Пуцін назваў свае ўмовы для пачатку перамоваў наконт Украіны: аддаць яму чатыры вобласці


Уладзімір Пуцін 14 чэрвеня выступіў у Міністэрстве замежных справаў Расеі. Значную частку выступу ён прысвяціў вайне ва Украіне. Ён назваў свае ўмовы пачатку мірных перамоваў: аддаць тое, чаго ён не можа заваяваць.

Архіўнае фота. Уладзімір Пуцін падчас візіту ў Ташкент, Узбекістан. 28 траўня 2024 года.
Фота: Kremlin.ru

Для пачатку мірных перамоваў, паводле Уладзіміра Пуціна, Украіна мусіць вывесці войскі з Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай вобласцяў – не толькі з тых частак, якія кантралюе Расея, а і з тых, кантроль над якімі захоўвае Украіна.

Гэтыя вобласці Расея кантралюе толькі часткова: каля трох пятых Данецкай, Луганскай і Запарожскай, каля 95 % Луганскай вобласцяў. Увосень 2022 года Пуцін фармальна анексаваў гэтыя рэгіёны, прычым рабіў гэта падчас адступлення расейскіх войскаў з новай «тэрыторыі Расеі». Неўзабаве пасля фармальнай анексіі быў вызвалены Херсон.

Пуцін таксама запатрабаваў «нейтральны, пазаблокавы, бяз’ядравы статус Украіны», яе «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю», скасавання ўсіх заходніх санкцыяў супраць Расеі. Дадаў, што, на ягоную думку, пры адмове адказнасць за праліццё крыві будзе на Захадзе і Украіне:

«Як толькі Кіеў заявіць, што гатовы да гэтага, і пачне рэальнае вывядзенне войскаў, а таксама абвесціць пра адмову ад уступлення ў NATO, мы неадкладна загадаем спыніць агонь і пачнём перамовы».

Таксама ён паабяцаў Украіне бесперашкоднае і бяспечнае адвядзенне войскаў. Пра анексаваны Расеяй украінскі Крым ён не згадваў ва ўмовах міру, але пазней дадаў, што Украіна мусіць у мірнай дамове прызнаць «новыя тэрытарыяльныя рэаліі», «статус Крыму і Севастопалю». Зусім не згадаў, што Расея акупуе невялікія часткі Харкаўскай і Мікалаеўскай вобласцяў.

Hавiны
Прэзідэнты ЗША і Украіны падпісалі двухбаковае пагадненне аб бяспецы. Што ў ім
2024.06.14 07:49

Што яшчэ нагаварыў Пуцін, сцісла

  • У дамове мірнага ўрэгулявання Украіна мусіць забяспечыць «правы, свабоды і інтарэсы» расейскамоўных грамадзянаў Украіны.
  • Расея «асэнсоўвае сваю адказнасць за сусветную стабільнасць» і «гатовая весці размовы з усімі краінамі».
  • Без удзелу Расеі «выйсці на мірнае развязанне пытанняў Украіны і агулам еўрапейскай бяспецы немагчыма».
  • Што падпісвае прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, Пуціну ўсё роўна,  дамовы пра бяспеку ЗША і іншых краінаў з Украінай – «блеф», бо Зяленскі «нелегітымны», ягоную легітымнасць «не аднавіць ніякімі сродкамі».
  • Мірны саміт у Швейцарыі, на які Расею не запрасілі, – гэта «яшчэ адзін выкрут, каб адцягнуць усеагульную ўвагу».
  • Сапраўдныя гаспадары Украіны – «глабалісцкія эліты за акіянам».
  • «Расея не пачынала вайны. Гэта кіеўскі рэжым». І гэта Захад справакаваў напад Расеі на Украіну, а цяпер «робіць усё, каб доўжыўся гэты крызіс бясконца».
  • Шлях да міру Украіна адрынула на загад «заходніх куратараў», у ліку якіх былы прэм’ер-міністр Аб’яднанага Каралеўства.
  • Ва Украіне пры гэтым «ёсць легітымныя ўлады», з якімі можна сесці за стол перамоваў (хто ва Украіне легітымны, Пуцін не сказаў).
  • Расея восем гадоў не прызнавала «ДНР» і «ЛНР», бо «хацела дамовіцца з Кіевам».
  • Выходзіць са складу Украіны можна, выходзіць са складу Расеі нельга.
  • Сваё пасярэдніцтва ў перамовах яму прапаноўваў нейкі замежны палітык, які быў у Маскве 5 сакавіка 2022 года. У той дзень Расею наведваў прэм’ер-міністр Ізраілю.
  • Тады Расея была гатовая захаваць за Украінай Херсонскую і Запарожскую вобласці пры ўмове прадстаўлення сухапутнага калідору ў акупаваны Крым. Цяпер такога не дапускае, бо «жыхары Херсоншчыны і Запарожжа падчас рэферэндумаў выказалі сваю пазіцыю».
  • У 2022 годзе расейскія войскі не збіраліся штурмаваць Кіеў (з якога расейскія войскі ў выніку выгналі).
  • Украіна некалі нібыта была гатовая абмежаваць памер сваіх узброеных сілаў, забараніць нацысцкую ідэалогію, не размяшчаць у сябе замежныя вайсковыя базы і кантынгенты – «усё напісанае на паперы».
  • Разня ў Бучы – гэта «правакацыя, патрэбная Украіне, каб растлумачыць адмову ад дамоўленасцяў з Расеяй».
  • Заходнія лідары «кажуць пра дэкаланізацыю Расеі», хочуць «расчляніць» Расею паводле нацыянальнай прыкметы.
  • Дзеля еўрапейскай бяспекі трэба «актывізаваць дыялог» у «саюзнай дзяржаве» з Беларуссю, у АДКБ, ЕАЭС, СНД і ШАС.
Hавiны
Поспехі расейцаў пад Харкавам або ІПСА? Што адбываецца ва Украіне?
2024.06.13 17:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў