Агулам ініцыятыўных групаў будзе сем: за Лукашэнку, Гайдукевіча, Хіжняка, Чамаданаву, Канапацкую, Бобрыкава і Сыранкова. Апазіцыянераў сярод іх няма.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі правяла 4 лістапада чарговае паседжанне. Відэа паседжання транслявалі на сайце ЦВК. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка спачатку расказаў пра фармаванне выбарчых камісіяў (куды апазіцыю не дапусцілі), пасля галасавання наконт ініцыятыўных групаў ухвалілі прадстаўнікоў групаў у фінансавых пытаннях і захады для дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
Каго зарэгістравалі
Ініцыятыўную групу Ганны Канапацкай зарэгістравалі адзінагалосна. Яна падала ўвесь пакет дакументаў, але адносна 110 грамадзянаў у ініцыятыўнай групе выявілі няправільныя звесткі (у 95 – няправільныя пашпартныя звесткі, у іншых – памылкі ў імёнах ці датах нараджэння). Але і без іх засталося дастаткова чальцоў ініцыятыўнай групы.
Ініцыятыўную групу Сяргея Бобрыкава зарэгістравалі адзінагалосна. Ён падаў увесь патрэбны пакет дакументаў. Адносна 16 чальцоў ініцыятыўнай групы былі пададзеныя няправільныя пашпартныя звесткі, без іх засталося дастаткова чальцоў ініцыятыўнай групы.
Ініцыятыўную групу Сяргея Сыранкова зарэгістравалі адзінагалосна. Ён падаў увесь патрэбны пакет дакументаў. Адносна 22 чальцоў ініцыятыўнай групы былі пададзеныя няправільныя пашпартныя звесткі, без іх засталося дастаткова чальцоў ініцыятыўнай групы.
Каму адмовілі
Ініцыятыўнай групы Дзіяны Кавалёвай не зарэгістравалі адзінагалосна. Яна падала патрэбны пакет дакументаў. Адносна 39 чальцоў ініцыятыўнай групы былі пададзеныя няправільныя пашпартныя звесткі, без іх засталося недастаткова чальцоў ініцыятыўнай групы (толькі 75, а трэба мінімум 100). Таксама не былі пазначаныя каардынатары групаў у раёнах і гарадах. Пастанову яшчэ можна абскардзіць у Вярхоўным Судзе.
Ініцыятыўнай групы Віктара Куляша не зарэгістравалі адзінагалосна. Ён падаў толькі заяву, але не падаў спісу чальцоў ініцыятыўнай групы. Пастанову яшчэ можна абскардзіць у Вярхоўным Судзе. Кулеш не прыйшоў на паседжанне асабіста.
Каго зарэгістравалі раней
На папярэдніх паседжаннях зарэгістравалі ініцыятыўныя групы за Аляксандра Лукашэнку, Алега Гайдукевіча, Аляксандра Хіжняка і Вольгу Чамаданаву. «Белсат» расказваў цікавыя факты пра ўсіх «кандыдатаў у кандыдаты». Праціўнікаў Лукашэнкі сярод тых, чые ініцыятыўныя групы зарэгістравалі, няма.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Алесь Наваборскі belsat.eu