У расейскім Шабекіна ў выніку абстрэлу абваліўся пад'езд жылога дому


У расейскім горадзе Шабекіна, што знаходзіцца недалёка ад мяжы з Украінай, у выніку абстрэлу абваліўся пад’езд пяціпавярховага жылога дому. Хто вінаваты ў здарэнні, дакладна невядома.

У расейскім Шабекіна ў выніку абстрэлу абваліўся пад’езд жылога дому.
Фота: mchs_official / Telegram

Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што ў выніку абстрэлу адбылося абвальванне падʼезда шматкватэрнага дома. Пяць асобаў атрымалі раненні.

Ратавальнікі цяпер працягваюць працаваць на месцы здарэння: пад заваламі могуць знаходзіцца людзі.

Паводле Telegram-каналу «Пепел», у выніку абвалу падʼезду, імаверна, ёсць загінулыя.

Белгародскі Telegram-канал «Фонарь» сцвярджае, што загінулі 9 чалавек. Улады гэтыя звесткі не каментавалі.

Позна вечарам 14 чэрвеня Міністэрства па надзвычайных сітуацыях РФ паведаміла, што пад заваламі знайшлі целы двух загінулых, мужчыны і жанчыны. А колькасць параненых вырасла да 7 асобаў.

Вядома, што Белгародская вобласць рэгулярна трапляе пад абстрэлы ЗСУ. Аднак дакладна невядома, што стала прычынай абвалу падʼезду жылога дому ў Шабекіна 14 чэрвеня.

Расейскі незалежны вайсковы эксперт Ян Матвееў у сваім Telegram-канале зазначае, што без відэа моманту выбуху складана нешта сцвярджаць. Ён нагадаў, што вядома пра дзясяткі выпадкаў, калі на Белгародскую вобласць падалі авіябомбы з расейскіх самалётаў, якія мусілі атакаваць Украіну.

Пра адзін з такіх выпадкаў шэраг расейскіх Telegram-каналаў паведамілі ў ноч на 14 чэрвеня.

Украінскі бок выбух у Шабекіна не каментаваў.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў