, мела нямецкі дазвол на жыхарства, што мусіла б стаць прычынаю не дапусціць яе да выбараў.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Валянцін Васіленка, Алесь Наваборскі belsat.eu