Пад забароны трапілі шыны, папера, сталярныя і цяслярскія вырабы, шкловалакно, шпалеры, халадзільнікі і пральныя машыны, падгузнікі…
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову аб дапаўненні спісаў тавараў, забароненых для ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі краіны, перадае «БелТА» паведамленне прэс-службы ўраду. Пастанова яшчэ не была апублікаваная, але забароны з яе апісваюцца наступным чынам.
З «несяброўскіх краінаў» (а гэта Еўразвяз, Злучанае Каралеўства, Злучаныя Штаты, Канада і іншыя) забаранілі ўвозіць:
- поліэтылен высокага ціску;
- шынную прадукцыю,
- пліты OSB (з драўнянай стружкі);
- фанеру;
- вырабы сталярныя і цяслярскія;
- паперу і вырабы санітарна-гігіенічныя;
- паперу і кардон, у тым ліку гафрыраваныя;
- рыззё;
- шкловалакно і шклавату.
З Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Чэхіі таксама забаранілі ўвозіць:
- торбы і валізкі;
- шпалеры;
- плітку керамічную;
- санітарна-тэхнічныя вырабы;
- халадзільнікі, лядоўні і іншае халадзільнае або маразільнае абсталяванне;
- пральныя машыны;
- падгузнікі і пялёнкі.
Гэтыя забароны – адказ на санкцыі, якія Еўразвяз увёў адносна Беларусі гэтым летам. Яны набудуць моц ад 15 кастрычніка 2024 года. Чаму на санкцыі адносна Беларусі трэба адказваць абмежаваннямі на ўвоз тавараў, якімі карыстаюцца беларусы, Саўмін не паведамляе.
Алесь Наваборскі belsat.eu