навіны

Ці справакуе забойства ў Тэгеране рэгіянальную вайну?

Палестынцы нясуць фатаграфіі Ісмаіла Ганіі, які быў забіты ў Іране. Лагер палестынскіх уцекачоў у Бурдж аль-Бараджне ў Бэйруце, Ліван, 31 ліпеня 2024 г. Фота: Mohamed Azakir / Reuters / Forum
Палестынцы нясуць фатаграфіі Ісмаіла Ганіі, які быў забіты ў Іране. Лагер палестынскіх уцекачоў у Бурдж аль-Бараджне ў Бэйруце, Ліван, 31 ліпеня 2024 г. Фота: Mohamed Azakir / Reuters / Forum
podpis źródła zdjęcia

Адзін з лідараў тэрарыстычнай арганізацыі «Хамас» Ісмаіл Ганія быў забіты 31 ліпеня ў Тэгеране ў выніку авіяўдару. Дзёрзкая аперацыя, за якой напэўна стаіць Ізраіль, імаверна, пацягне за сабой новы віток эскалацыі на Блізкім Усходзе. Belsat.eu тлумачыць, якія могуць быць наступствы.

Палестынец нясе дзіця, калі палестынцы вяртаюцца на ўсходні бераг Хан-Юніса пасля таго, як ізраільскія войскі выйшлі з гэтага раёну пасля рэйду ў Хан-Юнісе, на поўдні сектару Газу. (Фота: Hatem Khaled / Reuters / Forum)

Ці распачнецца вайна ў Ліване? Тлумачым, што адбываецца паміж Ізраілем і «Хізбулой»

навіны

Двайны поспех Ізраілю


Пра забойства лідара палітычнага крыла «Хамас» Ісмаіла Ганіі стала вядома раніцай 31 ліпеня. Паводле арабскіх медыяў, ліквідацыя высокапастаўленага лідара «Хамас» была ажыццёўлена з дапамогаю ракеты, выпушчанай па будынку на поўначы Тэгерану, дзе Ганія быў са сваім целаахоўнікам. У момант удару ён заставаўся ў спальні. Сама ж ракета нібыта была «запушчаная з тэрыторыі замежнай дзяржавы». Іранскае агенцтва Fars сцвярджае, што гасцявы дом, дзе знаходзіўся Ганія, належаў Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі.


У забойстве Ганіі Іран і палестынцы абвінавачваюць Ізраіль. Ізраіль на сябе адказнасць за аперацыю не ўзяў: афіцыйныя асобы сітуацыю не каментуюць, што з’яўляецца звычайнай практыкай падчас падобных ліквідацыяў. Сумневаў у тым, што за атакай стаіць Цагаль ні ў каго няма.


Напярэдадні Цагаль нанёс удар па сталіцы Лівана Бэйруту. Мішэнню атакі стаў Фуад Шукр – самы высокапастаўлены палявы камандзір «Хізбулы», «правая рука» генеральнага сакратара Хасана Насралы. Ліквідацыя Фуада Шукра прэзентавалася ізраільскімі вайскоўцамі як акцыя адплаты за нядаўнюю ракетную атаку на Мадждаль-Шамс, дзе загінулі 12 дзяцей і падлеткаў.

Такім чынам, за кароткі тэрмін Ізраіль пазбавіўся адразу ад двух сваіх заклятых ворагаў. Гэтыя аперацыі, асабліва забойства Ганіі, выклікала хвалю абурэння на ўсім Блізкім Усходзе. Асудзілі дзеянні Ізраілю таксама Кітай, Расея і Турэччына.


На мяжы татальная вайны


Для Тэгерану падзеі апошніх дзён – гэта сапраўднае прыніжэнне. Ізраіль, галоўны вораг, не толькі зліквідаваў лідараў двух праіранскіх груповак, але і дэманстратыўна парушыў суверэнітэт Ірану. Напярэдадні кіраўнік палітбюро «Хамас» у Тэгеране браў удзел у цырымоніі інаўгурацыі новага прэзідэнта Ірана Масуда Пэзэшкіяна, сустракаўся з кіраўніцтвам краіны


Вярхоўны лідар Ірану Алі Хамэнэі заявіў, што Іран лічыць сваім абавязкам адпомсціць Ізраілю за забойства палітычнага лідара «Хамасу», якое адбылося на іранскай тэрыторыі.


«Вы забілі нашага дарагога госця ў нашым доме і цяпер праклалі шлях для вашага суровага пакарання», – сказаў Хамэнэі.


Забойства Ганіі – гэта сведчанне ганебнага правалу іранскіх спецслужбаў. Па будынку, дзе знаходзіўся Ганія, Ізраіль нанёс кропкавы ракетны ўдар, хаця размова вядзецца пра аб’ект Корпусу вартаўнікоў ісламскай рэвалюцыі з адпаведнымі захадамі бяспекі. Атрымліваецца, што ізраільская выведка мела абсалютна дакладную інфармацыю наконт прабывання Ганіі ў Тэгеране. Паводле крыніцаў «The New York Times», адразу пасля здарэння кіраўніцтва Ірану выглядала «абсалютна шакаваным».


Калі дзёрзкая атака ў Тэгеране застанецца без адказу, то аўтарытэт Ірану ў рэгіёне будзе падарваны. Таму новы віток эскалацыі выглядае непазбежным, пытанне толькі ў тым, як далёка ўсё можа зайсці.


Заходняя прэса зноў загаварыла пра пагрозу вялікай рэгіянальнай вайны.


«Гэта самы блізкі да поўнамаштабнага канфлікту стан рэгіёну за апошнія 10 месяцаў», – цытуе «The Washington Post» Міка Малроя – былога высокапастаўленага чыноўніка Пентагону.


«Па ўсёй верагоднасці, нас чакаюць некалькі цёмных дзён, калі рэгіён апынецца на мяжы татальнай вайны», – заявіў CNN Фірас Максад, старэйшы дырэктар па стратэгічным узаемадзеянні ў Інстытуце Блізкага Усходу.


Складанасці перамоваў


Акрамя агульнарэгіянальных наступстваў, забойства ў Тэгеране можа таксама паўплываць на сітуацыю ў сектары Газа.


Ісмаіл Ганія ўзначальваў палітбюро «Хамас». Як палітычны лідар арганізацыі ён нясе адказнасць за тэрарыстычны напад на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года, калі былі забітыя каля 1200 чалавек і ўзятыя ў закладнікі больш за 200 асобаў. За гэтае злачынства Ізраіль абяцаў знішчыць «Хамас» і ягоных лідараў. Таму выбар Ганіі ў якасці цэлі выглядаў лагічна і заканамерна. Шмат хто ў Ізраілі шчыра радаваўся навінам з Тэгерану. «Месца кіраўнікоў жахлівага «Хамасу» – у пекле, і мы ўсе выступаем за звядзенне з імі рахункаў за іх дзеянні», – цытуе маці аднаго з ізраільскіх закладнікаў выданне «The Jerusalem Post».


Разам з тым, Ганія быў цэнтральнай фігурай перамоўнага працэсу наконт спынення агню ў сектары Газа і вызваленні закладнікаў. Ён меў рэпутацыю не фанатыка, а прагматычнага палітыка, які здольны падтрымліваць нармальныя стасункі з рознымі палестынскімі фракцыямі і групоўкамі. Характэрна, што адным з першых забойства ў Тэгеране асудзіў прэзідэнт Палестыны Махмуд Абас, які не падтрымлівае «Хамас».


Паводле «The Jerusalem Post», у Ганіі былі рознагалоссі з ваенным лідарам «Хамасу» ў Газе Яхʼя Сінўарам, які лічыцца галоўным арганізатарам разні 7 кастрычніка. Некаторыя прадстаўнікі групоўкі крытыкавалі кіраўніка палітбюро. Паводле «Al Jazeera», можна чакаць, што прыхільнікі найбольш жорсткай лініі ў «Хамас» цяпер узмацняць пазіцыі і будуць дыктаваць свой парадак дня.


Як мінімум, забойства Ганіі стане дадатковай праблемай для перамоўнага працэсу. Прынамсі цяпер на Ізраіль можна будзе зваліць віну за тое, што перамовы зайшлі ў тупік.


Егіпет і Катар, якія выступалі ў ролі пасярэднікаў, рэзка асудзілі забойства ў Тэгеране і заявілі, што дзеянні Ізраілю падрываюць усе іх намаганні.


«Як пасярэдніцтва можа быць паспяховым, калі адзін бок забівае перагаворшчыка з другога боку?» – задаў рытарычнае пытанне прэм’ер-міністр Катару Махамед бін Абдулрахман бін Джасім Аль Тані.


Гершон Баскін, былы ізраільскі перамоўнік па вызваленні закладнікаў, які калісьці выступаў у якасці канала сувязі з «Хамас», заявіў CNN, што перамовы насамрэч зайшлі ў тупік яшчэ да забойства Ганіі, але апошнія падзеі павялічваюць рызыку для жыцця закладнікаў.


Вызваленне закладнікаў – надзвычай балючае пытанне для ізраільскага грамадства. Выданне «The Jerusalem Post» піша, што сваякі закладнікаў настойваюць на тым, што ўрад краіны не павінен дапусціць, каб ліквідацыя Ганіі прывяла да адмены здзелкі і пагаршэння становішча іх блізкіх.


«У закладнікаў больш няма часу на яшчэ адзін цыкл гвалту», – заявіў бацька аднаго з закладнікаў Рубі Чэнь.


Блізкі Усход на нязведанай тэрыторыі


Такім чынам, пасля авіяўдараў па Бэйруту і Тэгерану сітуацыя на Блізкім Усходзе сапраўды рэзка абвастрылася. Надзеі на мірнае пагадненне па сектару Газа ўсё меней, а Іран разам з праіранскім групоўкамі будзе рыхтаваць ваенны адказ на забойства Ганіі. Не выключана, што ўспыхнуць беспарадкі на Заходнім беразе ракі Іярдан: арабскія арганізацыі пагражаюць Ізраілю правядзеннем усеагульнай забастоўкі і «маршаў гнева» на знак пратэсту супраць ліквідацыі палітычнага лідара «Хамасу».


Разам з тым, пагружэнне рэгіёну ў хаос не з’яўляецца непазбежнасцю.


Па-першае, падобна на тое, што ніхто татальнай вайны не хоча. Як паказалі падзеі красавіка 2024 году, Іран і Ізраіль здольныя праяўляць стрыманасць і разлічваць удар у адказ такім чынам, каб не дапусціць бескантрольнай эскалацыі. Аналітыкі не раз зазначалі, што Тэгеран сапраўдны «майстар у правядзенні сімвалічных атак».


Па-другое, паспяховая аперацыя Ізраілю супраць Ганіі можа аказаць на кіраўніцтва Ірану як раз стрымліваючы эфект. Лічыцца, што на Блізкім Усходзе паважаюць сілу, а Ізраіль прадэманстраваў, што сіла за ім: ён здольны паразіць любую цэль нават у самым сэрцы Ірану – ніхто не можа адчуваць сябе ў бяспекі.


Акрамя таго, у выпадку іранскай агрэсіі Ізраіль не застанецца адзін. У красавіку Цагаль дапамаглі адбіць ракетна-дронавую атаку Ірану саюзнікі – ЗША, Францыя, Вялікая Брытанія, Іярданія. Міністр абароны ЗША Лойд Осцін 31 ліпеня запэўніў, што ў выпадку новай атакі ЗША зробяць тое ж самае, што і вясной. Але вялікую вайну ў Вашынгтоне не лічаць непазбежнай і абяцаюць зрабіць усё магчымае, каб гэтага не дапусціць.


Тым не менш, цалкам прадказаць далейшае развіццё падзеяў цяпер немагчыма. «З двума ўдарамі па сталіцах праціўніка вайна выходзіць на нязведаную тэрыторыю», – канстатуе ў сваім артыкуле рэдактар і заснавальнік аўтарытэтнага выдання «The Times of Israel» Давід Горавіц.


Чым часцей Ізраіль і Іран будуць абменьвацца ўдарамі, тым вышэй рызыка недаацэніць рэакцыю праціўніка і пралічыцца з магутнасцю адказу, справакаваўшы хаос ва ўсім рэгіёне нават насуперак уласным планам.


Глеб Нержын belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10