Беларусу пагражае дэпартацыя з Літвы за лампадку, кінутую на тэрыторыю амбасады Беларусі
23.10.2023, 17:59
Мацвей Бяляй. Крыніца: svaboda.org
podpis źródła zdjęcia
Раней яго пазбавілі статусу ўцекача.
У Літве 14 лістапада пройдзе слуханне ў справе аб дэпартацыі беларуса Мацвея Бяляя, якога абвінавачваюць у нападзе на пасольства Беларусі ў Вільні. Раней яго пазбавілі статусу ўцекача, паведамляе радыё «Свабода».
Мацвей Бяляй. Крыніца: svaboda.org
Мацвей Бяляй паўгода правёў у ізалятары ў Вільні паводле абвінавачання ў нападзе на беларускую амбасаду ў Літве. Нядаўна ён выйшаў на волю да суда, аднак праз некалькі дзён даведаўся, што яго хочуць дэпартаваць з краіны.
,,
«Я пайшоў у паліцыю адзначацца і даведаўся, што 14 верасня, калі я яшчэ знаходзіўся ў ізалятары, мяне абвясцілі ў вышук, а 14 лістапада адбудзецца суд аб дэпартацыі», – паведаміў Бяляй.
Нагадаем: уначы 20 красавіка гэтага года на тэрыторыю пасольства Беларусі ў Вільні закінулі лампадку, напоўненую лёгкаўзгаральнай вадкасцю, паведамлялі ў паліцыі Вільні. У выніку гэтага ўзнік пажар, але згас сам, ніхто не пацярпеў. У звязку з гэтым паліцыя абвінавачвае 33-гадовага беларуса Мацвея Бяляя паводле ч. 2 арт. 187 Крымінальнага кодэксу Літвы («Пашкоджанне чужой маёмасці агульнанебяспечным спосабам»). Нібыта ён агульнанебяспечным спосабам пашкодзіў уласнасць беларускай амбасады, адзначаецца ў паведамленні суда. Суд у справе аб нападзе на беларускую амбасаду прызначаны на 24 кастрычніка.
Другое абвінавачанне звязанае са спробай уцячы з-пад арышту (ч. 1 арт. 22 і ч. 1 арт. 241 КК Літвы). У судовым паведамленні адзначаецца, што спробу ўцёкаў Мацвей Бяляй зрабіў у лякарні: ён папрасіўся ў прыбіральню, а выходзячы адтуль, ударыў локцем у жывот канваіра і спрабаваў уцячы. Яго затрымалі. Паводле першага абвінавачання беларусу пагражае арышт або пазбаўленне волі на 5 гадоў, а паводле другога – арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў.
Беларус жа разлічвае на апраўдальны вырак і сцвярджае, што на момант здарэння быў удома. Аднак ён прызнаў, што быў каля беларускай амбасады напярэдадні, 19 красавіка, хаця ніякіх злачынных дзеянняў не рабіў.
Размовы пра магчымую дэпартацыю беларуса былі яшчэ ў канцы 2022 года. Пра гэта і гісторыю Мацвея Бяляя распавядаў «Белсат». Тады працаўнікі Міграцыйнага дэпартаменту Літвы вінавацілі яго ў дыскрэдытацыі беларускай апазіцыі за ўдзел у акцыі каля беларускай амбасады ў Літве.
У Міграцыйным дэпартаменце Літвы, куды журналісты радыё «Свабода» звярнуліся па каментар з нагоды пазбаўлення Мацвея Бяляя прытулку і магчымай дэпартацыі, адмовіліся паведамляць падрабязнасці гэтай справы. Раней беларуса ўжо пазбавілі статусу ўцекача. Мацвей баіцца, што цяпер яго перамесцяць у лагер для ўцекачоў і потым дэпартуюць у Беларусь.
Беларус кажа, што да падзеяў 2020 года ён меў у Віцебску свой будаўнічы бізнес, а пасля працаваў каардынатарам у штабе кандыдата на прэзідэнта, старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Сяргея Чэрачня і сам быў сябрам партыі. У 2021 годзе Бяляй быў затрыманы і ўтрымліваўся ў СІЗА, але праглынуў алюмініевую лыжку, трапіў у шпіталь і збег. Потым лесам уцёк у Маскву, за два месяцы зарабіў грошай і зноў праз лес уцёк з Расеі ўжо ў Літву.