У Польшчу – хлеб і шкарпэткі, у Беларусь – кармы для жывёл і красоўкі. Што беларусы вязуць з Польшчы дадому, а што просяць прывезці ім?
28.07.2024, 15:09
Чаго беларусам не хапае за мяжой. (Калаж: Белсат)
podpis źródła zdjęcia
З нечаканага – журэк у слоіках у абмен на закаткі памідораў.
«Белсат» спытаў у беларусаў, якія жывуць у Польшчы, што яны просяць прывезці сваіх родных і знаёмых з Беларусі, а што перадаюць падарункамі на радзіму. З нечаканага – журэк у слоіках у абмен на закаткі памідораў, а яшчэ насенне кветак, гуральскі сыр і антыбіётыкі. Пры гэтым амаль усе суразмоўцы прызнаюцца, што не разумеюць, ці можна нешта з гэтага перавозіць праз мяжу зараз, пасля новага пакета санкцыяў.
Чаго беларусам не хапае за мяжой. (Калаж: Белсат)
«Не ведаю, адкуль у Беларусі такія кошты і такі попыт на «New balance». У Польшчы гэта далёка не найлепшая марка красовак, але ў Беларусі ты проста «кароль вуліц» у іх. Таму парачцы сяброў я перыядычна адпраўляю новыя красоўкі ў Беларусь. Праўда, зараз не ўпэўнены, што гэта будзе магчыма праз санкцыі».
«Мае бацькі неяк паспрабавалі сыр-асцыпэк з бруснічным варэннем і слівовіцу – і з таго часу толькі гэта і просяць перадаць ім з Польшчы. Прычым, ніякія пральныя парашкі ці касметыка іх не хвалююць – кажуць, у Беларусі ўсё гэта ёсць, і часта танней».
,,
«Я ў Беларусі не была тры гады, але бацькі перыядычна прыязджаюць ці знаёмыя туды-назад ездзяць. Часта перадаю родным у Беларусь цукеркі «Птушынае малачко» і «Коц’я язычкі» – яны іх вельмі любяць. Для мамы купляю парфумерыю і розную касметыку, «Nivea» яна любіць. Тата любіць тлустую польскую кухню, таму да яго звычайна едуць «кабаносы», усялякія каўбасы, сыры і нават журэк у слоіках. Жартуем, што гэта нашая «гуманітарная дапамога».
«Перадаю родным лекі безрэцэптурныя, таму што ў Польшчы яны моцна таннейшыя. Вітамінныя комплексы розныя, касметыку для мамы і сястры. Сяброўцы перадаю розныя шакаладкі і цукеркі «Кароўкі» – яна салодкаежка. А яшчэ алкаголь добры і ўсякае там па дробязі – фільтры для пыласоса, дзіцячае харчаванне».
Касметыка, прадукцыя фірмы Nivea. Менск, Беларусь. 14 красавіка 2021 года. (Фота: ТК / Белсат)
«У мяне малодшая сястра –модніца, я для яе часта купляю адзенне фірмаў, якія сышлі з Беларусі, ці ніколі там не былі. Яна скардзіцца, што зараз толькі «фу і калгас» застаўся. У выніку мы выпрацавалі схему: яна на сайтах польскіх глядзіць, выбірае усё, што ёй трэба, і дасылае мне спасылкі. Яшчэ там нейкіх неверагодных колераў палітры ценяў і памады, і куча нейкіх прыбамбасаў, прызначэнне якіх я нават не ведаю. Я потым усё гэта заказваю ў інтэрнэце і проста цэлай валізай адпраўляю ёй у Брэст з сябрамі».
«Я маме часта перадавала з Польшчы насенне кветак, нават цыбуліны падснежнікаў – яна ўвесь сад засадзіла. Кажа, у Беларусі насенне праз раз узыходзіць – нейкае «шыла» з Расеі сталі прывозіць. Але наколькі я разумею, пасля новых санкцыяў гэта ўжо немагчыма».
«Мы з мужам не бачыліся з бацькамі тры гады – яны пажылыя і не хочуць ехаць, а мы на радзіме экстрэмісты. Але заўсёды па магчымасці перадаем ім са знаёмымі розныя падарункі – прысмакі, каўбасы, корм для котак, каву і гарбату. У снежні заўсёды адпраўляем цэлую скрынку з каляднымі падарункамі і цацкамі, а потым разам прыбіраем ялінкі па відэасувязі».
Галерея «Ў», штаб инициативной группы ByCovid19, сборы медицинского оборудования для врачей Беларуси, пандемия коронавируса, волонтёрская помощь, маски, масочный режим, ковид (Фота: Таня Капітонава / Белсат)
«Мы за 2 гады ў Польшчы ўжо знайшлі практычна ўсю звыклую для нас ежу, таму бацькоў звычайна нічога прывезці не просім (хоць гэта асабліва не дапамагае і да нас усё роўна прыязджаюць тры кіло зефіру, шакаладкі «Спартак» і закаткі). Адзінае, што мы часам просім беларускія шкарпэткі са смешнымі надпісамі на мове ці малюнкамі кшталту «Дранік са смятанкай». Яны куды лепшыя польскіх па якасці, і выдатна дапамагаюць апазнаваць сваіх у Варшаве!».
«У маіх бацькоў праблемны кот з алергіяй і мочакаменнай хваробай. Ветэрынар у Беларусі так і сказаў: «Шукайце за мяжой вось гэты корм і таблеткі, таму што ў нас толькі бязглуздыя расейскія аналагі з кучай пабочкі». У выніку мы прыкладна раз у паўгода перадаем ім праз сяброў і знаёмых якасны корм і таблеткі – ні разу праблем на мяжы не было. Галоўнае, каб упакоўкі былі невялікія».
Хлеб. (Фота: Couleur / pixaby.com)
«Як жа я сумую па маміных марынаваных памідорах! Дзіўна, што палякі марынуюць усё, акрамя памідораў. Украінскія ў крамах вельмі дарагія і нейкія салодкія. Таму мама мне заўсёды вязе пару слоікаў, якія я зʼядаю прыкладна за два абеды».
«Я магу ездзіць у Беларусь, але раблю гэта не часта. Пасля вайны заўсёды прывозіў усім каву, ласункі (асабліва мае бацькі любяць «Сліўкі ў шакаладзе»), адзенне і абутак, лекі. Аднойчы нават вёз тату тармазныя дыскі і паддон для замены масла – кошты на іх адрозніваліся ў разы. Памятаю, прывозіў сястры вопратку «Zara», яна казала, яна ў Польшчы ўсё было на 20% танней. Апошні раз ехаў з заплечнікам: тое, што ў Польшчы танней, везці нельга, а на ўсё астатняе кошты ўжо зраўняліся – інфляцыя ў Польшчы нейкая вар’яцкая».
«Я пераехаў 8 месяцаў таму і пакуль усё падаецца нязвыклым, нейкім не такім. Я не разумею, чаму ў Польшчы з яе выхадам да мора такая праблема з рыбай. Яна вельмі дарагая! Карп каштуе даражэй за крэветкі, мінтай нароўні з стронгай, слабасалёнага ласося не знайсці наогул… Але рыбай бацькі мне не дапамогуць, таму прывозілі мне іншыя любімыя прысмакі – «валатоўскі» хлеб з Гомлю (захоўваю яго ў маразільніку), сыркі з дзяўчынкай, цукеркі «Меркурый» і зефір у грыбочках».
Цукеркі на Камароўскім рынку. Менск, Беларусь. 24 лютага 2021 года. (Фота: Цімур Котаў / Белсат)
«Мне сябры прывозілі нядаўна антыбіётыкі. Як высветлілася, у Польшчы яны толькі па рэцэпце, а пасля ўкусу кляшча тут ніякага лячэння не прапануюць: урач сказаў, калі клешч быў заразны і ты потым захварэеш, вось тады і прапішу антыбіётыкі. Цяпер я на ўсякі выпадак аддаю перавагу мець іх у сябе, а не чакаць хваробы».
«Напэўна, адзінае, чаго я тут не знайшоў – смачны зефір, як «Красный пищевик». Польскі падобны да суфле нейкага, украінскі лепш, але не такі далікатны і смачны. Таму зефіру я заўсёды прашу па максімуме, колькі ўлезе ў сумку!».
«Прасіла знаёмых правезці скумбрыю халодна вэнджаную, сялёдку салёную бочкавую, семкі «Ад Марціна», цукеркі «Сталічныя», некаторыя віды касметыкі «Беліта» і свечы «дыклафенак», бо яны ў Беларусі без рэцэпта, а тут па рэцэпту. Адзін мой знаёмы аднойчы папрасіў прывезці яму паўсалодкае «Савецкае шампанскае» на Новы год».
«Мне маці заўсёды перадае туш «Relouis» і пару любімых крэмаў з «Беліты», а ўсё астатняе ў Польшчы і так ёсць на любы густ. Не разумею гэтага ныцця, маўляў, няма тут пельменяў смачных або марозіва. Людзі, вы што, толькі ў «Жабцы» каля дома закупляецеся?».