Сетка людзей і біржы крыптывалюты, звязаныя з Расеяй, трапілі пад новыя санкцыі ЗША. Анансаваў гэтыя захады прэзідэнт Джо Байдэн на сустрэчы са сваім украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім.
Міністэрства фінансаў ЗША ўвяло санкцыі супраць меркаванага расейскага хакера Сяргея Іванова і крыптабіржы Cryptex, якая зарэгістраваная ў Сэнт-Вінсенце і Грэнадзінах і працуе ў Расеі. Паводле Мінфіну, Іваноў адмыў сотні мільёнаў долараў крыптавалюты для кіберзлачынцаў і прадаўцоў на рынку даркнету за апошнія 20 гадоў, у тым ліку для Цімура Шахмаметава, які нібыта стварыў онлайн-пляцоўку для выкрадзеных звестак крэдытных карт і скампраметаваных пасведчанняў асобы пад назвай Joker’s Stash.
Дзяржаўны дэпартамент прапануе ўзнагароду ў памеры $ 10 млн за інфармацыю, якая прывядзе да арышту і магчымага асуджэння Шахмаметава і Іванова, а пракуратура ЗША ў Вірджыніі апублікавала абвінаваўчае заключэнне супраць іх.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 26 верасня падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім абвясціў «пра рэзкае павелічэнне дапамогі ў сферы бяспекі для Украіны і пра шэраг дадатковых дзеянняў, што дапамогуць Украіне перамагчы ў гэтай вайне». Сярод іншага ён паведаміў, што міністэрствы юстыцыі, фінансаў і Сакрэтная служба ЗША разам з міжнароднымі партнёрамі распачалі дзеянні дзеля разбурэння глабальнай крыптавалютнай сеткі, каб супрацьстаяць ухіленню ад расейскіх санкцыяў і адмыванню грошай.
Якуб Хруст belsat.eu