Прэзідэнты ЗША і Украіны падпісалі двухбаковае пагадненне аб бяспецы. Што ў ім


На саміце «Вялікай сямёркі» ў Італіі 13 чэрвеня прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісалі пагадненне аб бяспецы на 10 гадоў. Поўнага тэксту пагаднення не публікавалі, але пра яго расказалі прэс-службы кіраўнікоў ЗША і Украіны

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і прэзідэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн на саміце «Вялікай сямёркі». Борга-Энняц’я, Італія. 13 чэрвеня 2024 года.
Фота: President.gov.ua

Дамова не абяцае Украіне нейкіх канкрэтных паставак ці пазыкаў, але ў прэс-рэлізах бакі нагадваюць пра тое, што сёлета Кангрэс Злучаных Штатаў вылучыў 61 млрд долараў на дзеянні ў адказ на вайну ва Украіне. Акрамя таго, падчас саміту лідары «Вялікай сямёркі» пагадзіліся пазычыць Украіне прыблізна 50 млрд долараў да канца года – аплатай пазыкаў маюць зрабіцца замарожаныя расейскія актывы.

ЗША і Украіна называюць дамову ключавой часткай сувязі дзеля далучэння Украіны да Паўночнаатлантычнага альянсу – NATO. І ЗША заяўляюць, што не чакаюць самога моманту далучэння, каб узяць на сябе доўгатэрміновыя абавязкі ў бяспецы. Крыніцы «Reuters» кажуць, што дамова скіраваная на тое, каб будучыя адміністрацыі ЗША падтрымлівалі Украіну незалежна ад таго, хто пераможа на амерыканскіх прэзідэнцкіх выбарах.

«Сёння Злучаныя Штаты пасылаюць самы выразны сігнал: Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Украіны, які абараняе сваю свабоду і дэмакратыю. Украіна можа разлічваць на трываласць амерыканска-ўкраінскага партнёрства», – гаворыцца ў прэс-рэлізах абодвух бакоў.

У межах пагаднення ЗША абяцаюць працаваць з партнёрамі над узмацненнем здольнасці бараніцца цяпер і ў будучыні, бо бяспеку Украіны яны лічаць ключавой для бяспекі Еўропы і ЗША.

Пагадненне апісвае бачанне будучых Збройных сілаў Украіны як будучага ўдзельніка еўрапейскай бяспекі – то бок ЗСУ маюць дапамагаць Еўропе. ЗША абяцаюць падтрымліваць увесь спектр абаронных патрэбаў Украіны, пашыраць абмен выведнымі звесткамі, узмацняць аператыўную сувязь.

Таксама бакі пагадзіліся павялічваць здольнасці Украіны да барацьбы ў доўгатэрміновай перспектыве, умацоўваць вайскова-прамысловую базу Украіны, падтрымліваць яе эканамічнае аднаўленне і энергетычную бяспеку.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі з лідарамі Еўразвязу і «Вялікай сямёркі». Борга-Энняц’я, Італія. 13 чэрвеня 2024 года.
Фота: Ursula von der Leyen / X

ЗША і Украіна дамовіліся паскорыць еўраатлантычную інтэграцыю шляхам правядзення ва Украіне дэмакратычных і эканамічных рэформаў, рэформаў інстытутаў бяспекі згодна з мэтамі ўступлення Украіны ў Еўразвяз і NATO.

Бакі хочуць дасягнуць справядлівага міру: з павагай да правоў Украіны, яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці, згодна з міжнародным правам і ключавымі прынцыпамі Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, на падставе шырокага міжнароднага падтрымання, з прадугледжанай адказнасцю Расеі за яе дзеянні.

Злучаныя Штаты абяцаюць працягваць працу з шырокай кааліцыяй саюзнікаў і партнёраў, каб і надалей уводзіць санкцыі ў дачыненні Расейскай Федэрацыі, пакуль трывае яе агрэсія супраць Украіны.

Украіна ўжо мае 16 дамоваў аб бяспецы з іншымі краінамі, вядзе перамовы пра такія пагадненні з яшчэ 15. Дамова аб бяспецы між Украінай і Японіяй была падпісаная ў той жа дзень.

Hавiны
Поспехі расейцаў пад Харкавам або ІПСА? Што адбываецца ва Украіне?
2024.06.13 17:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў