Уладзімір Зяленскі: у Пуціна тыя ж мэсіджы, што і ў Гітлера


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю італьянскаму тэлеканалу Sky TG24 пракаментаваў заяву Уладзіміра Пуціна наконт умоваў пачатку мірных перамоваў.

Уладзімір Зяленскі, Владимир Зеленский
Прэс-канферэнцыя прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварвання. Кіеў, Украіна. 25 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў «мірную прапанову» Уладзіміра Пуціна ўльтыматумам, які нічым не адрозніваецца ад іншых ультыматумаў, якія былі раней.

«Гэта адраджэнне нацызму. Гэта новая хваля. Цяпер гэты нацызм расейскі», – зазначыў ён.

Зяленскі канстатаваў, што Пуцін хоча, каб Украіна адмовілася ад сваіх тэрыторыяў – як акупаваных, гэтак і неакупаваных. Нібыта на гэтым Расея спыніцца і не будзе замарожанага канфлікту. Аднак украінскі лідар не верыць Пуціну.

«Мэсіджы тыя самыя, што і ў Гітлера, які казаў: дайце мне частку Чэхаславаччыны і на гэтым усё скончыцца. Не, гэта хлусня», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны. «Нельга верыць гэтым паведамленням. Пуцін ідзе тым жа маршрутам. Сёння ён кажа аб чатырох рэгіёнах, раней быў Крым і Данбас…»

Зяленскі таксама нагадаў, што Пуціна разважае пра мір у той момант, калі працягваюцца ракетныя абстрэлы мірных украінскіх гарадоў.

«Вось такое новае аблічча нацызму. Я абсалютна ў гэтым упэўнены. Ёсць скептыкі ў свеце, якія кажуць, што «не, гэта не зусім нацызм, яшчэ такой хвалі не пачалося…» А для чаго нам чакаць, калі пачнецца гэтая хваля? Я лічу, што нацызм ужо прыйшоў і сёння ён мае аблічча Пуціна».

Нагадаем, Уладзімір Пуцін 14 чэрвеня заявіў, што для пачатку мірных перамоваў Украіна мусіць вывесці войскі з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў – не толькі з тых частак, якія кантралюе Расея, а і з тых, кантроль над якімі захоўвае Украіна. Таксама запатрабаваў «нейтральны, пазаблокавы, бяз’ядравы статус Украіны», яе «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю», скасавання ўсіх заходніх санкцыяў супраць Расеі.

Аналітыка
Эксперты: «Мірныя» прапановы Пуціна – гэта спроба перахапіць павестку перад самітам у Швейцарыі
2024.06.14 19:47

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў