Паступовы рух расейцаў на ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 842-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 14 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі ваеннаслужачы 33-й асобнай механізаванай брыгады ЗСУ на вучэннях паблізу лініі фронту ў Данецкай вобласці, Украіна. 13 чэрвеня 2024 года.
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскага раёну працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Глыбокае. Ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што цяпер на гэтым участку фронту ў асноўным контратакуюць Збройныя сілы Украіны, імкнучыся адкінуць праціўніка на поўнач да дзяржаўнай мяжы. Ініцыятыву ўкраінцаў каля Глыбокага пацвярджае і іншая прарасейская крыніца – тэлеграм-канал «Два майора». Разам з тым пакуль лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

У Чугуеўскім раёне баявыя дзеянні лакалізуюцца ў цэнтральнай частцы гораду Ваўчанск і ў ягоных ваколіцах, дзе, паводле вышэйзгаданых крыніцаў, большай актыўнасцю адзначаюцца расейскія вайскоўцы. Аднак і тут істотных зменаў не назіраецца.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Петрапаўлаўка, Пішчанае, Неўскае і Грэкаўка. Пры гэтым адзначаецца, што праціўнік паступова нарошчвае колькасць атак.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе, па інфармацыі каналу «Два майора», Узброеныя сілы РФ прасоўваюцца ўздоўж чыгункі ў кірунку сяла Выемка.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што таксама расейцы прасунуліся каля Раздолаўка.

У гэты ж час прарасейскі тэлеграм-канал «НгП раZVедка» сцвярджае, што УС РФ ужо зайшлі на тэрыторыі гэтага населенага пункту. Адзначаецца, што перад гэтым пазіцыі ўкраінцаў былі знішчаныя масіраваным артылерыйскім абстрэлам.

На краматорскім кірунку войскі РФ наступаюць ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр і на ягоных флангах, імкнучыся выціснуць праціўніка за канал Сівэрскі Данец – Данбас, а таксама ўзяць пад кантроль ключавыя вышыні.

У адказ ЗСУ перакідаюць рэзервы, каб стабілізаваць лінію сутыкнення.

Праўкраінскія тэлеграм-каналы «Говорять Снайпере» і «Офіцер» пішуць, што ніжэй па фронце Збройныя сілы працягваюць утрымліваць ускрайкі сяла Іванаўскае, пра захоп якога раней заяўлялі ў Міністэрстве абароны РФ. Мяркуецца, што гэтыя пазіцыі важныя для абароны, каб у далейшым адсюль украінцы маглі распачаць свой контрнаступ.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на пакроўскім кірунку, дзе яны развіваюць наступ на захадзе ад гораду Аўдзееўка.

У Deepstate пацвярджаюць захоп расейцамі сяла Новапакроўскае.

Канал «Два майора» піша, што УС РФ прасоўваюцца ў лесапасадках з поўдня ад Новааляксандраўкі, адначасова з гэтым ідзе штурм заходняй часткі населенага пункту.

«НгП раZVедка» сцвярджае, што на самым поўдні кірунку войскі РФ зайшлі на тэрыторыю Карлаўкі.

На суседнім курахаўскім кірунку крыніца фіксуе прасоўванні расейцаў на паўночным усходзе гораду Краснагораўка, дзе імі былі занятыя будынкі мясцовай больніцы, тэхнікуму і каледжу.

Далей на поўдзень заяўляецца пра захоп сяла Георгіеўка.

Між тым праўкраінскія крыніцы сцвярджаюць, што сяло застаецца пад кантролем ЗСУ: напачатку праціўніку сапраўды ўдалося прасунуцца, але потым Сілы абароны контратакавалі і вярнулі свае пазіцыі. Пры гэтым адзначаецца, што ў ходзе баёў расейцы страцілі не менш за 14 адзінак тэхнікі.

Таксама на поўдні УС РФ ціснуць каля сяла Канстанцінаўка, але пакуль не маюць істотных поспехаў.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На паўднёвым участку фронту ў Данецкай вобласці баі лакалізуюцца на так званым урэмаўскім выступе ў ваколіцах сёлаў Старамаёрскае і Ураджайнае – пакуль без істотных зменаў.

У Запарожскай вобласці расейцы атакуюць на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка.

У Херсонскай вобласці фіксуюцца баявыя дзеянні на левым беразе Дняпра, а таксама ў астраўной зоне ракі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў