Міхаіл Гарбачоў хацеў уратаваць СССР, а атрымалася адваротнае. Сёння Савецкі Саюз адраджаецца праз вайну, і за Украінай абавязкова надыдзе чарга Беларусі. Ці можам мы гэтаму супрацьстаяць?
На нашых вачах адбываецца завяршэнне працэсу распаду СССР, які не скончыўся ў 1991 годзе. Як заўважае гісторык Владзімеж Марціняк, спроба ўратаваць Савецкі Саюз адбывалася ва ўмовах «масавай грамадскай наіўнасці, браку адукаванасці, архаічных наіўных уяўленняў пра палітыку ды эканоміку», што прадвызначыла пераход перабудовы ў стан разбурэння.
Першы і апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў намагаўся ўратаваць сістэму, якая адыходзіла ў гісторыю праз назапашаныя ўнутраныя праблемы. Але гэта быў няпросты працэс, у часе якога Міхаіл Гарбачоў паўставаў большым рэфарматарам, чымся беларускія лідары таго часу. Гэтак сцвярджае журналіст Віталій Портнікаў і параўноўвае сітуацыю з тым становішчам, у якіх была Украіна, і ў якасці прыкладу для беларусаў прыводзіць літоўцаў.
А што будзе з Расеяй?
,,«Не чакаю двухсот тысячаў на Цвярской, якія патрабуюць адстаўкі Пуціна і сканчэння гэтай бязглуздай каланіяльнай авантуры. Ці дзяржаўнага перавароту, калі ўсе прачнуцца – і не Пуцін, а ўмоўны Мішусцін пачне мішусцінскую вясну», – зазначае журналіст Канстанцін Эгерт.
,,«Напэўна, прыйдзецца адстойваць нашую незалежнасць са зброяй у руках», – мяркуе палітык Аляксандр Дабравольскі.
Што Беларусь выйграе ад распаду Расеі і ці выйграе ўвогуле? Што чакае нашых суседзяў – Украіну і Расею? У чым постаць Міхаіла Гарбачова павучальная сёння? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Intermarium».
Госці праграмы «Intermarium» з Настай Ільіной:
- Аляксандр Дабравольскі (Беларусь), палітык, палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай, былы дэпутат СССР ад Менску, дэпутат Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь ХІІІ склікання;
- Владзімеж Марціняк (Польшча), прафесар, палітолаг, расеязнаўца, дыпламат, выкладчык, былы амбасадар Польшчы ў Расеі;
- Канстанцін Эгерт (Расея), журналіст, публіцыст і аглядальнік «DW»;
- Віталій Портнікаў (Украіна), журналіст, публіцыст і аглядальнік радыё «Свабода», espreso.tv.
Праграму «Intermarium» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «БЕЛСАТ HISTORY» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.
Калаж з фота: Wikimedia Commons