Беларусы працягваюць назапашваць «хуткія грошы». Гатоўкі ў абарачэнні ўжо 10,3 млрд рублёў


Гатоўкі ў абарачэнні і пераводных дэпазітаў (грошай на картках) паболела з пачатку года на 4%, сведчыць апублікаваная Нацбанкам статыстыка. Эканамісты папярэджваюць, што гэтыя «хуткія грошы», якія можна вокамгненна прынесці ў крамы і абменнікі, могуць падліць алею ў агонь падчас крызісу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Сцяпан Цюшкевіч / 1prof.by

Гатоўкі ў Беларусі более чатыры месяцы запар, цяпер у абарачэнні 10,3 млрд рублёў. Рост з пачатку года – 9%. Яшчэ 6,7 млрд рублёў фізічныя асобы трымаюць на пераводных дэпазітах (гэта бягучыя рахункі, грошы на картках). На валютных пераводных дэпазітах – 1,7 млрд долараў.

Гэтыя «хуткія грошы» могуць несці небяспеку падчас якога-кольвек крызісу, бо з імі можна бегчы ў крамы, купляць што-небудзь у інтэрнэце, з рублямі штурмаваць абменнікі. Словам, падліваць алею ў агонь інфляцыйна-дэвальвацыйнай спіралі. Беларусы не аднойчы так паводзіліся, калі рубель рэзка таннеў.

Сітуацыя з тэрміновымі банкаўскімі ўкладамі не змяняецца ўжо шмат месяцаў: рублёвыя – растуць, валютныя – падаюць. На дэпазітах, паводле дадзеных на 1 чэрвеня, беларусы захоўваюць амаль 9 млрд рублёў (рост – 12% з пачатку года), на валютных дэпазітах – меней за 2,8 млрд долараў (на 7% меней, чымся было 1 студзеня).

Тэндэнцыя тлумачыцца, як і раней, тым, што беларусам бракуе варыянтаў ашчаджэння ды інвестыцыяў, і дэпазіт – адзін з самых зразумелых і даступных. Да таго ж адсоткавыя стаўкі цяпер прывабныя, чаго не скажаш пра валютныя ўклады – з гэтай прычыны яны і скарачаюцца.

Шырокая грашовая маса, што ўлічвае і гатоўку ў абарачэнні, і грошы грамадзянаў ды прадпрыемстваў на рахунках, і дэпазіты, і каштоўныя паперы, расце чацвёрты месяц запар (плюс 3% з пачатку года) і цяпер складае 78,3 млрд рублёў. Шпаркае павелічэнне гэтага паказніка з месяца ў месяц будзе сведчыць, што ўлады пачалі друкаваць пустыя грошы, пакуль жа, як вынікае з дадзеных Нацбанку, гэтым не грашаць.

Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў кароткім каментары «Белсату» адзначыла, што аніякіх істотных зменаў у свежай статыстыцы грашовай масы няма, адзінае, што аб’ём гатоўкі расце не так хутка, як летась.

«Усё, як і было: тэрміновыя дэпазіты насельніцтва ў рублях павялічваюцца, валютныя – зніжаюцца. Гатоўка запавольвае рост у параўнанні з леташнімі тэмпамі. Шырокая грашовая маса год да года таксама расце не так хутка, а павялічваецца яна з увагі на тыя ж тэрміновыя дэпазіты: людзі больш ашчаджаюць», – сказала экспертка.

Агляд
Даследаванне BEROC: беларусы пачалі меней эканоміць на харчах і забаўках
2024.06.05 08:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў