навіны

Стварыць самалёт без цэхаў і матора. Як у Беларусі плануюць сабраць амаль 100 «Асвеяў»

Беларуска-расейскі самалёт «Асвей». Фота: 558arp.by
Беларуска-расейскі самалёт «Асвей». Фота: 558arp.by
podpis źródła zdjęcia

У Беларусі хочуць наладзіць сумесную з Расеяй серыйную вытворчасць лёгкіх самалётаў. Планы грандыёзныя, але іх выкананне выклікае сумневы. Расказваем, што вядома пра беларуска-расейскі самалёт і якія перспектывы ў праекта.

Беларускія дэпутаты ратыфікавалі пагадненне паміж Беларуссю і Расеяй аб серыйнай вытворчасці самалёта «Асвей» 17 верасня. Толькі ў красавіку 2024 года падпісана пагадненне аб распрацоўцы арганізацыі вытворчасці, а ў канцы 2026 года – пачатку 2027 ужо абяцаюць паказаць першыя ўзоры, якія павінен вырабіць 558 авіярамонтны завод у Баранавічах. Пры гэтым на заводзе яшчэ павінны пабудаваць новыя цэхі для вытворчасці.

,,

«І ў нас сёння ёсць цвёрды заказ з Расійскай Федэрацыі вырабіць 50% ад 180 самалётаў у бліжэйшы час», – сказаў віцэ-прэм’ер Пётр Пархомчык.


Біржа Cryptex. Фота: cryptex.net

ЗША абвясцілі ўзнагароду ў $ 10 млн за інфармацыю пра расейскіх кіберзлачынцаў

навіны

«Асвей» – што гэта?

Праектаваннем самалёта займаюцца ААТ «558-ы Авіяцыйны рамонтны завод» у Баранавічах і АТ «Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі». «"Асвей” – лёгкі шматмэтавы 19-ці мясцовы турбавінтавы самалёт з верхнім размяшчэннем крыла, – паведамляе 558-ы Авіяцыйны рамонтны завод. – "Асвей" прызначаны для патрэб дзяржаўнай авіяцыі, з магчымасцю прымянення ў грамадзянскай авіяцыі, у тым ліку для камерцыйных авіяперавозак па мясцовых і рэгіянальных паветраных лініях».

Канструктары павінныя зрабіць самалёт, які зможа перавозіць пасажыраў і грузы на малыя і сярэднія адлегласці. Самалёт плануецца выкарыстоўваць нават у «экстрэмальных кліматычных умовах».

Рухавік для «Асвея» – «ВК-800» – павінен вырабіць расейскі бок, а зборка будзе ў Беларусі.

Расеі вельмі патрэбныя самалёты, але санкцыі перашкаджаюць

«Асвей» – гэта не нешта прынцыпова новае. Самалёт такога тыпу «L-410» рабілі яшчэ ў часы СССР у Чэхіі. Пазней падобны самалёт выраблялі ў Расеі, але з імпартных дэталяў.

«У 2022 годзе ўмяшаліся санкцыі, працягваць супрацоўніцтва стала немагчымым», – распавёў дырэктар партала «Авія.ру» Раман Гусараў.

Са слоў крыніцы «Белсату», якая абазнаная ў пытаннях авіяцыі, стварэнне «Асвея» цалкам чаканае. Бо трэба нечым замяніць стары «Кукурузнік» Ан-2, чый лётны рэсурс сканчаецца.

Увогуле самалёт патрэбны менавіта для Расеі. Гэта тлумачыць, чаму Баранавіцкі авіязавод піша пра працу ў «экстрэмальных кліматычных умовах». З дапамогай такіх самалётаў у цяжкадаступныя рэгіёны можна дастаўляць грузы, у тым ліку гуманітарную дапамогу, медыкаменты, а таксама самалёты могуць дапамагчы працы МНС.

«Гэта асабліва важна для выкарыстання на Крайняй Поўначы, у Сібіры і на Далёкім Усходзе, дзе інфраструктура аэрапортаў часта абмежаваная. Канструкцыя самалёта павінна ўлічваць эксплуатацыю ў экстрэмальных тэмпературах і на не асфальтаваных аэрадромах»», – кажа дырэктар па стратэгіі «Фінам» Яраслаў Кабакоў.

Рухавік для «Асвея» – «ВК-800». Фота: 558arp.by
Рухавік для «Асвея» – «ВК-800». Фота: 558arp.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

«Google» не дае расейцам заводзіць новыя акаўнты. Беларусам прыгатавацца?

навіны

«З пераваг “Асвея” шматфункцыянальнасць і ўніверсальнасць. Можна будзе хутка пераабсталяваць салон пад розныя задачы», – адзначае крыніца «Белсату». 

Хоць плануецца, што «Асвей» зможа лётаць практычна ў любое надвор'е, у гэтым ёсць сумневы. 

«Усё праз шасі, якія не хаваюцца, і падкосаў крыла. Увесну і ўвосень бруд, які трапіляе ў нішы шасі, можа ў палёце замярзаць. Гэта прыводзіць да дэфармацыі канструкцый нішы і створак.

Верагодней за ўсё, пры стварэнні самалёта будуць шырока прымяняцца кампазітныя і найноўшыя матэрыялы. Таксама варта чакаць сучаснае абсталяванне кабіны пілотаў, так званую "шкляную кабіну", гэта значыць кабіну з электроннымі дысплеямі замест механічных. Аднак з-за канструкцыйных асаблівасцяў, самалёт будзе лётаць толькі па правілах візуальных палётаў. Гэта робіць яго даволі прымітыўным», – адзначае суразмоўца «Белсату».

Запыт ёсць, але з рэалізацыяй праблемы

Галоўны інжынер 558-га авіяцыйнага рамонтнага завода Андрэй Тучын кажа, што да 2027 года плануецца «завяршыць фактычна падрыхтоўку серыйнай вытворчасці і за гэты ж час стварыць доследныя ўзоры». А Пётр Пархомчык увогуле кажа пра 85-100 гатовых самалётаў да 2030 года. 

Такія тэрміны рэалізацыі праекта вельмі аптымістычныя. І справа нават не ў тым, што ў Баранавічах яшчэ няма новых цэхаў для зборкі, якія патрэбныя для такой вялікай замовы.

,,

«Калі б цяпер ужо быў доследны ўзор самалёта, то тады я б сказаў, што запуск серыйнай вытворчасці да 2027 года – гэта рэалістычна. Таму што пасля з'яўлення дасведчанага ўзору да завяршэння ўсіх выпрабаванняў трэба як мінімум два гады, але звычайна выпрабаванні зацягваюцца», – сказаў Раман Гусараў.


Пакуль жа ў Баранавічах толькі пачалі будаваць цэхі, а ад самалёта – праекты. У Расеі ўзор лёгкага самалёту «Байкал», якім таксама займаецца Уральскі завод грамадзянскай авіяцыі, паказалі яшчэ ў 2021 годзе, а серыйнай вытворчасці яшчэ няма. У верасні 2024 года Уладзімір Пуцін цікавіўся, што там з самалётам. Аказалася, няма рухавіка. Такога ж, які павінен быць на «Асвеі» – «ВК-800». Навіны аб хуткім завяршэнні распрацоўкі рухавіка былі яшчэ ў 2019 годзе.

«У 2022 годзе жыццё змянілася, і можна разлічваць цяпер толькі на расейскі рухавік “ВК-800”, расейскі вінт, які будзе гатовы з сертыфікацыяй да канца 2025 года. А 2026 год – гэта ўжо сертыфікацыя непасрэдна на самалёце і пачатак пастаўкі авіякампаніям, якія пацвердзілі гатоўнасць у набыцці гэтага судна», – сказаў першы віцэ-прэм'ер Расеі Дзяніс Мантураў.

У сувязі з гэтым выпуск «Байкалаў» чарговы раз перанеслі – з 2024 на 2025 год.

Арсэн Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10