NATO ухваліла план пашырэння падтрымкі Украіны, але фінансаванне не ўзгадніла


Падчас сустрэчы ў Бруселі міністры абароны краін NATO адобрылі «аператыўны план пашырэння падтрымкі Украіны», аднак не змаглі ўзгадніць план фінансавання Украіны, які прадугледжвае выдзяленне штогадовай дапамогі ў памеры 40 млрд еўра. Пра гэта паведамляе «Європейська правда».

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг на прэс-канферэнцыі. Брусэль, Бельгія. 13 лютага 2022 года.
Фота: nato.int

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Бруселі, што міністры абароны краін NATO ухвалілі «аператыўны план пашырэння падтрымкі Украіны», які прадугледжвае, што Альянс возьме на сябе міжнародную каардынацыю паставак зброі і трэнаванняў вайскоўцаў ЗСУ. Гэта дазволіць лідарам Альянсу паставіць падтрымку Украіны «на больш моцную аснову на гады наперад».

Штаб па каардынацыі дапамогі Украіне размесцяць у Вісбадэну (Нямеччына), дзе знаходзіцца вайсковая база ЗША. Акрамя таго, будзе створаны лагістычны вузел ва ўсходняй часткі Альянсу. Да каардынацыйнай працы прыцягнуць каля 700 вайскоўцаў з краін-сябраў NATO і партнёраў.

NATO будзе кантраляваць падрыхтоўку ўкраінскіх вайскоўцаў на трэнавальных базах краінаў Альянсу шляхам планавання і каардынацыі дапамогі. Будзе кіраваць транспартаваннем і рамонтам тэхнікі, і аказваць падтрымку для доўгатэрміновага развіцця ЗСУ.

«Гэтыя намаганні не робяць NATO бокам у канфлікце, але яны ўзмоцняць нашу падтрымку для Украіны для адстойвання яе права на самаабарону», – падкрэсліў Стольтэнбэрг.

Раней ухваленне «аператыўнага плану» блакавала Вугоршчына. Аднак перад сустрэчай у Бруселі вугорскі прэм’ер Віктар Орбан пагадзіўся зняць вета ў абмен на абяцанне, што Вугоршчына не будзе ўдзельнічаць у навучанні ўкраінцаў і фінансаваць пастаўкі зброі.

Разам з тым, Енс Стольтэнбэрг паведаміў, што міністры абароны краінаў Альянсу пакуль не ўзгаднілі план фінансавання Украіны, які прадугледжвае выдзяленне штогадовай дапамогі ў памеры 40 млрд еўра.

«Мы да гэтага часу не дасягнулі згоды з гэтай нагоды. Але я працую і многія саюзнікі вельмі падтрымліваюць ідэю, што нам патрэбны не толькі кароткатэрміновыя абавязкі. Вядома, што яны вітаюцца. Але калі б мы маглі атрымаць больш доўгатэрміновыя прадказальныя абавязкі – гэта дало б украінцам лепшыя пачатковыя перадумовы планавання, больш прадказальнасці і празрыстасці і забяспечыла б мінімальнае справядлівае размеркаванне цяжару ўнутры Альянсу», – цытуе генеральнага сакратара NATO агенцтва УНІАН.

Паводле яго, саюзнікі працягнуць узгадняць пазіцыю па гэтым пытанні да саміту ў Вашынгтоне.

Аналітыка
Крок да эскалацыі ці да карэннага пералому? Што азначае дазвол на ўдары па аб’ектах у РФ
2024.06.03 19:23

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў