Праваабаронцы атрымліваюць інфармацыю пра палітычны пераслед настаўнікаў з усёй краіны, якія былі ў тэлеграм-чаце праекту «Адукаванка». Там абмяркоўваліся заняткі, інавацыйныя тэхналогіі выкладання матэрыялаў і гэтак далей, паведамляе «Вясна».
Стала вядома, што настаўнікаў затрымліваюць і выклікаюць на допыты ў КДБ.
17 верасня з'явілася інфармацыя, што КДБ яшчэ ў канцы жніўня прызнаў гэтак званым экстрэмісцкім фармаваннем праект рэсурснай дапамогі для настаўнікаў «Адукаванка».
«Адукаванка» – гэта некамерцыйная грамадзянская ініцыятыва. Яе асноўная мэта – стварыць пляцоўку, дзе будуць аб'яднаныя праблемы адукацыі, іх развязанні і людзі, гатовыя над імі працаваць.
КДБ адзначаў, што да праекту маюць дачыненне Кацярына Куксо і Алена Мельчанка. Раней прапагандысты нібыта раскрылі «падрыўную» сетку онлайн-навучання, у звязку з якой таксама згадвалася Кацярына Куксо. А старонка Алены Мельчанкі ў сацыяльных сетках, паводле прапагандыстаў, не спадабалася «звычайным беларусам», якія чамусьці ўважна вывучалі ейны профіль.
Арсен Рудэнка belsat.eu