4 верасня споўнілася 43 гады беларускаму адвакату Максіму Знаку. Вось ужо чатыры гады запар ён праводзіць свой дзень народзінаў за кратамі.
Максіма Знака затрымалі 9 верасня 2020 года, а 6 верасня 2021 года пакаралі 10-ю гадамі калоніі ўзмоцненага рэжыму за выкананне сваіх прафесійных абавязкаў.
Максім Знак — адвакат і былы юрыст перадвыбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Віктара Бабарыка, якога ўлады таксама пасадзілі ў турму. Максіма Знака разам з Марыяй Калеснікавай абвінавацілі ў змове, здзейсненай у мэтах захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч.1 арт. 357), стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім (ч.1. ст. 361-1), публічных закліках да захвату ўлады (ч.3. арт. 361). Марыі Калеснікавай Менскі абласны суд прызначыў 11 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Максім Знак вядомы не толькі сваёй юрыдычнай дзейнасцю, але і як пісьменнік і музыка. У 2022 годзе выйшла ягоная кніга «Зэкамерон», куды ўвайшлі перададзеныя ў лістах да блізкіх вершы і частка апавяданьняў, напісаных ім у СІЗА-1 на Валадарскага ў Менску.
У ліпені 2024 года Максім Знак стаў адным з чатырох намінантаў на прэмію Цэнтра Вацлава Гавела «Парушэнне спакою». Прэмія штогод уручаецца пісьменнікам, якія праявілі мужнасць у іншадумстве і падвергліся праз гэтае несправядліваму пераследу.
З 9 лютага 2023 года з Максімам няма ніякай сувязі — лісты ні ад яго, ні да яго супрацоўнікі калоніі не перадаюць, да палітвязня не пускаюць сваякоў.
Але напісаць ліст палітвязню ўсё роўна можна паспрабаць: ВК №3 (Выпраўленчая калонія), Віцебская вобласць, гп. Віцьба, 211322 (Знак Максім Аляксандравіч).
Тэса Анэйда belsat.eu