У сераду, 18 верасня, праваабаронцам сталіся вядомыя імёны ўсіх 37 памілаваных палітвязняў, але адначасова ў гэты ж дзень па краіне прайшоў шэраг судоў у палітычна матываваных справах, а ў Гомельскай вобласці былі затрыманыя сем мясцовых жыхароў. Акрамя таго, спіс палітзняволеных папоўніўся на сем чалавек.
З затрыманымі ў Гомельскай вобласці сілавікі запісалі «пакаянныя» відэа. На іх некалькі чалавек сказалі, што яны былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» каналы. Адзін мужчына заявіў, што ён «непалітычны чалавек» і не мае падпісак.
У адной з жанчын запыталіся, як яна ставіцца да дзейснай улады.
«Дрэнна», – адказала затрыманая.
Частку затрыманых адправілі ў ІЧУ, астатніх папярэдзілі і адпусцілі на волю.
Таксама лічба сем фігуруе ў новай заяве беларускіх праваабаронцаў: менавіта столькі чалавек прызнаныя чарговымі палітвязнямі. Іхныя імёны: Наталля Верабей, Ала Кісель, Наталля Давыдка, Алена Вярбіцкая, Марына Алісеенка, Марк Невар, Аляксандр Лютаў.
Сталася вядома пра затрыманне жанчыны за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту. Яна нібыта двойчы наведала пратэсныя акцыі. Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманне адбылося яшчэ ў панядзелак.
За каментары пра прадстаўнікоў улады затрымалі мужчыну. Таксама сцвярджаецца, што ён нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плану «Перамога».

Прапагандысты паказалі, як выглядае палітвязень Юрый Зянковіч праз два гады пасля суда. Ён моцна змяніўся з выгляду. Зянковіч – юрыст, прысуджаны да 11 гадоў калоніі паводле «справы змоўцаў».
Сталася вядома пра затрыманні і выклікі ў КДБ настаўнікаў з усёй Беларусі ў справе праекту «Адукаванка», які быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем.
Завяршылася следства ў справе ксяндза Генрыха Акалатовіча, неўзабаве распачнецца суд. Святара абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.
У Менску пачынаюць судзіць 57-гадовую Ірыну Клязовіч, затрыманую 23 студзеня за дапамогу палітвязням.
У Берасцейскім абласным судзе 18 верасня пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць Алы Дзясяцік, якую абвінавачваюць паводле шасці крымінальных артыкулаў.
Таксама 18 верасня пачалі судзіць бабруйца Максіма Хвашчынскага, затрыманага па вяртанні з Польшчы 26 лютага сёлета. Яго абвінавачваюць у стварэнні «экстрэмісцкага» фармавання «Бабруйск 375», «экстрэмісцкага» чату «Бобр 97%» і паклёпе на Лукашэнку.
Марыя Міхалевіч belsat.eu