Агонь ляснога пажару ў Данецкай і Харкаўскай абласцях прайшоў каля 5 тысяч га, знішчана вялікая плошча лесу і больш за 150 прыватных дамоў. Сітуацыя пагаршаецца гарачым надвор'ем, ветрам і выбухам боепрыпасаў.
На Харкаўшчыне пацярпела 69-гадовая жанчына, а ў выніку выбуху боепрыпасаў, пакінутых расейскімі войскамі, атрымаў раненне выратавальнік, паведамляе Дзяржаўная служба Украіны па надзвычайных сітуацыях.

«Рашэннем мясцовай камісіі па пытаннях тэхнагенна-экалагічнай бяспекі і надзвычайных сітуацый арганізавана эвакуацыя жыхароў вёскі Студзёнак. Цяпер пры падтрымцы прадстаўнікоў мясцовага самакіравання, паліцэйскіх і ратавальнікаў эвакуявалі ўжо каля 200 чалавек» — піша ДСНС.

«Да пажаратушэння прыцягнутыя сілы і сродкі гарнізонаў ДСНС з некалькіх абласцей, у тым ліку больш за 700 пажарных і амаль 200 адзінак тэхнікі, піратэхнічныя разлікі, а таксама 2 пажарных цягнікі», — заключае ДСНС.
Арсен Рудэнка belsat.eu