Сілавікі расказалі пра затрыманне мужчыны, які ўчыніў «дзеянні сексуальнага характару» супраць 9-гадовай дзяўчынкі, якая сама пусціла злачынцу да сябе ў кватэру.
Намеснік пракурора Фрунзенскага раёну Менску Андрэй Сярбун расказаў дзяржаўнаму выданню «Минск-Новости», што затрыманы – 23-гадовы жыхар Чэрвеньскага раёну, які працаваў у Менску. Ён заключаны пад варту, яго падазраюць у гвалтоўных дзеяннях сексуальнага характару, паводле ч. 3 арт. 167 Крымінальнага кодэксу РБ яму пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Паводле пракуратуры, удзень 22 сакавіка 9-гадовая дзяўчынка вярталася дамоў. За ёй у пад’езд шматпавярховага дому на вуліцы Калеснікава (між Каменнай Горкай і Масюкоўшчынай) зайшоў незнаёмец і папрасіўся ў прыбіральню. Дзяўчынка яго пусціла. У кватэры злачынца ўчыніў супраць яе гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.
ГУУС Менгарвыканкаму расказаў БелТА дадатковыя дэталі злачынства: мужчына заўважыў дзяўчынку ў аўтобусе, у кватэры пагражаў ёй нажом. З кватэры злачынец збег. У міліцыю звярнулася маці дзяўчынкі, якая расказала пра напад на дачку, калі самой маці не было ўдома.
Пазней падазраваны быў затрыманы байцамі падраздзялення «Алмаз» і аператыўнікамі «ў сферы нораваў» (імаверна, маецца на ўвазе ўпраўленне наркакантролю і супрацьдзеяння гандлю людзьмі). Падазраваны раней не прыцягваўся да крымінальнай адказнасці, цяпер правяраюць ягоную датычнасць да іншых злачынстваў супраць непаўналетніх.
Міліцыянты просяць бацькоў размаўляць з дзецьмі пра бяспеку і тлумачыць ім, што нельга размаўляць з незнаёмцамі, заходзіць разам з імі ў ліфты і пад’езды ці пускаць у жытло незалежна ад варункаў, нельга сядаць да незнаёмцаў у машыны ці прымаць ад іх падарункі.
У Беларусі нярэдка здараюцца злачынствы, звязаныя з педафіліяй. Але сілавікі змешваюць у адно педафілію, прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці і «змену полу», пад выглядам барацьбы з педафіліяй збіраюцца ўвесці адміністратыўную адказнасць за прапаганду «ненармальных адносінаў». А педафілы трапляюцца і ў шэрагах саміх сілавікоў.
Алесь Наваборскі belsat.eu