Сястра Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч просіць забяспечыць палітзняволеную неабходным харчаваннем, лячэннем, а таксама дапусціць да яе родных і аднавіць з імі перапіску. Адсутнасць нармальных умоў літаральна забівае сястру ў калоніі, піша Таццяна.
«У лістападзе 2022 года Марыю шпіталізавалі з перытанітам з-за прабадной язвы і зрабілі аперацыю. <...> Паводле маёй інфармацыі, сёння Марыя фактычна галадае ў калоніі. Яна важыць 45 кг пры росце 175 см. Яе хвароба мяркуе дыету, таму яна не можа есці многае з турэмнага меню. Яе ліміт на закупкі ў турэмнай краме – 40 або 80 рублёў. Я не магу ўдакладніць суму, але разумею, што гэтага хопіць максімум на гарбату, аўсянку, пачак пракладак, мыла, мінімальную гігіену.
Карміць язвенніка баландай – гэта катаваць яго і павольна забіваць. Не даваць чалавеку права на перапіску з сям'ёй – паскараць гэтую смерць. Маша не ведае, ці жывы тата і як яго здароўе. Мы не ведаем, як яе кормяць і лечаць», – паведамляе Таццяна Хоміч.
Яна падкрэслівае, што сям'я звярталася ў адміністрацыю калоніі і ў інстанцыі вышэй, але безвынікова.
«Я не буду спасылацца на канвенцыі, беларускае і міжнароднае права. Ні па якіх законах, Божым і чалавечым, марыць голадам хворага чалавека ў турме нельга. Гэта не пра пакаранне злачынца, не пра ізаляцыю палітычнага апанента. Гэта катаванні і здзекі над чалавекам, гэта злачынства супраць чалавечнасці. Недапушчальна, каб у ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы ў турме забівалі чалавека голадам», – працягвае Таццяна.
У сувязі з нядаўнімі вызваленнямі невялікай часткі палітвязняў, яна спадзяецца, што «ніякае пакаранне не будзе суправаджацца здзекаваннямі і катаваннямі» і Марыя Калеснікава будзе жыць.
Марыя Калеснікава, адбывае пакаранне ў Гомельскай калоніі №4. З 15 лютага 2023 года ад яе няма вестак. Да Марыі не можа патрапіць адвакат, ёй забароненыя пасылкі.
Арсен Рудэнка belsat.eu