Расеі пара мяняць герб: кувалда, адрэзаныя вушы і бомбы

Мне здаецца, герб Расеі пара мяняць. Прыйшоў час. Двухгаловы арол, які адсылае нас да старагліняных часоў, відавочна састарэў, ды і шчырае імкненне да ўсяго савецкага (сталінскага перыяду) патрабуе адэкватнага адлюстравання ў дзяржаўных сімвалах. Вось толькі серп і молат над зямным шарам таксама ж не коцяць, на дзяржаву «рабочых і сялянаў» цяперашняя Расея зусім не падобная.

Саідакрамі Мурадалі Рачабалізода, які абвінавачваецца ў тэракце ў комплексе «Крокус Сіці Хол», дастаўлены ў Басманны суд Масквы з перавязанай галавой. Напярэдадні ў сеціве з’явілася відэа, на якім сілавікі адразаюць затрыманаму вуха і прымушаюць яго есці. Расея, Масква, 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Yulia Morozova / Reuters

Думаю, гэтыя прылады працы трэба замяніць скрыжаванымі адрэзаным вухам (добра б, каб з яго яшчэ капала кроў) і кувалдай ад ПВК Вагнэра. І завяршыць гэты нацюрморт (што па-французску значыць «мёртвая прырода») павінна ядравая бомба ў піке – для паўнаты карціны.

Здаецца, я перагінаю? Ну, давайце пашукаем на мапе якую-небудзь іншую краіну, у якой імкненне да беззаконня, гвалту, забойства сабе падобных было ўзведзенае ў ранг ідэалогіі існавання грамадства, дазволенай і заахвочванай. Можа, вы ведаеце? Мне ў галаву прыходзяць нейкія выключна людаедскія афрыканскія рэжымы.

У якой краіне дзяржслужбовец можа зняць на відэа, як затрыманаму адразаюць вуха і прымушаюць яго з’есці? Зняць, выкласці ў сеціва – і гэты найдасканалейшы фашызм не зробіцца прадметам тэрміновага разбору? Дзе гэта магчыма?

У якой краіне свету нейкаму урку дазволяць стварыць уласную армію, дазволяць наймаць туды зэкаў, абяцаючы ім прэзідэнцкае памілаванне? І потым, калі гэтыя грамадзяне здзейсняць публічнае пакаранне смерцю палоннага з дапамогай кувалды, – не асудзяць, а найвышэйшыя дзяржаўныя чыны стануць выдаваць такія кувалды ў якасці элеганцкага прэзенту? Не, не мадэль зброі, з якой хтосьці ішоў у бой, здзейсніў подзвіг – зусім не! Мадэль прадмету, з дапамогай якога без усялякага суда забілі бяззбройнага і звязанага грамадзяніна сваёй жа дзяржавы. І сёння гэтыя кувалды можна купіць у адзін клік, у тым ліку ў  Беларусі. У якой яшчэ краіне гэта магчыма?

І ў якой краіне «зорка тэлебачання», адна з самых прыкметных прапагандыстак, публічна прапаноўвае атакаваць ядравымі бомбамі тэрыторыю сваёй жа краіны? Проста ўявіце: на амерыканскім тэлебачанні вылазіць нейкая пераапаленая на сонцы мадам і прапаноўвае абнуліць Аклагому – маўляў, народу там мала, а да Венесуэлы з Кубай хмара абавязкова даляціць! Праз колькі секундаў па яе прыехала б цудоўная карэта з адпаведнымі апазнавальнымі знакамі і адвезла б у ціхае месца для прымусовага лячэння. І з якім бы запалам сам тэлеканал вымушаны быў адхрышчвацца ад сваёй жа працаўніцы? І з якою хуткасцю разбягаліся б рэкламадаўцы з гэтага тэлеканалу?

Гэта пачалося даўно. З таго самага абяцання «мачыць у сарціры» тэрарыстаў, якому так пляскалі ў ладкі. Прайшло больш за 20 гадоў, «мачылава» распаўзлося, разлілося па краіне і сталася нормай, афіцыйна ўхваленай ідэалогіяй.

«Мочаць» усіх. Ад палітычных праціўнікаў і дысідэнтаў, якія з’ехалі, да грамадзянаў суседняй краіны. Ды і ўласнае насельніцтва не абыходзяць бокам, калі яно выпадкова трапілася пад руку.

Мяркуючы паводле разліковых вынікаў выбараў у Расеі (на афіцыйныя спадзявацца няма ніякай магчымасці), прыкладна дзве траціны расейцаў такое становішча рэчаў задавальняе. Вось толькі тэрарыстаў і пагрозаў чамусьці менш не становіцца. І публічна адрэзаныя вушы шанцы на паўтарэнне «Крокусу» толькі павялічваюць.

Гэта бяда. Здзяйсняючы ўгоду, аддаючы дзяржаве свае грамадзянскія правы ўзамен за ілюзію бяспекі і нізкага ўзроўню сацыяльнай падтрымкі, грамадзянін заўсёды аказваецца падманутым. Правы знікаюць, бяспекі больш не становіцца, падтрымка растае, бо грошы заўсёды патрэбныя на нешта іншае, тэрміновае.

Памятаеце, як электарат Пуціна (і Лукашэнкі) палохалі «ліхімі 90-мі»? І што цяпер? Чым бандыты з 1990-х адрозніваюцца ад такіх жа сённяшніх бандытаў, але ўжо ў пагонах? І вайна, якой не было ўжо 80 гадоў, зноў тут. Няхай ім не шкада «ўкраінскіх нацыстаў», але сваіх жа… Хлопчыкаў, мужчынаў, мужыкоў. Яны што – лішнія? Расходны матэрыял?

Расея хворая. Яд расцякаецца па яе вялізным целе, і мы яшчэ не ў фінале працэсу. Я вельмі спадзяюся, веру, што калі-небудзь, перажыўшы крызіс (магчыма, распад), яна ачуецца, жахнецца зробленаму, спытае сама сябе: «Што гэта было? Як гэта магло здарыцца з намі?» І зазнае пакаянне і ачышчэнне. Прыкметаў гэтага пакуль не відаць, але я спадзяюся.

А пакуль страшна за Радзіму, за беларусаў. Адзін няўдалы паварот гісторыі – і ўся гэтая дрэнь з ракетамі, кувалдамі і адрэзанымі вушамі хлыне да нас. І ніякай абароны няма, бо той, хто браўся абараняць, каму беларускія грамадзяне здалі свае правы за ілюзію стабільнасці, прадаў іх Крамлю за падаўжэнне асабістай улады на нейкую колькасць гадоў.

Беларусаў прадалі. Абараняць няма каму. Таму герб Расеі трэба мяняць – кувалды, адрэзаныя вушы і бомбы. Але гэта ўсё яшчэ не наш герб.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў